Тром малым германятам, ва ўзросце 5, 6 і 7 гадоў, відаць, абрыдла непагадзь і халадэча, што пануюць цяпер на іх Бацькаўшчыне, ды яны надумалі вырушыць у вандроўку па цёплай Афрыцы.
Хлопчык Міка і ягоная малалетнія сяброўка Аннабель мелі намеры ажаніцца ў Афрыцы і нават парупіліся пра сведку, захапіўшы з сабою 5‑гадовую Анабеліну сястрычку.
Час уцёкаў быў абраны ўдала — 1 студзеня, раніцою, калі іх бацькі салодка спалі пасля навагодніх святкаванняў,троіца паспяхова ўцякла з дому. На трамваі малыя ўцекачы даехалі да чыгуначнага вакзалу і ўжо збіраліся былі сесці на аўтобус, што меўся адымчаць іх у аэрапорт, але на гэтым этапе дзетак спыніў паліцэйскі нарад. У пастарунку яны прызналіся, што хацелі ўцячы ў Афрыку, бо «там прыемна і цёпла».
«Дзеткі сапраўды пнуліся здзейсніць уцёкі ў Афрыку, — сказаў прэсавы сакратар паліцыі Гановеру. — Яны распрацавалі ўсё як мае быць.
Калі мы іх затрымалі, дык яны мелі тры чамаданы, напоўненыя ежай, плаўкамі і нават сонечнымі акулярамі».Пры вобыску паліцыянты высветлілі, што для далёкага падарожжа дзеткі хіба забыліся падбаць пра грошы.
Уцекачоў‑няўдакаў вярнулі стурбаваным бацькам.
малыя ўцекачы (фота‑AFP)
0
0
0
0
0
0