Піша Ганна Сурмач у газеце «Беларус».

На адной з апошніх беларускіх імпрэзаў у Грамадзкім цэнтры пры Катэдральным cаборы св. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку я мела нагоду сядзець побач са сп-няй Інай Фанскай. Я запыталася, чаму апошнім часам яе не было відаць на грамадзкіх зборках. А тая паведаміла, што была ў далёкім падарожжы, напрыканцы кастрычніка езьдзіла ў Пэру, каб ажыцьцявіць сваю даўнюю мару – пабачыць руіны легендарнага Мачу-Пікчу.

У праграму ўваходзіла і паездка аўтобусам да самага высакагорнага ў сьвеце возера Ціцікака – сьвятога возера інкаў. Аўтобус выехаў з горада Куска і турыстаў чакала 8-гадзіннае падарожжа.

Як гэта нярэдка бывае ў Паўднёвай Амэрыцы, не абышлося без прыгодаў. Празь дзьве гадзіны язды турысты апынуліся ў ліку... закладнікаў, якіх трымалі на горным перавале мясцовыя жыхары.
Па словах сп-ні Фанскай сабралася іх некалькі сотняў. Яны ладзілі акцыю пратэсту супроць пляну будаўніцтва ў іхнай мясцовасьці вялікай дамбы, у выніку чаго пад вадою апынуліся б іх землі. Пэруанцы перагарадзілі дарогу барыкадаю з камянёў і трымалі ў закладніках некалькі аўтобусаў і аўта.

Прастаялі доўгіх 8 гадзін, людзі былі змучаныя. Сярод закладнікаў былі жанчыны зь дзецьмі і старэйшыя людзі. Набліжаўся вечар і прадчуваньне таго, што давядзецца начаваць высока ў гарах. У аўтобусе, у якім ехала сп-ня Фанская, на шчасьце, быў запас вады і прадуктаў.

І тут раптам да калёны затрыманых аўтобусаў падьехаў невялікі жоўты аўтобус, з яго выйла група маладых мужчынаў. Як апісвае сп-ня Фанская, выглядалі яны як сапраўдныя волаты – высокія, мускулістыя, трэніраваныя, добра апранутыя, узвышаліся над нізкарослымі пэруанцамі, якія адразу пазьбягаліся, каб высьветліць, хто гэтыя людзі.
Прыежджыя былі зь перакладчыкам і неадкладна пачалі перамовы з арганізатарамі страйку. Паведамілі, што яны спартоўцы падводнага плаваньня, едуць на возера Ціцікака, каб выпрабоўваць там новае начыньне для анквалянгістаў. Гаварылі, што ня маюць часу чакаць, бо мусяць далей з гэтай жа мэтаю ехаць на Галапагосы. Спартоўцы патрабавалі ачысьціць дарогу.

Страйкоўцы неяк адразу сьцішыліся, пачалі мітусіцца, было відаць, што на іх зрабіла вялікае ўражаньне, што прыехалі нейкія важныя людзі. Пакуль ішлі перамовы, закладнікі з нецярпеньнем чакалі і пачалі выходзіць з аўтобусаў, каб даведацца, што адбываецца.

Сп-ня Фанская таксама падышла да незнаёмцаў. І тут яе чакала прыемная навіна. Аказалася, што гэта беларуская спартовая каманда падводнага плаваньня.
Суродзічы вызвалілі з пасткі ня толькі яе, але і ўсіх закладнікаў, бо перамовы досыць хутка пасьпяхова завяршыліся, і дарога стала вольнаю.

Але, размаўлялі беларусы на расейскай мове, і таму ўсе закладнікі гаварылі, што іх вызвалілі расейцы. І нават потым ў тэлевізійных навінах перадавалі інфармацыю пра гэты выпадак і гаварылі, што гэта зрабілі расейскія спартоўцы.

Падводнае плаваньне на вялікіх глыбінях – экстрэмальны від спорту і, напэўна, гэтыя хлопцы ня толькі выглядалі волатамі, але і ёсьць мужнымі людзьмі.

Добра было б, каб ім хапала мужнасьці ўсюды называцца і быць беларусамі, каб іхныя добрыя ўчынкі не прыпісваліся іншаму народу, а прыносілі славу свайму.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?