Падарожнае эсэ Алеся Квіткевіча.

Калі б мне давялося пабываць у гасьцінах на радзіме сэра Вальтэра Скота ды Ўільяма Ўоласа на некалькі год раней, да запаветнага прачытаньня Караткевічаўскіх «Каласоў…», я б, мажліва, і пакінуў па-за ўвагай нацыянальнае паданьне, якое пачуў ад добразычлівага ўвогуле шатляндца ў першы ж вечар пасьля таго, як мой лятак Прага–Эдынбург пазямліўся на слынны ячменным алькагольным напоем ды жывёлай лэнд. Легенда такая: пасьля стварэньня Сьвету Бог паслаў у розныя куткі Зямлі анёлаў, якія павінны былі сфармаваць там, куды яны былі пасланыя, умовы для далейшага расьсяленьня ды пражываньня людзей. Адзін з анёлаў шчыраваў найбольш. У выніку на тэрыторыі, што потым займела назоў Шатляндыя, быў створаны найдзіўнейшы ляндшафт, найцудоўнейшыя флёра й фаўна, найчысьцейшыя рэкі ды азёры, найпрыгажэйшыя горы, аблокі й г.д. Тады астатнія анёлы зьвярнуліся да Бога й пачалі яму даводзіць, што гэта будзе несправядліва, што гэтак адзін народ – шатляндцы – будзе вылучацца сярод астатніх найспрыяльнейшымі ўмовамі для жыцьця. (І тут невялічкае адрозьненьне ад Караткевіцкага варыянту.) На што Гасподзь адпавёў анёлам: «Супакойцеся, паглядзіце, хто дастаўся ім у суседзі…» Наўвеце меліся ангельцы, а ў беларускім варыянце Бог паслаў нам дурных кіраўнікоў і начальнікаў. Хоць шмат хто думае, што мы з гэткім жа посьпехам можам карыстацца й «шатляндзкім» варыянтам, але гэта ўжо, як той казаў, дэталі…

Шатляндцы й напраўду могуць вельмі моцна абразіцца, калі хто ў іхнай прысутнасьці назаве ангельскі народ «братнім» ці, чаго болей, «старэйшым братам». Яны ўважаюць ангельцаў самымі дурнымі ў сьвеце й лічаць, што ня маюць зь імі абсалютна нічога супольнага. Гэта не замінае скутам, як яны сябе называюць (а па пашпарце: грамадзяне Аб’яднанага Каралеўства Вялікай Брытаніі і Паўночнай Ірляндыі) спрытна падзарабляць на сумесным зь «небаракамі-суседзямі» бізнэсе. Шатляндцы часам з чыстым сумленьнем ашукваюць ангельцаў па дробязях. Гэта ў іх называецца «паслугоўвацца някемлівасьцю гэтага пыхлівага народцу».

Менавіта таму я напачатку назваў Scotland радзімай менавіта Скота ды Ўоласа. Бо першы, як і Караткевіч, мае дачыненьне да гістарычнага раману, а другі – такі сабе іхны Каліноўскі – ачольваў узброеную барацьбу свайго народу за незалежнасьць ад свайго «старэйшага брата» – Ангельшчыны. І таксама скончыў жыцьцё на шыбеніцы.

Станік за Бёрнса

І сёньня жыцьцё краіны горцаў (іх партызанаў) ня менш цікавае, чым у часы, апяяныя Вальтэрам Скотам. Сучаснасьць і мінуўшчына дзіва як пераплеценыя. Так, у вітрыне адной з найбуйнейшых крамаў жаночае бялізны, – назва якой у літаральным перакладзе гучыць як «У цёплай Ганулькі!», – прыгожымі літарамі напісана: «Тым, хто прадэклямуе хоць чатыры радкі з Робэрта Бёрнса, зьніжка на любую прадукцыю нашае маркі – 25%!!!» Зьявілася павага да вытворцаў шатляндзкіх майткоў ды станікаў: якім арыгінальным чынам яны дадумаліся прышчапляць пакупнікам любоў да роднага паэтычнага слова! Перад вачыма паўстала наступная ўява: у цэнтры Менску на вітрыне крамы «Мілавіца» красуецца абвестка: «Раскажы слупочак з Купалы – атрымаеш выкшталцоны камплект сподняга са зьніжкай на чвэрць!»

Мільёны на сораме

Вынаходлівасьць выдатна працуе і ў шараговых грамадзянаў. Над усёй Вялікай Брытаніяй лунае слава кемлівага жыхара найбуйнешага шатляндзкага гораду Глазга Эндру Морэя. Ён зарабіў некалькімільённы капітал на… фаляімітатарах. Прычым з самім прадметам як такім ён ня меў абсалютна ніякай справы. Проста разьмясьціў у Сеціве абвестку, што прадае дужа неабходныя ў гаспадарцы штукі па 10 фунтаў стэрлінгаў. Сярэдні ж кошт «цацкі» – блізу 30 фунтаў. Прычым якасьцю Морэева прадукцыя (а на сайце былі выкладзеныя й падрабязнае апісаньне, і карцінкі з таварам, і нават інструкцыя) не саступала найлепшым узорам. Атрымаўшы незьлічоную колькасьць замоваў, містэр Морэй сумленна прызнаўся, што задаволіць іх ня зможа. Перапрасіўшы, Эндру разаслаў назад Каралеўскай поштай няспраўджаныя блянкі на замовы. І вось тут загваздка: аформіць замову на што заўгодна любы грамадзянін Аб’яднанага Каралеўства можа не выходзячы з уласнае кватэры, але калі замова скасоўваецца, за сваімі грашыма трэба ісьці ў аддзяленьне банку. Сарамлівыя брытанкі палічылі 10 фунтаў не такой вялікай сумай, каб празь яе стыдацца глядзець у вочы супрацоўніцам (таксама збольшага жаночага полу) банкаў, падаючы цэтлік з надпісам «зварот грошай за недастаўлены фаляімітатар». І 97% кліентуры спадара Морэя папросту ў банк не пайшлі. А містэр Эндру Морэй, ні ў чым не абышоўшы закон, стаў мільянэрам.

Ня трэба думаць, што ён там адзін такі разумны. Кемлівая ў іх уся нацыя. Галоўная славутасьць тамтэйшага краю – пачварка Нэсьсі, – якую так прагнуць знайсьці цікаўныя з усяго сьвету, для шатляндцаў існуе хіба растыражаваная ў плюшавым выглядзе. Сапраўдную ж лахнэскую знакамітасьць зь мясцовага люду ніхто не шукае: варта вам толькі штось пра яе спытаць, і яны ўхіліста ды няўцямна нешта спрабуюць апавядаць пра прыгажосьць шатляндзкіх лохаў – то бок азёраў (ледзь не сказаў – балотаў…). І іх цалкам можна зразумець: пакуль трывае інтрыга, у Шатляндыю валам валяць турысты.

Тэатр і растаманы

Наплыву цікаўных краіна авечак ды віскі абавязаная яшчэ вось чаму – на палову жніўня кожны год шатляндзкая сталіца становіцца адначасна й сталіцаю найбуйнешага Эдынбурскага міжнароднага тэатральнага фэстывалю. Туды зьяжджаюцца гурткі й трупы з усяго сьвету – ад самых знакамітых да вандроўных аматарскіх. Падзея грандыёзная, яна ўключае ў сябе, апроч памянёных вышэй тэатральных выступаў, фэст джазавай музыкі, фэстываль прычосак «Чубок-фэст», кніжны кірмаш, кінафэстываль ды незвычайнае вайсковы спэктакль зь яскравай назвай «Military Tattoo», «Вайсковая татуіроўка». Цікавостак ды ўсялякага кшталту неспадзяванак проста безьліч, а завяршаецца гэта ўсё салютам, які доўжыцца прыкладна гадзіну, пад музыку Ганаровага каралеўскага аркестру. Праўда й кошт гэткага фаервэрку – паўтара мільёна фунтаў – шакуе нават больш разьняволеных у фінансавым пляне брытанцаў, але затое ўсё зь ліхвой кампэнсуецца прыбыткам ад найбуйнейшай культурнай падзеі ў Брытаніі, які, паводле афіцыйных дадзеных, складае 120 мільёнаў у той жа самай валюце. Найбольш выбітна падчас усяго гэтага разгулу мастацтва выглядаюць ямайскія музыкі-растаманы, якія ладзяць канцэрты ды тэатральныя шоў наўпрост на вуліцах. Іх разнаквецістыя апранахі, каптурыкі ды заўсёдныя шаманскія прычоскі-дрэды ледзь не да калена прыўносяць асаблівы калярыт ды надзвычай маляўніча глядзяцца на фоне сярэднявечных замкаў. Пры ўсім гэтым яны яшчэ й няспынна (і безь ніякіх нараканьняў з боку паліцыі) паляць сваю традыцыйную зеляніну. На маіх вачах нехта з тубыльцаў паўжартам прапанаваў пазытыўным мурынчыкам паспрабаваць курыць бадзякі (чартапалох – сымбаль Шатляндыі), на што тыя адказалі, што крыўдзіць карэнных жыхароў тутэйшае горнае мясцовасьці яны ня хочуць, але «ўсё, што трэба, прывезьлі з сабой», ды яшчэ й прапанавалі падзяліцца, бо «ў іх гэтага дабра ўдосталь – на ўсіх хопіць!»

І дарэчы, мала хто з прысутных адмовіўся. Вось такі народ жыве на Брытанскіх выспах, такі ў нечым падобны і адначасова вельмі адрозны ад нашага.

Алесь Квіткевіч,

Беларусь – Вялікая Брытанія.

Фота аўтара

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0