ў тым, што Беларусь не пайшла «за цывілізаваным светам». Піша публіцыст, адзін з лідэраў сацыл-дэмакратыі Анатоль Сідарэвіч.

Артыкул чытайце на ARCHE.By.

Узгадаць, чаго яна [апазіцыя]

першапачаткова пасварылася

з Лукашэнкам і адмовіцца ад логікі

“чым горш, тым лепш”,

адмовіцца ад катэгарычнага непрымання

ўсяго, што можа рабіць улада,

...пачаць думаць пра інтарэсы краіны

спярша, а пра палітычныя расклады потым.

Віталь Сіліцкі.

“Наша Ніва”, 8 студзеня 2009 г.

Калі ўсенароднаабраны прэзідэнт прыйшоў у Вярхоўны Савет на цырымонію інаўгурацыі, апазіцыя сустрэла яго ў штыкі. Лідэры апазіцыі выступілі з ваяўнічымі прамовамі. Парушаючы парламенцкі этыкет, яны пагражалі гаранту правоў і свабод фізічнай расправай і ўсяляк абражалі яго.

Улада паставілася да гэтага выбрыку апазіцыі талерантна і прапанавала ўпісаць у закон аб парламенцкіх выбарах палажэнне пра мажарытарна-прапарцыйную сістэму, але апазіцыя катэгарычна сказала “не!”, і ўлада мусіла змірыцца.

Прыйшоўшы да ўлады, гарант правоў і свабод у парыве ўдзячнасці сродкам масавай інфармацыі, якія дапамаглі яму стаць прэзідэнтам, сказаў: бярыце свабод колькі хочаце. Але апазіцыя выступіла катэгарычна супраць, і ўлада мусіла ёй падпарадкавацца. Апазіцыя за грошы дзядзькі Сэма зрабіла і ўсяму народу паказала антыўрадавую стужку “Дзеці няпраўды” і іншыя шэдэўры нізкапробнай тэлепубліцыстыкі. Каментатары вылівалі на ўладу вёдры памыяў, і бедная ўлада ніяк не магла абараніцца, бо запалоханыя апазіцыяй суды не прымалі пазоваў. Калі ўвесну 1995 году адбываліся выбары ў Вярхоўны Савет, апазіцыя, усталяваўшы сваю манаполію на тэлебачанні і радыё, заклікала людзей на выбары не ісці, бо, маўляў, яна, улада, “усё роўна падмане”.

Радыё і тэлебачанне захапілі карыслівыя людзі. Хабар бралі не саромеючыся. У аднаго з апазіцыянераў, Лабакова, долары ляжалі дома пачкамі. І ў партыйных стуктурах апазіцыі квітнела хабарніцтва. Калі прадстаўнік улады выступіў у Вярхоўным Савеце з дакладам аб карупцыі сярод апазіцыянераў, тыя забаранілі друкаваць даклад, і газеты выйшлі з “белымі плямамі”. Вось яна, свабода слова ў разуменні апазіцыі!

Тым часам апазіцыя прыглядалася да таго, што робіцца ў Расеі, і ўбачыла, што ёсць шанец атрымаць шапку Манамаха. І яна пачала каля люстэрка прымерваць нейкае падабенства гэтае шапкі. Каб спадабацца расейскаму электарату, які паміраў ад настальгіі па СССР, апазіцыя, нягледзячы на пратэсты ўлады, вырашыла зрабіць расейскую мову дзяржаўнай ды вярнуць падабенства савецкіх герба і сцяга. Тады дэпутаты Вярхоўнага Савета на чале з Цыцанковым аб’явілі сядзячую галадоўку ў зале парламенту. Карыстаючы з начное цемры, апазіцыя заслала ў гэтую залу сваіх баевікоў і тыя на горкі яблык збілі парламентарыяў. Так пад ціскам апазіцыі Беларусь зноў пачала ператварацца ў культурную калонію Расеі і над ёю залунаў саветападобны сцяг.

Зарваўшыся, апазіцыя аднаго дня запатрабавала вярнуць у школы і ВНУ савецкія падручнікі.

Марна ўлада заклікала апазіцыю апомніцца, думаць пра інтарэсы краіны спярша, а пра палітычныя расклады потым, марна даказвала, што і сама Расея зацікаўлена ў заходніх тэхніцы і тэхналогіях, у заходніх інвестыцыях, у агульнаеўрапейскіх адукацыйных стандартах. Улада, як і належыць уладзе, думала па-дзяржаўнаму, а апазіцыя – пра свае партыкулярныя інтарэсы. Улада прад’явіла ёй спачатку праграму “Стратэгія для Беларусі” (2000), потым дакумент “Шлях да годнага жыцця” (2005), а апазіцыя, закапыліўшы губу, грэбліва казала: не бачу канструктыву. Бо яна задумала стварыць асаблівую беларускую эканамічную мадэль з выкарыстаннем дармовых расейскіх нафты і газу. А яшчэ апазіцыя цвёрда заявіла, што свой народ яна за цывілізаваным светам не павядзе. І хоць прэзідэнт ясна паказваў, што здзейснены “дзікі крэн” у бок усходу, апазіцыя, каб выдурыць у Масквы грошы на ўтрыманне сваіх баевікоў і на будаўніцтва лядовых палацаў і ўсяго такога іншага, працягвала па-шаманску камлаць пра саюзную дзяржаву.

Улада пратэставала супроць такой палітыкі апазіцыі мірнымі дэманстрацыямі, але дайшло да таго, што апазіцыя і яе баевікі пачалі хапаць прыхільнікаў улады сотнямі і жорстка збіваць іх у аўтобусах па дарозе з міліцэйскіх пастарункаў у месцы зняволення, а некаторыя прадстаўнікі ўлады пачалі загадкава знікаць. І хто ведае, колькі людзей з уладных структураў знікла б яшчэ, калі б алярм на ўсю Еўропу не ўзняў кіраўнік адной з праўрадавых партый Анатоль Рапецька.

Калі ў Расеі да ўлады прыйшоў падпалкоўнік ГБ, апазіцыя зразумела, што шапку Манамаха на сваёй галаве ёй не насіць, але яна настолькі загулялася ў саюзную дзяржаву, настолькі прысмакталася да радовішчаў танных газу і нафты, што ніяк не магла адарвацца ад іх. Трохі схамянулася апазіцыя тады, калі падпалкоўнік выдаў тыраду пра мухаў і боршч і прапанаваў ёй уключыць Беларусь у склад Расеі. Думаючы, што вось цяпер апазіцыя можа стаць на шлях абароны палітычнага, эканамічнага і культурнага суверэнітэту краіны, павярнуць аглоблі назад, улада ў асобе свайго вернага публіцыста Сяргея Дубаўца забуркавала да яе па-галубінаму, як ніколі раней, а афіцыйная газета “Наша поле” ўрачыста абвясціла, што ўлада гатова падвесці рысу пад 1990-мі гадамі і працягнуць апазіцыі руку для супрацоўніцтва. Ды дзе вы бачылі! Апазіцыя нават не падумала пайсці насустрач уладзе і адмовіцца ад логікі “чым горш, тым лепш”. Яна працягвала наступ на сістэму і адукацыі і навязала ёй такія вучэбныя планы і праграмы, што ўсе, хто сябруе з мазгамі, назвалі гэта дэбілізацыяй школы. Яна ад самага пачатку паставіла на чале універсітэтаў сваіх рэктараў, якія выключаюць і звальняюць з працы праўладна настроеных студэнтаў і выкладчыкаў. Асабліва неўзлюбіла апазіцыя гуманітарную адукацыю. Гуманітарны ліцэй яна загнала ў падполле, а Гуманітарны ўніверсітэт мусіў уцячы ў Вільню. Туды ж мусіў перабрацца і Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследванняў, там атабарыўся Інстытут беларусістыкі. Апазіцыя забараніла прадаваць у шапіках “Наша поле” і “Народную думку” і дамаглася, каб на гэтыя ды іншыя выданні грамадзяне не маглі падпісацца на пошце. Пад ціскам апазіцыі праўладныя часопісы і газеты не асмельваюцца публікаваць творы цэлай групы паэтаў і празаікаў. Асобнікі гнанага апазіцыяй часопісу “ARCHE” яе агенты ў мундзірах мытнікаў раз-пораз арыштоўваюць на мяжы. Апазіцыянеры, якія захапілі рэдактарскія крэслы ў дзяржаўных выдавецтвах, зрабілі так, што практычна ўсе першыя кнігі празаікаў і паэтаў цяпер выходзяць у недзяржаўных выдавецтвах. Апазіцыя змусіла выехаць за мяжу Васіля Быкава. І яго не змог абараніць нават сам прэзідэнт, які вырас на вершах гэтага пісьменніка. Апазіцыя дамаглася, каб была забаронена дзейнасць усіх маладзёжных арганізацый, акрамя апазіцыйных. І дзеячы “Маладога Фронту”, “Моладзі БНФ”, “Маладых дэмакратаў” і “Маладой Грамады” ездзяць цяпер па краіне ды сілай заганяюць у гэтыя арганізацыі школьнікаў, студэнтаў і маладых рабочых. А 14 маладых людзей, не згодных з палітыкай апазыцыі, яна вырашыла ў адначассе пасадзіць на лаву падсудных.

Апазіцыя пасварылася з паловай свету. Дзеячаў апазіцыі не запрашаюць і не пускаюць у суседнія краіны, акрамя Расеі. Але апошнім часам расейскія дабрадзеі перасталі шчодра падкормліваць беларускую апазіцыю. У расейцаў, ці бачыце, крызіс. І гэтая апазіцыя мусіць цяпер для падтрымкі штаноў клянчыць грошы на Захадзе. А Захад, перш чым даць ёй грошы, запатрабаваў правесці дэвальвацыю. І апазіцыя адным махам зрабіла мільёны беларусаў бяднейшымі на 20 працэнтаў, а сабе ў кашэні паклала ад 600 да 800 мільёнаў долараў, каб бескантрольна растраціць і тыя мільёны, і два мільярды крэдыту. Пасля гэтага, як спадзяецца выдатны мысліцель Віталь Сіліцкі, апазіцыя адмовіцца ад катэгарычнага непрымання ўсяго, што можа рабіць улада. А што ёй застаецца рабіць, як не піць і не гуляць?

________________________________________

Анатоль Сідарэвіч – публіцыст, літаратурны крытык і гісторык, адзін з заснавальнікаў адноўленай Сацыял-дэмакратычнай Грамады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0