У Беларусі адсутнічаюць перадумовы для правядзення дэнамінацыі, лічыць начальнік упраўлення інфармацыі Нацыянальнага банка Беларусі Анатоль Драздоў.

"Цяпер праводзіць дэнамінацыю абсалютна не варта, бо для гэтага яшчэ не паспелі эканамічныя ўмовы", — заявіў ён у інтэрв'ю БелаПАН.
Пры гэтым прадстаўнік Нацбанка зноў абвергнуў чуткі пра тое, што аб правядзенні дэнамінацыі ў Беларусі можа быць аб'яўлена ў бліжэйшыя дні.

Чыноўнік Нацбанка таксама патлумачыў, што, у прынцыпе, сам працэс падрыхтоўкі да дэнамінацыі з'яўляецца дзяржаўнай тайнай. "Пакуль праўленне Нацыянальнага банка не прыняло рашэнне, сам факт падрыхтоўкі, зразумела, з'яўляецца дзяржаўнай тайнай. Гэта неабходна для таго, каб не хваляваць людзей і выключыць магчымыя спекуляцыі", — патлумачыў А.Драздоў.

Ён таксама не лічыць магчымым хуткі пераход Беларусі на расійскі рубель.
Паводле слоў А.Драздова, Нацбанк свае планы да канца 2009 года агучыў: гэта прывязка курсу беларускага рубля да кошыка валют (долар, еўра, расійскі рубель).

"Пераход на расійскі рубель у гандлі з Расіяй, што абмяркоўваецца, — гэта зусім іншае. Для гэтага, у прынцыпе, нават пагадненні дадаткова падпісваць не трэба. Дастаткова адпаведным органам дзвюх краін даць указанне суб'ектам гаспадарання разлічвацца толькі ў нацыянальных валютах", — зазначыў А.Драздоў. Гэта выгадна для беларускай эканомікі, дадаў ён, у гэтым выпадку Беларусь будзе атрымліваць за прадукцыю расійскія рублі і імі ж разлічвацца за нафту, газ, металы і ўсё астатняе, што імпартуецца з Расіі.

Што да ўвядзення расійскага рубля ў якасці адзінага плацежнага сродку Саюзнай дзяржавы, пазіцыя Нацбанка Беларусі застаецца нязменнай.

У галоўным банку краіны па-ранейшаму лічаць, што ўвядзенню адзінай валюты павінна папярэднічаць стварэнне эканамічнай і мытнай прасторы, а таксама роўных умоў для суб'ектаў гаспадарання і насельніцтва ў эканоміцы і сацыяльнай сферы.
"Валютная інтэграцыя з'яўляецца завяршальным этапам усёй інтэграцыі. Расійскі бок прапаноўваў спачатку правесці валютную, але мы палічылі, што ў гэтым выпадку вельмі высокія рызыкі для беларускай эканомікі. Наша меркаванне не змянілася", — падкрэсліў А.Драздоў.

Як планавалася раней, з 1 студзеня 2005 года расійскі рубель павінен быў стаць адзіным плацежным сродкам у Расіі і Беларусі, а з 1 студзеня 2008 года павінны былі ўвесці адзіную валюту Саюзнай дзяржавы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?