«Газпром» прапанаваў Украіне плаціць за газ 450 даляраў. Гэта пры тым, што сярэдняя цана для Заходняй Еўропы чакаецца ў памеры 280 даляраў.

«Будзем спадзявацца, што прапанова пра пастаўку газу ва Украіну ў студзені па цане $450 за тыс. куб. м, якая вызначаецца як цана на газ у краінах Усходняй Еўропы, сумежных з Украінай, мінус транзітныя выдаткі праз тэрыторыю Украіны, у найбліжэйшы час верне НАК «Нафтагаз Украіны» за стол перамоваў», – заявіў старшыня праўлення «Газпрому» Аляксей Мілер.

Заўтра манаполія мае павялічыць транзіт газу праз Украіну да 308 млн куб. м/суткі. Расійскі бок тлумачыць гэта тым, што шэраг еўрапейскіх спажыўцоў недаатрымаў у паліва ў належным аб’ёме у выніку адбору газу Украінай. «Газпром» прыгразіў «Нафтагазу Украіны» пазовам у міжнародны арбітражны суд Стакгольму.

Нагадаем, што кантракт на пастаўку газу ва Украіну на 2009 год дагэтуль не падпісаны. Раніцай 2009 году «Газпром» спыніў пастаўкі газу ва Украіну. У часе перамоваў Кіеў пагаджаўся купляць газ па $201 за тысячу кубаметраў. Масква ж спачатку прапанавала $250, потым падняла запыт да 418. Летась цана газу для Ўкраіны складала $179,5.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?