Прэзідэнцкі сайт паведаміў, што новаспечанай першай намесніцы сп. Макея «даручана ўзяць пад свой кантроль усю ідэалагічную работу ў краіне, якая ёй добра вядома» (праца ці краіна? :)
Даючы наказ Наталлі Пяткевіч, Лукашэнка міжволі красамоўна ахарактарызаваў стан гэтай самай працы: «Ніякага фармалізму, ніякай балбатні, як гэта бывае на адзіных днях інфармавання. Гэта горш, чым наогул нічога не рабіць!».
Зразумела, што высокае начальства турбуюць не канцэптуальныя шуканні. З пракіслага вінегрэту пад маркай дзяржаўнай ідэалогіі нічога людскага не зробіш. Відаць, не ў галаве і беларусізацыя (а між тым гэта было б дарэчы і ўладзе).
Карацей, задачы бачацца найперш ў тым, каб неяк выкручвацца перад насельніцтвам ў сітуацыі крызісу ды ствараць для Захаду карцінку грамадскай адлігі, большай талерантнасці да іншадумства.
Тым часам аперацыю «Дэвальвацыя» прапагандысцкі апарат бяздарна праспаў. У першыя дні новага года дзяржаўныя медыі проста тупа маўчалі. А потым пачалі трактаваць балючую тэму так, што лепей бы ўжо, мусіць, сапраўды маўчалі.
Дарэчы, Пяткевіч зоймецца і медыйнай сферай. Лукашэнка звярнуў ўвагу на тое, што "тут намеціўся нейкі спад, калі не сказаць застой у асобных СМІ". (Моладзь кажа трапней: адстой :)
Тэстам жа ў вачах Еўрасаюза для новай ідэалагічнай начальніцы (юрысткі, дарэчы) стане, бадай, лёс (ці, калі хочаце, ступень брутальнасці пры ўжыванні) новага закона аб СМІ. І асабліва — гіпатэтычнай пакуль што пастановы пра інтэрнет.
Прыняты летась медыйны закон набывае моц 8 лютага. Там, нагадаю, ёсць палажэнне, што «парадак распаўсюду прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі, якія распаўсюджваюцца праз глабальнае камп’ютарнае сеціва Інтэрнет, вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь».
Карацей, да 8 лютага наверсе мусяць вырашыць, ці прымаць тую пастанову наконт сеціва, а калі прымаць, то ў якім выглядзе.
У лістападзе летась на знакамітым (разгул дэмакратыі! :) круглым стале «Інтэрнет-СМІ: выклікі ХХІ стагоддзя» я акурат назаляў гэтымі пытаннямі памочніку прэзідэнта Усеваладу Янчэўскаму. Той урэшце заявіў: ва ўладзе яшчэ падумаюць, ці патрэбен такі нарматыўны акт. Ён таксама даў зразумець: кампрамісным варыянтам можа стаць добраахвотны парадак рэгістрацыі інтэрнет-выданняў.
Але і тут імаверныя пасткі. Напрыклад, могуць абкласці незарэгістраваныя рэсурсы чырвонымі сцяжкамі (кшталту: нельга займацца рэкламнай дзейнасцю). І тады праз не хачу давядзецца пілаваць па дакумент у Мінінфарм!
Увогуле ж новы закон аб СМІ багаты на воўчыя ямы: татальная перарэгістрацыя папяровай прэсы, драконаўскі парадак акрэдытацыі і г.д.
Летась Наталля Пяткевіч, дарэчы, актыўна лабіравала гэты закон. І ў парадку заспакаення «нячэсных» пісак таксама заўважыла: пастанова пра інтэрнет, магчыма, з’явіцца толькі ў тым выпадку, «калі ўзнікне вострая патрэба».
Наўрад ці сам закон адкруцяць назад. Хаця — дару ідэю :) — во гэта быў бы моцны крок перад брусельскім залікам (у красавіку ЕС будзе падводзіць вынікі паўгадавога прыпынення візавых санкцый)!Болей імаверныя, аднак, дробныя саступкі напаказ Еўропе, пэўная тактычная паблажлівасць да «нячэсных» СМІ.
У нас жа ўлада дзейнічае «па паняццях». Закон што дышаль. Хіба адсутнасць закона пра інтэрнет перашкодзіла пасадзіць Андрэя Клімава за публікацыю ў сеціве? Цішком пасадзілі, потым гэтак жа знянацку выпусцілі, калі пачаліся гульні з Еўропай. А па якім, скажыце, законе выкідалі непажаданую прэсу з каталогаў і саюздрукаў? Як левая нага захоча...
Душылаўку ў нас могуць зладзіць, паверце, аднолькава эфектыўна як пры новым, так і пры старым законе аб СМІ. Усё вызначае палітычная мэтазгоднасць.
Цяпер — трэнд адлігі. Так што, магчыма, не будуць рэзаць пры перарэгістрацыі, пусцяць у каталогі ды кіёскі яшчэ жменьку газет. Мо’ нават воўк у лесе здохне — і «Белсат» у нас легалізуюць :)
Але варта сапсавацца дыялогу з Бруселем — і ўвесь гэты нібыта лібералізм будзе скамечаны жалезнай рукой.