Пра гэта былы намеснік міністра энергетыкі Расіі Ўладзімір Мілоў заявіў у эфіры радыёстанцыі «Эха Масквы».
Мілоў мяркуе, што «Газпрому» не след было даходзіць да крайнасці – адключаць газ Украіне. На ягоную думку, Расія ад таго церпіць вялікія страты.
«Гэта недзе 150 мільёнаў даляраў на дзень... І вось так вось злеганца падыходзіць і адключаць на раз газовыя пастаўкі ў выпадку, калі там узніклі нейкія перамоўныя складанасці…», – здзіўляецца эксперт, які бачыць у гэтым канфлікце «выразны палітычны падтэкст».
На думку Мілова, інформацыя, што распаўсюджваецца ў Расіі пра тое, што пасярэдніцкія структуры былі ўведзеныя ў газавыя адносіны нібыта з ініцыятывы Ўкраіны — няпраўда.
«На самой справе, тры гады таму прапанову пра ўвядзенне пасрэдніка «РосУкрЭнерга» вылучыў «Газпром», – заявіў ён.