Мікалай Пінігін даў згоду стаць галоўным рэжысёрам Нацыянальнага тэатра iмя Янкi Купалы.

Пра гэта паведамiў загадчык лiтаратурнай часткi тэатра Вадзiм Дапкюнас. Валерый Раеўскi застанецца працаваць у тэатры рэжысёрам‑пастаноўшчыкам, яго заяву 5 студзеня падпiсаў дырэктар Мiкалай Кiрычэнка.

Аднак пытанне, хто будзе працаваць дырэктарам Купалаўскага тэатра разам з новым галоўным рэжысёрам, таксама будзе вырашана ў найблiжэйшыя днi:
Мiкалай Кiрэчынка, якi «аддуваўся» за эмацыянальны выхад акцёрскiх пачуццяў з тэатральнага асяродку ў шырокiя колы зацiкаўленых гледачоў, сваё рашэнне сысцi агучыў яшчэ восенню.

Так атрымалася, што вырашэнне пытання наконт далейшага кiраўнiцтва Купалаўскага тэатра прыпала на апошнiя днi мiнулага года. Кандыдатура Мiкалая Пiнiгiна ў розных абмеркаваннях называлася найчасцей: ён выдатна ведае беларускi тэатр, у якiм паставiў шмат спектакляў, заставаўся звязаны з iм, нягледзячы на тое, што пераехаў працаваць у Санкт‑Пецярбург.

Аднак гучалi сумненнi: цi пагодзiцца вярнуцца ў наш тэатр рэжысёр славутага ВДТ, якi ўжо ўладкаваў сваё жыццё ў паўночнай сталiцы Расii? Мiнiстр культуры Беларусi Уладзiмiр Мацвяйчук, якi прыходзiў у тэатр напрыканцы года, пацвердзiў, што дамова з Пiнiгiным была дасягнутая.

Мiкалай Пiнiгiн — вучань менавiта беларускай тэатральнай школы, яго кар’ера ў тэатры пачыналася з працы ў тэатры iмя Горкага, але з 1985 года ён быў рэжысёрам тэатра iмя Янкi Купалы. Пiнiгiн па‑свойму адчувае беларускую драматургiю i iмкнецца знайсцi ў ёй думкi, якiя застаюцца важнымi для сучасных грамадзян Беларусi. Напрыклад, у мiнулым годзе грамада актыўна абмяркоўвала яго пастаноўку «Пiнскай шляхты».

Чакаецца, што сам рэжысёр з’явiцца ў тэатры ўжо напрыканцы гэтага тыдня i будзе афiцыйна адрэкамендаваны трупе.

Ларыса Цімошык, Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0