Рэпартаж з каляднага канцэрту Змітра Вайцюшкевіча.

(фота-Алесь Бондар)

(фота-Алесь Бондар)

(фота-Алесь Бондар)

(фота-Алесь Бондар)

І не пытайце мяне, хто такі Зюзя. Я яшчэ не ачуняў ад балючага факту, што Дзеда Мароза няма, а ёсць Святы Мікалай. І вось гэты Зюзя, значыцца, ўцелавіўся ўчора ў Мінску. Як заваконны снег на галаву. Хаця будуць такія, якія сцвердзяць, што на канцэрце ў «Казе» (яе малой залі) з белым грымам вакол вачэй і пафарбаваным чырвоным носам быў ніхто іншы, як Зміцер Вайцюшкевіч, які ўдала выдаваў сябе за зімняе боства. Што гэта менавіта ён цынічна скарыстаўся тым, што ніхто дакладна ня ведае, як выглядаюць тыповыя беларускія боствы.

Прапяяўшы супольна з залай, Зміцеразюзя прыпусціў далей. Падзяляў і ўладарыў. Спачатку заложна спяваў з бацькамі. І прачула — з дзеткамі. Паддобрываў апошніх чарадой песняў пра анёлкаў (новы цыкл на вершы Арцёма Кавалеўскага), і дзеткі, бы анёлкі з саміх песняў, вадзілі карагод перад сцэнай.

Закалыхваў, залюльваў жаночую палавіну. І ў мужчынскім частцы запанавала выразная ціша, калі жаночыя галасы суладна зацягнулі словы Вайцюшкевічава (Зюзевага?) шлягера: «Прыйдзі, мой каханы!». Мужчыны стурбавана абдумвалі, на каго ў час Калядаў варажылі іх палоўкі, падазраючы, што не на іх саміх.

Было цёпла і ўсё — дарэчы. Мы, сучасныя, дакладна ня ведаем, але, пэўна, так і павінна быць, калі за вакном вялікі-вялікі мінус, людзям хочацца пагрэцца, а ў хату неспадзёўкі прашыўся Зюзя.

Як можна сваё не любіць? Сваё жывое зімовае боства, якое хоча табе спадабацца і паслухмяна ператвараецца на тваё ўзважанне ў жаночае, мужчынскае ці дзіцячае. Калі яно поруч, паблізу, а не прывалаклося сюды з Лапландскай імперыі, каб паадкрываўшы рот «пад фанеру», банальна зрубіць бабла. Учора звячора людзі сталі прывыкаць да свайго. І не пытайце мяне, хто такі Зюзя.

Павал Касцюкевіч

P.S. Прапанова: у сувязі з зацяжнымі святамі перайменаваць грамадскую ініцыятыву «Будзьма!» у «Ну, будзьма!»

На відэа - прэм'ера песні пра анёла:

Дзіцячы хор:

Музычнае папуры:

Зміцер Вайцюшкевіч пра газавы крызіс і пра беларускасць:

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0