Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што сітуацыя на валютным рынку краіны стабілізуецца.
Такую думку ён выказаў сёння ў час разгляду кадравых пытанняў, паведамілі БЕЛТА у прэс‑службе кіраўніка дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў людзей супакоіцца:

«Усе задаюцца пытаннем: а як далей будзе? Далей будзе нармальна. Бегчы ў абменнікі не трэба. Скажу шчыра: дэвальвацыя нацыянальнай валюты на 20 працэнтаў адбылася па дзвюх прычынах.

Па‑першае, Расія — наш буйны гандлёвы партнёр, і нашы экспарцёры пры моцным беларускім рублі пачалі несці вялікія страты пры гандлі на яе рынках. Таму нам давялося пайсці на гэты крок. І лепш было правесці дэвальвацыю за адзін раз.

Кошт долара ў сярэднім узрос на 400 рублёў. Гэта параўнальна няшмат, але мы падтрымалі работнікаў вытворчасці.
Галоўнае цяпер — вытворчасць, бо будзе вытворчасць — будзе і рубель, будзе ўсё. Не будзе вытворчасці — не будзе і рубля.
Па‑другое, Міжнародны валютны фонд прапанаваў Беларусі добры крэдыт, нават лепшы, чым дала Расія.
Але было два патрабаванні: не павышаць заработную плату, не раздаваць беларускія рублі, таму што народ пойдзе мяняць іх на долары ў абменніках (хоць мы не зусім згадзіліся, але знайшлі кампраміс), і другое — каб мы на 20 працэнтаў разава дэвальвавалі рубель. Гэта было патрабаванне МВФ. І амаль за $3 млрд., якія яны нам прапанавалі, на гэта трэба было ісці. Тым больш што дэвальвацыю трэба было і так ажыццяўляць з‑за нашай экспартаарыентаванай эканомікі».

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, беларусам не трэба «бегчы ў абменнікі і

купляць па шалёных цэнах долары».
«Невядома, што яшчэ будзе з доларам і еўра. Калі хто‑небудзь хоча ўкласці свае грошы ў тавары — гэта правільна. Але купляць тры, пяць, дзесяць тэлевізараў або халадзільнікаў з разлікам на тое, што гэта добрае ўкладанне сродкаў, — гэта поўнае глупства, таму што цэны на тавары падаюць. Грошы трэба трымаць у банках», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У далейшым, лічыць Прэзідэнт, сітуацыя стабілізуецца. «Мы нават разлічваем, што нам трэба будзе ўмацоўваць рубель, а долар стане таннейшы. Будзе ўсё залежаць ад насельніцтва і ад таго, як будзе складвацца сітуацыя на рынку. І яшчэ, у Беларусі ўсе ж за рубель жывуць, ды мы і цяпер павышаем прывабнасць нашай валюты. Галоўнае — вытворчасць і продаж тавараў, трэба шукаць рынкі і прадаваць прадукцыю», — сказаў на заканчэнне кіраўнік дзяржавы.

БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0