Якія сяброўскія вандроўкі па гістарычных мясьцінах Беларусі заплянаваныя на гэтае лета? Плянамі дзеліцца Зьміцер Касьпяровіч, аўтар ідэі сяброўскіх вандровак, што за кароткі тэрмін стала супэрпапулярнай.
«11 чэрвеня летні сэзон распачнецца вандроўкай па Берасьцейшчыне: Косава – Ружаны – Ласкава – Пружаны – Шарашова – Лінова – Бяроза.
Напрыканцы чэрвеня – 25-га – плянуецца падарожжа па Браслаўшчыне з наведваньнем Бальмонтаў, Слабодкі, Друі і Браслава, а таксама азёраў – Дрысьвяты, Мяжаны, Опса, Відзы.
Лета – традыцыйная пара фэстываляў сярэднявечнай культуры, таму варта разьлічваць на падарожжа ў Наваградак, дзе з 1 па 3 ліпеня адбудзецца ІV Фэстываль сярэднявечнай культуры «Наваградзкі замак – 2006».
З замежных вандровак я раіў бы паездкі ў Польшчу: 14–17 ліпеня на сьвяткаваньне ўгодкаў бітвы пад Грунвальдам і само-сабою «Басовішча» 21–22 ліпеня».
Запісаў СП