Першы раз у гісторыі Беларусі адкрытая гомасэксуальнасць стала падставай не для вызвалення ад службы, а для адтэрміноўкі.

Мазырскі ваенны камісарыят прыняў рашэнне пра тое, што рэдактар беларускага сайту для геяў і лесбіянак Gay.By Аляксандр Палуян не будзе прызваны на тэрміновую службу ў беларускае войска. Рашэнне пра адтэрміноўку тэрміновай службы было прынятае ў звязку з тым, што прызыўнік адкрыта заявіў пра сваю гомасэксуальнасць.

Нягледзячы на тое, што пра гомасэксуальную арыентацыю 23-гадовага прызыўніка супрацоўнікам ваенкамату было вядома раней, яны працягвалі разглядаць пытанне аб прызыве.

Пасля публікацыі шэрагу матэрыялаў пра гэтую гісторыю ў беларускіх і замежных сродках масавай інфармацыі, а таксама пасля звароту сяброў Беларускай ініцыятывы за сексуальнае і гендэрнае раўнапраўе ў Мазырскі гарадскі выканаўчы камітэт з просьбай правядзення пікету каля будынку ваенкамату, і ў Міністэрства абароны — з просьбай пачаць праводзіць шырокую антыгамафобную прапаганду ў беларускім войску, рашэнне аб адтэрміноўцы было прынятае на карысць прызыўніка.

Раней, у выпадку калі прызыўнік заяўляў пра іншую сэксуальную арыентацыю, яму звычайна ставіўся псіхіятрычны дыягназ, які рабіў яго нягодным да вайсковай службы.

Палуян прасіў менавіта пра адтэрміноўку, і яму пайшлі насустрач.

Сусветны рух геяў дабіваецца, каб да людзей з іншай сэксуальнай арыентацыяй ставіліся як да іншых людзей. Каб яны мелі тыя самыя правы і абавязкі, што і звыклыя людзі, і ім пры тым не трэ было хаваць сваю арыентацыю. Права для геяў служыць у арміі было тэмай для дыскусій у многіх краінах свету, у тым ліку ЗША. На думку некаторых вайскоўцаў, прысутнасць геяў у войску можа весці да канфліктных сітуацый. Праваабаронцы лічаць, што справа толькі ў выхаванні цярпімасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?