Жар-жар, West Records, 2008. Піша Сяргей Будкін.

Такой «Тройцы» даўно хацелася, каб з гітарным драйвам ды з электронікаю, але і з захаваннем фірмовай камернасці. Былі засцярогі, што «Жар-жар» паўторыць «Дарожку» — геніяльны эксперымент «Палацу», але ён проста стаў з ім упоравень. Іван Кірчук з музыкамі не ставіў за мэту збіць з ног слухача, інакш дыск яўна пачынаўся б з «Ведзьмы» ці «Казы». На пачатку «Жар-жару» наадварот гучыць тройка лагодных павольных фолк-балад, і толькі на песеньцы «На Граной нядзелі» нечакана выбухае электрагітара. Сакавітым цяжкім гукам поўніцца другая частка альбому, за выняткам хіба загалоўнага трэку — фолк-кіслотнай казкі, якую склалі самі музыкі (пэўна, першы аўтарскі твор у гісторыі «Тройцы»). Апошні цвік — «Трыпціх» — лішні раз засведчыў пра любоў этна-трыо да вялікіх формаў. Калі «Тройца» надалей заглыбіцца ў манументальна-канцэптуальную плынь — будзе нам усім фолк-рок-опера. Але ж падаецца, што ў кірунку «Жар-жару» гурт наўрад ці пойдзе. Усё гэта не больш чым эксперымент, як з нявыдадзенымі «Рунамі». Ад Кірчука можна чакаць чаго хочаце. Так што калі Іван Іванавіч раптам зачытае рэп ці заспявае пад саксафон і фартэпіяна — не дзівіцеся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0