Гэта можа працягнуцца тыдні ці месяцы, кажуць яны, але можа спрацаваць. Але, калі гэта нават і так, усё адно застаюцца пытаньні: коштам колькіх людзякіх жыцьцяў?

У нядзелю ізраільская бронетэхніка і войскі ўвайшлі ў Газу ў рамках чарговага этапу ўпартай спробы Ізраіля спыніць ракетны абстрэл, але над усёй гэтай апэрацыяй лунае наступнае пытаньне: ці сапраўды магчыма спыніць ракеты на хоць нейкі пэрыяд часу, пакуль «Хамас» застаецца пры ўладзе ў сэктары Газа?

І калі адказ на гэтае пытаньне будзе адмоўным, дык тады трэба меркаваць, што сапраўднай мэтай апэрацыі зьяўляецца поўнае ўстараненьне любым коштам «Хамасу»?

Пасьля свайго чацьвярговага візыту ў Парыж, каб патлумачыць францускаму кіраўніцтву, чаму яна мяркуе, што зараз ня час для тэрміновага спыненьня агню, міністарка замежных спраў Ізраіля Цыпі Ліўні зазначыла: «Няма сумневаў, што пакуль «Хамас» кантралюе Газу, гэта ўяўляе сабой праблему для Ізраіля, праблему для палестынцаў і праблему для ўсяго рэгіёну».

Заступнік прэм'ер-міністра Ізраіля Хаім Рамон у сваім інтэрвію ізраільскаму ТБ у пятніцу вечарам пайшоў нават яшчэ далей, абвесьціўшы, што Ізраіль не павінен спыняць апэрацыі, пакуль «Хамас» кіруе Газай.

«На маю думку, мы павінны дасягнуць сытуацыі, у рамках якой мы не дазволім «Хамасу» кіраваць», — заявіў Рамон на Першым канале. «Гэта – самае важнае»

Ані прэм'ер-міністар Эгуд Олмэрт, ані міністар абароны Эгуд Барак падобных заяваў не рабілі. Тым ня менш, сярод ізраільскага кіраўніцтва існуе ўсё больш пашыранае супольнае меркаваньне, што любое адступленьне перад «Хамасам» створыць праблему для шырокамаштабных мэтаў Ізраіля ў доўгатэрміновай пэрспэктыве, бо можа ўмацаваць гэтую арганізацыю і надаць ёй легітымнасьць.

«Калі вайна, як і чакаецца, скончыцца адступленьнем, а Ізраіль устрымаецца ад паўторнай акупацыі Газы, дык «Хамас» даможацца дыпляматычнага прызнаньня», — напісаў у пятнічным нумары газэты «Гаарэц» палітычны аналітык Алуф Бэн. «Няважна, як вы гэта назавеце», дадае ён, «Хамас атрымае легітымнасьць».

Да таго ж, любое патэнцыйнае мірнае пагадненьне, мабыць, будзе ўключаць у сябе павелічэньне камэрцыйных зносінаў Газы з Ізраілем і Эгіптам, якое зьяўляецца адным з асноўных патрабаваньняў «Хамасу»: пакончыць з эканамічным байкотам і закрыцьцём межаў, зь якім сутыкнулася Газа. Разьвіваць эканоміку Газы пад уладай «Хамасу», цьвердзяць ізральскія кіраўнікі, азначала б разьвіваць «Хамас». У той самы час спыненьне камэрцыйных зносінаў азначае, што 1,5 мільёны газаўцаў застануцца ў адчайным становішчы.

У аргумэнтах Бэна прыхаванае меркаваньне, што адзіным шляхам не дапусьціць атрыманьня «Хамасам» легальнасьці, будзе паўторная поўная акупацыя Ізраілем Газы цяпер, больш чым праз тры гады пасьля вываду адтуль ізраільскіх войскаў і выдаленьня незаконных габрэйскіх пасяленцаў. Гэта пэрспэктыва, за якую практычна ніхто ў Ізраілі ці за мяжой не выступае.

Больш за тое, хаця рыторыка пра ўстараненьне «Хамасу» ад улады можа і здавацца рашучай, але відаць ніводзін чалавек, абазнаны у газаўскай і палестынскай палітыцы, не палічыць гэта рэалістычным. Дэпутаты ад «Хамасу» выйгралі дэмакратычную большасьць на выбарох чатыры гады таму, а ў распараджэньні арганізацыі знаходзіцца ад 15 000 да 20 000 баяздольных чальцоў. Яна ўмацавала сваю ўлада за апошнія 18 месяцаў, што мінулі пасьля выцясьненьня з Газы сваіх супернікаў, ляяльных да больш празаходняй і ўмеркаванай партыі «Фатах» прэзыдэнта Махмуда Абаса, які засядае ў Рамале, на Заходнім беразе.

І хаця ёсьць нямала газаўцаў, якія схільныя аддаваць перавагу «Фатаху», яны наўрад ці дастаткова арганізаваныя ці моцныя, каб стаць новымі кіраўнікамі Газы, нават пры дапамозе былых калегаў, што знаходзяцца ў выгнаньні ў Рамале і, дарэчы, заяўляюць, што яны ні ў якім разе ня згодныя вярнуцца ў Газу на ізраільскіх танкох. Фактычна, чым больш Ізраіль дзяўбе Газу, тым слабейшым стане, верагодна, «Фатах», бо яго палестынцы будуць разглядаць як калябаранта.

Больш вераемным вынікам разбурэньня інфраструктуры «Хамасу», у такім разе, будзе хаос, здань якога палохае ня толькі жыхароў Газы, але і ўсіх, хто спадзяецца на мір у Паўднёвым Ізраілі.

Аднак дагэтуль у сваёй кампаніі, якая забрала жыцьці дзясяткаў дзяцей і іншых мінакоў, Ізраіль не шкадаваў атрыбуты сувэрэнітэту «Хамаса» і не абмежаваўся ваеннымі цэлямі. Ізраільцы кажуць, што разбураныя імі мячэты былі складамі зброі, а ў шматкроць абстрэльваным Ісламскім унівэрсытэце былі майстэрні па вырабе выбухоўкі. Але ізраільскія войскі зруйнавалі таксама многія ўрадавыя будынкі, нават і не спрабуючы заявіць аб іх ваенным прызначэньні .

«Урадавыя будынкі зьяўляюцца месцам, у якім фінансавыя, лягістычныя і чалавечыя рэсурсы служаць падтрымцы тэрору», - заявіў прэсавы сакратар ізраільскага войска Бэнджамін Ратлэнд. «Значная частка ўрадавых структураў уцягнутая ў актыўную падтрымку і плянаваньне тэрору».

Зважаючы на ўсё гэта, можна меркаваць, што нават калі Ізраіль намераны ўстрымацца ад поўнага зрынаньня «Хамасу», яго выбар тактыкі ў сваіх атаках можа так ці інакш да гэтага прывесьці. І ізраільцы ўжо, магчыма, сутыкаюцца з дылемай у сваіх дзеяньнях: урэшце, калі дастаткова шмат інфраструктуры «Хамасу» будзе разбурана, задача кіраваньня Газай – густанаселеным раёнам з мноствам уцекачоў, чыя слабая эканоміка зруйнаваная ўведзеным з боку Ізраіля байкотам, будзе неверагодна цяжкой да вырашэньня.

Усё гэта адбываецца таксама на тле шырокай міжнароднай крытыкі вайны ў Газе, спрычыненай ня толькі невымоўнымі пакутамі, відочнымі з тэлеэкранаў, але і меркаваньнем, што Ізраіль ужо выкарыстоўваў такую тактыку ў мінулым і ніколі не дасягаў посьпеху.

У прыватнасьці, многія згадваюць пра вайну 2006 году зь лібанскім «Хэзбалагам», калі Ізраіль таксама спрабаваў зьнішчыць ракетныя ўстаноўкі і інфраструктуру варожай яму арганізацыі, але ўсё скончылася забойствам мноства цывільных жыхароў, а «Хэзбалаг» стаў яшчэ больш папулярным і, магчыма, урэшце нават мацнейшым, чым перад той вайной.

Аднак вайсковыя пляніроўшчыкі адказваюць на гэта, што паралель недакладная, і яны таксама вучацца на мінулым досьведзе. Маўляў, Газа меншая і больш роўная па рэльефе, чым Паўднёвы Лібан, дый, што самае істотнае, у яе няма напаўадчыненай мяжы з краінай накшталт Сырыі, адкуль было б магчыма папаўняць запасы зброі. Разбурэньне ж кантрабандысцкіх тунэляў паміж Газай і эгіпецкай Сынайскай паўвыспай і сыстэматычнае зьнішчэньне схованак зброі ды пускавых пляцовак, разам з дапаможнай інфраструктурай, у канчатковым выніку прывядзе да посьпеху, цьвердзяць яны.

Гэта можа працягнуцца тыдні ці месяцы, кажуць яны, але можа спрацаваць. Але, калі гэта нават і так, усё адно застаюцца пытаньні: коштам колькіх людзякіх жыцьцяў? І хто будзе кіраваць, калі ўсё гэта скончыцца?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?