© Радыё Свабода

Толькі хацеў запасціць у свой блог пра калядны выступ Лукашэнкі ў храме, як патэлефанаваў з радыё «Свабода» Віталь Цыганкоў ды зрабіў бліц для эфіру.

Для тых, каму неахвота клікаць на гіперлінк :), перакажу ўражанні ў трох сказах.

1 Вонкавы выгляд і голас афіцыйнага кіраўніка наглядна ілюструюць, што крызіс не цётка. Ні пафасу, ні металу ў голасе.

2. Разам з тым —

класічны «смажаны лёд» ягонага стылю — інерцыйная фраза, што ніякага крызісу ў краіне няма. Тут тэлеаб’ектыў паказальна праехаўся панарамай па тварах розных начальнікаў, што дружна прыйшлі на набажэнства. Гэта ім мэсідж: спуску не будзе!

3. Чалавек з іміджам усёмагутнага кіраўніка (не тое слова: фактычна дэміурга!) ды яшчэ з рэпутацыяй «праваслаўнага атэіста» ціхмяна апелюе да найвышэйшых сілаў:

«Я думаю, што Госпад не абыдзе і гэтым разам клопатам нашу краіну, нашу дзяржаву, нашых людзей. Ва ўсякім разе, апошнія гады найноўшай гісторыі ён заўсёды нас падтрымліваў...».

Вось такое стоенае маленне. А колісь жа адзін вертыкальнік сказаў: вы трохі вышэйшы за Бога, і пярэчанняў нібыта не было… Крызіс унёс яснасць :)

Увогуле ж абяцанне надалей казаць праўду («Мы не будзем вам хлусіць, і я найперш») прадракае новыя непапулярныя рашэнні (а куды дзявацца?). Звыш таго, гэта замаскаванае пасыпанне галавы попелам.

Дэвальвацыя, праведзеная ў стылі «оба-на!», стала каласальным іміджавым правалам кіроўнай вярхоўкі.

Рашэнне абрынуць сваю валюту адразу на 20%, магчыма, прымалася ў самы апошні момант. Паказальна, што не паспелі нават праінструктаваць падуладныя медыі, і першыя дні новага года яны былі проста ў ступары. Ды і потым выступы дробных сошак з запэўніваннямі, што ніякіх падстаў для росту цэнаў няма, выглядалі, мякка кажучы, вартымі жалю.

Тым часам насельніцтва размяло лядоўні ды тэлевізары, а прыватныя крамы памянялі цэтлікі па схеме +20%. Паказальна, што ў транспарце і крамах заступацца за прэзідэнта не адважваецца ніхто нават з цвёрдага электарату. Народ вызначыў дэвальвацыю па-народнаму: «кідалава».

Іншая рэч, што

імпульс масам гэта надало не рэвалюцыйны, а хапальна-самаратавальны. Вясной варта чакаць масавага акопвання на сотках, вяртання ў парадыгму расліннага выжывання 90-х.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?