Сьпiць пад зьзяньнем месяца,

Лёгшы ўздоўж ракi,

Месца, што ня месьцiцца

Назвай у радкi;

Мсьцiславам,

Амсьцiславам,

Як нi назаві...

Аркадзь Куляшоў

Песьні і танцы

Пасьля невераемна доўгай, як па беларускай меры, дарогі Мсьціслаў сустрэў музыкай. Суботні дзень хіліўся ў шарую гадзіну, і, здавалася, адусюль у ціхім гарадку гучэлі рэхам нейкія мэлёдыі: са двароў, крамаў, кінатэатру. Маладзейшая частка насельніцтва, сьвяточна ўбраная ў белыя штаны й чыстыя саколкі, падцягвалася пад Дом культуры. Сюрпрызам аказаўся прыезд «Песьняроў» на чале з Скаражонкам. Іх велізарная экіпа апанавала і рэстарацыю, і гатэль, і галоўную плошчу, на якой бяз дай прычыны не выключаў матор іхны аўтобус. Вечар у Мсьціславе атрымаўся – паўгораду падцягнулася на цэнтральны пляц і фляніравала між кінатэатрам, дзе вуркатала дыскатэка, і Палацам культуры, скуль рохкала рэха песьняроўскіх сьпеваў. Рыхтык як на якім прыморскім курорце. Сонца было ўжо скаціўшыся за далягляд, а па-бразыльску апранутая маладая публіка ўсё віравала вакол амсьціслаўскай галяктыкі па коле пляцу: на лавах пад вербамі, пад гатэлем, палюючы на аўтографы, па румачных-разьлівачных ды крамках, што працуюць тут да паўночы. Толькі зараз я зьвярнуў увагу на шыкоўны вітраж Палацу культуры, што сваім пярэстым шклом, пэўна з тры паверхі вышынёю, зіхотка й рамантычна асьвятляў начное тутэйшае жыцьцё.

А музыку ў Амсьціславе насамрэч шануюць. Менавіта тут цяпер праходзяць штогадовыя фэсты камэрнае музыкі імя Мікалая Чуркіна, слыннага беларускага кампазытара, які жыў тут на пачатку мінулага стагодзьдзя. Яго імя носіць і адна з тутэйшых музычных школаў. У другі тыдзень чэрвеня гэты фэст завіруе тут ізноў. Вось дзе варта быць.

Два Мсьціслаўцы

Цяпер у Амсьціславе ў цэнтры няма Леніна, затое ёсьць цэлых два помнікі Пятру Мсьціслаўцу. Аўтары новага – Аляксандар Батвінёнак і Аляксандар Чыгрын. За яго ад Лукашэнкі атрымалі адмысловы прэзэнт у 2001 г. Пэўна, з тае прычыны, што яны цёзкі. Бо іншых прычынаў, як ні ўзіраўся ў гэты артэфакт, я не знайшоў. Банальны з стылістычнага боку і неадэкватны з боку ідэйнага. Выбітны мастак-гравэр, кніжнік Мсьціславец – глыбока трагічная постаць: выгнаны гвалтам з Масквы, дзе зьнішчаліся ягоныя кнігі, ён мусіў драматычна разысьціся з паплечнікам – Іванам Фёдаравым, туляцца пры магнацкіх дварах, і, урэшце, дасягнуўшы нібы скутку з плёну свайго жыцьця, мусіў скандальна разьвітацца зь нібы дабрадзеем Мамонічам, які адсудзіў у Пятра ягонае друкарскае абсталяваньне й распрадаў яго ўраздроб… Гледзячы на новы помнік Мсьціслаўцу, на бронзавага барадатага зуха ва ўборы «a la добрый-молодец», нічога падобнага ня вычуеш.

Адлегласьць між двума Мсьціслаўцамі – каля пяцісот мэтраў.

Першы, старэйшы помнік, ля езуіцкага сабору, аўтарства Мікалая Маліноўскага, куды цікавейшы. Дзякуючы ступені абагуленасьці лірычнага вобразу й ягонай сымбалічнасьці: вось, адсюль пачаўся вялікі шлях летуценнага хлапчука. Маўляў, вучыся пільна – зьедзеш у Вільню... Сэнтымэнтальная дыдактычнасьць цалкам адпаведная і месцу знаходжаньня – на школьнай пляцоўцы – і камэрнаму фармату. Маліноўскі ўсё ж вучань славутага Анікейчыка...

А на будынку колішняе школы прымацаваная мэмарыяльная табліца ў гонар Міхася Ткачова, сацыял-дэмакрата ды славутага гісторыка, археоляга, публіцыста. Пэўна ж, не без ініцыятывы ягонага паплечніка й калегі Алега Трусава. Гэтых двух сваіх славутых землякоў у Мсьціславе ведаюць, пэўна, амаль усе. Бо прынамсі маглі шматкроць назіраць за іхнай археалягічнай працаю. Багацейшая археалягічная спадчына Мсьціслава – магутны тутэйшы брэнд. Тутэйшы гісторыка-археалягічны музэй, утвораны ў «перастройку», адзін з найбагацейшых у Беларусі й налічвае больш як 4 тысячы экспанатаў. Натуральна, велізарную частку складаюць знаходкі акурат Ткачова й Трусава.

А дзе той Кобрын?

Амсьціслаў жыве ў спэцыфічнай інфармацыйнай прасторы. Апроч трох беларускіх каналаў ТВ, трох радыё й блізу трох газэт, нічога сюды не трапляе. Нават і з Расеі, што тут за ракою. Кнігарня хоць і адна, але ў самым сэрцы гораду. Праўда, зь пятніцы да панядзелка зачыненая. У газэтным шапіку ля аўтавакзалу (адзіным, які ёсьць) асноўны асартымэнт – гэта ўсялякія «Дачники», «Кроссворды» ды прадметы гігіены. Скрушна гэта бачыць на радзіме Гальляша Капіевіча, найбуйнейшага выдаўца славянскіх кніг у Заходняй Эўропе канца XVII ст. , перакладчыка й аўтара сучаснай вэрсіі кірылічнага альфабэту – рускага грамадзянскага шрыфту, якім паслугоўваюцца сёньня тузін нацыяў. Пётар І папрасіў яго ў 1697 г. як адмыслоўца ў беларускай, лаціне, нямецкай, галяндзкай, польскай і расейскай мовах заснаваць у Амстэрдаме друкарню, якая б выдавала навуковыя кнігі для Расеі.

Ля шапіку гавораць старыя:

– А гэны ж цяпер недзе ў Кобрыне робіць!

– А дзе той Кобрын?

– Казаў, недзе пад Баранавічамі...

– Вой, пэўна, далёка...

Гаворка іхная, як і ўсіх тутэйшых, вельмі адметная на сярэднебеларускае вуха. Апроч тузіна якіх дыялектызмаў, найперш торгае мяккае «р»: цяперь, вярёўка, карёўка... А на маю мову рэакцыя была адназначнаю: у нас так не гаворяць. Калі дазнаюцца, што зь Менску, то лагаднеюць, хоць нейкі сумнеў у вачах субяседнікаў/субяседніц застаецца. Але агулам народ тут цікаўны, адкрыты й гаваркі. Найперш па вёсках, дзе нават маё маўленьне не выклікала недаверу.

А ў тутэйшай вёсцы Малькаўцы здавён жылі сапраўдныя летувісы. Быў тут нацыянальны літоўскі калгас, літоўская школа. Нават старышня Савету міністраў Літвы Манюшыс адсюль быў родам. Але цяпер і тут, як паўсюль на нашым Ўсходзе, – ціхае выміраньне. Пустыя палі, закінутыя дамы й стадолы. Зайцы непужаныя на дарогах.

Дубейкава

З Амсьціслаўшчыны паходзіў Адам Ганоры Кіркор, слынны гісторык і грамадзкі дзеяч, які прысьвяціў родным мясьцінам нямала ўзьнёслых словаў. У Мсьціслаўскім павеце было котлішча Судзілоўскіх, адкуль пайшоў у сьвет Мікалай Судзілоўскі, які арганізаваў сацыялістычны рух у Румыніі і Баўгарыі, а пасьля быў сэнатарам Гавайскіх выспаў. Тутсама бярэ пачатак род Максіма й Гаўрылы Гарэцкіх. Усіх амсьціслаўцаў не зьлічыць...

Адной з мэтаў майго ваяжу на Мсьціслаўшчыну было знайсьці радзіму дойліда Лявона Вітана-Дубейкаўскага. Яму належыць абаслютна ўнікальная й пачэсная роля ў нашай гісторыі: ён адзін зь беларускіх літаратараў данашаніўскае пары стаў распрацоўшчыкам і стваральнікам беларускага нацыянальнага стылю ў архітэктуры яшчэ за царом. Храмы, што ён праектаваў і ўзводзіў – залаты фонд нашае культурнае спадчыны. А щ дадатак ён рэстаўраваў (яшчэ 100 гадоў таму!) касьцёл у Мсьціславе й стварыў арыгінальны праект амсьціслаўскае плябаніі ў адметным беларускім стылі. За савецкім часам на ягонае антысавецкае імя было табу.

Вёсачка Дубейкава, у засені велізарнага старажытнаславянскага кургана, яшчэ ліпее. Платоў няма, пляніроўка адвольная, пасярод сядзібак месьцяцца маленькія могілкі – клясычны шляхецкі засьценак. «Дубейкаўскія ёсьць! Старэйшаму – 92 гады... Каталікі ёсьць. Дзеці нашыя – у Менску, у Мугулёве...»

Сьлёзкі

З Дубейкава, каб патрапіць на большую дарогу, – самы кароткі шлях праз лагчыну рачушкі Малатоўня, дзе трэба перабрацца бродам. На другім беразе, на другой гары, – вёска Колатава. Тут жыцьцё нібы большае. Багата дробнага быдла. Пасярод вёскі – вялікая царква ў руінах. «А што ж вы хаціце? – са скрухаю кажа кабета. – Нас жа тут толькі пяць жылых двароў. Як мы гэтую царкву падымем? Гэта каб раней... Але ж яшчэ да вайны зь яе зрабілі млын, пасьля збожжа перахоўвалі». На ўскрайку Колатава ахайныя вялікія могілкі. Па патрэбе – поп прыяжджае з Амсьціслава.

У суседняй вёсцы Сьлёзкі людзей яшчэ меней – тры чалавекі. Мо таму пра іх ніхто й ня рупіцца. «У Мугулёў трэба спачатку пісаць!» – кажа гаспадар зь вёскі Сьлёзкі. Ужо даўна з тутэйшых калодзежаў сышла вада, і таму даводзіцца хадзіць за гару да ракі. Кілямэтар з гакам. А гадоў трыццаць таму ў сьлёзкаўскай школе вучылася 250 вучняў. Ад школы – ні знаку. Адно акацыі ды бэз па пэрымэтры. Пакінутая фэрма, склад, крама. Чыста й сьвежа.

А што ж далей будзе? Гаспадар з гаспадыняю, горка ўсьміхаючыся, ківаюць на пагост, акуратна абгароджаны й пафарбаваны за бюджэтныя сродкі.

Ануфрыева

У ваколіцах Амсьціслава, апроч адноўленага манастыра ў Пустынках, ёсьць яшчэ два славутыя манаскія прыстанкі, што былі заснаваныя князем Лугвенам/Сямёнам. Адзін бліжэй да Мсьціслава – у Мазалаве, другі – у Сяльцы. Абодва пакуль у руінах, хоць мазалаўскую царкву паднавілі, паставілі расейскую цыбуліну на званіцу. А вось шыкоўны комплекс базылянаў у Сяльцы – закінуты. Тутэйшы манастыр быў пастаўлены ў гонар сьвятога Ануфрыя. Паселішча вакол яго звалося Ануфрыевым. Але цяпер гэта ўсё – вёска Сялец, на шашы Мсьціслаў–Крычаў. Аднак у нядзелю дабрацца туды таксама ня проста...

Зайцы, не баючыся людзей, павольна пераходзяць шашу. Рыхтык як кенгуру – спачатку меншымі пярэднімі лапамі ўпрэцца, пасьля заднія падцягне. Сядзець, азірнецца, пажуе травінку...

Званіца сабору Сьвятога Ануфрыя бачна таксама здалёк. Яе стромы, як палец, абрыс пануе над велізарнымі разлогамі Сажа. А зіхоткі залаты шар званіцы нагадвае, што некалі тут была сьвятыня. Вось акурат тут і згадаўся Караткевічаў патас:«О, дзіўная і празь меру небам прыўкрашаная мсьціслаўская зямля! З далёкімі званіцамі і звонам каласоў, са сьветлымі рэкамі і сьветлымі людзьмі, з гарачым блакітам улетку і блякла-шафранавым, з палосамі колеру прускага блакіту, заходам узімку. З трапяткімі і шаўковымі бярозавымі гаямі – і пахмурным засьнежаным яловым лесам, над якім безнадзейна зьмірылася глухое неба».

Паўсюль на Мсьціслаўшчыне ўражвае чысьціня, гэтак неўласьцівая постсавецкай калгаснай вёсцы. І дабравейнасьць перад руінамі, курганамі, сьвятынямі. Вось і тут, у Ануфрыеве, хоць двары, хлявы й гаражы шчыльна атачылі аскабалкі колішняга кляштару, няма адчуваньня брыдоты запусьценьня. На сьвятых сьценах няма пахабных графіці, няма камунальнага хлуду. «Шкада! – кажа гаспадыня хаты з-пад самага сабору Сьвятога Ануфрыя. – Навукоўцы, турысты прыяжджаюць, бачаць, што прыгажосьць гібее. Але ж мы самі тут рады не дамо. Трэба было б, каб дзяржава паспрыяла тут».

Спрабуючы выбраць лепшую кропку для фота, зайшоў аж да Старога Сажа, што ў гэтым месцы спраставалі, каб лацьвей было хадзіць баржам. Рай для натуралістаў – астравы, старыцы, непралазныя хмызьнякі й лес – глухім мурам... На другім беразе – Расея. Ні мастоў, ні прыкметаў якога жыцьця. Адсюль разьлягаецца самая вялікая ў сьвеце краіна да Ціхага акіяну. Становіцца няўтульна ад гэтага захапляльнага факту.

Сьвятыні й зайцы

Кабета з Ануфрыева мае рацыю. Безь дзяржавы, без нацыянальнага інтарэсу гэты акраец нашае цывілізацыі не зьберагчы. Ён пусьцеў не за адзін дзень. Паводле гісторыкаў, на пачатку XVII стагодзьдзя ў Амсьціславе жыло блізу 30 тысячаў чалавек. Расейская навала зьнішчыла гэты край у часе ягонага найвышэйшага росквіту. У некаторых актах гаворыцца пра пятнаццаць тысячаў ахвяраў: «Трубецкой с товарищи город Мстиславль взял и высек и выжег, а побил в нем больше пяти на десяти тысеч...»

Напрыканцы XIX стагодзьдзя ў Амсьціславе жыло 5076 жыдоў з 8514 мяшчанаў. Тутака было 10 сынагог. Гісторыя амсьціслаўскага габрэйства ніяк ня меншая за іхную гісторыю віленскую. Але аднаго дня, 15 кастрычніка 1941 году, у горадзе было забіта за раз 1300 габрэяў. Пра гэта і пра шмат што яшчэ сёньня ў Амсьціславе згадваць «не прынята».

А сёньня ў гэтым горадзе жыве крыху меней за 10 тысячаў чалавек. Калі дэмаграфічная сытуацыя ня зьменіцца рэзка (а адкуль ёй зьмяніцца?), то яшчэ праз пару дзясяткаў гадоў такога кіраваньня на Мсьціслаўшчыне будзе болей зайцоў, чым людзей. Засьмечаныя замкавыя валы, кучы хлуду на месцах нацыстоўкіх расстрэлаў, недаведзеная рэстаўрацыя выдатных помнікаў; нават да сёньня, як у пазамінулым стагодзьдзі, паўгораду ня мае ані бруку, ані асфальту. Хоць акурат асфальтавы завод у раёне ёсьць!

Але ўнікальны шанец пераўтварыць гэты непаўторны край, абсалютна экалягічна чысты, з выбітнымі помнікамі старасьвеччыны, у цэнтар турызму яшчэ ёсьць. Несамавітыя гарыстыя краявіды нібы наўмысна створаныя для аматараў зімовых забавак. На шчасьце, за савецкім часам тут мала што панявечылі. Харашыні тут столькі, што аж займае дух. І безь пярэчаньняў згаджаесься й з фантазёрам Уладзімерам Караткевічам, чыя маці была адсюль родам, і з Аркадзем Куляшовым, які тут вучыўся. Чыстыя крыніцы, легендарныя курганы, конегадоўля славутых на ўвесь сьвет амсьціслаўскіх волатаў-цяжкавозаў... Ну і штогадовы музычны фэст імя Мікалая Чуркіна, што мае тут адбыцца на наступным тыдні. Чым не нагода наведаць край вялікіх нашых сьвятыняў і непужаных зайцоў?

Сяргей Харэўскі

Здымкі Веранікі Дзядок

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0