Поль Сезан «Забойства» (1870 г.)

Поль Сезан «Забойства» (1870 г.)

Цалкам верагодна, што Эдгар Алан По, які лічыцца бацькам дэтэктыўнага жанру, быў сам заангажаваны ў адно з загадкавых забойстваў свайго часу. Да 200-годдзя з дня народзінаў самага таямнічага амерыканскага пісьменніка.

У ліпені 1841 году ў рацэ Гудзон было знойдзена цела Мэры Сесіліі Роджэрс. Ейная без сумневу гвалтоўная смерць узрушыла ўвесь Нью-Ёрк. Пісьменніку Этгару Алану По, які некалькі месяцаў да таго прыдумаў бацьку ўсіх прыватных сышчыкаў сусветнай літаратуры, Агюста Дзюпэна (апавяданне «Забойства на вуліцы Морг»), прыйшло да галавы, што менавіта гэты літаратурны персанаж будзе разгадваць таямніцу сапраўднага забойства. По пачаў пісаць новы твор, «Таямніцу Мары Ражэ» , і з публікацыяй дэтэктыўнага апавядання ўсё заблыталася канчаткова.

Нядзельнай раніцою 25 ліпеня 1841 году выйшла Мэры Сесілія Роджэрс з дому сваёй маткі і стуль яе сляды згубіліся. Яна мела намеры наведаць сваячку, якая жыла непадалёк, а на потым прызначыла сустрэчу са сваім сужэнцам, Даніелем Пэйнам, але ніводзін з тых двух не пабачыў маладзіцу, прынамсі жывой. Праз тры дні двое нью-джэрскіх рыбароў выцягнулі з водаў Гудзону Мэрына цела. Яе твар быў збрыджаны, а цела — у сіняках. Пэўна, нехта перастрэў гаротніцу пасля яе выхаду з дому. І, пэўна, бачыў яе смерць.

Забойства ўзняла ў Нью-Ёрку буру эмоцыяў: сёння шмат якія сацыялагічныя доследы сцвярджаюць нават, што тое забойства зрабілася вяхой у развіцці амерыканскіх сродкаў масавай інфармацыі і спрычынілася да паўставанні жоўтай, пабудаванай на сенсацыі і скандале, прэсы. Дагэтуль яшчэ ніводнае забойства не асвятлялася нагэтулькі шырока. Забойства ўзрушыла журналісцкую грамаду яшчэ і таму, што забітая (дарэчы вельмі гожая жанчына) працавала прадавачкай у тытунёвай краме Джона Андэрсана. Крама знаходзілася ў самым сэрцы Манхэтана, дзе месціліся рэдакцыі большасці амерыканскіх газет, і многія журналісты лічыліся ў той краме сталымі кліентамі. У дадатак журналісты асабіста ведалі падазраваных, якіх затрымала паліцыя ў справе забойства.

Але ўсё ж забойства гожай прадавачкі ўвайшло ў гісторыю не праз свой уплыў на развіццё амерыканскай прэсы, і калі людзі памятаюць Мэры Роджэрс, дык хутчэй дзякуючы яе месцу ў гісторыі дэтэктыўнай літаратуры. Тое забойства мае дачыненне да аднаго з найвялікшых пісьменнікаў тагачаснасці. Яно ўвайшло ў гісторыю таму што трагічнае здарэнне надта зацікавіла Алана Эдгара По.

Тры месяцы датуль, як у Гудзоне знайшлі цела гаротніцы Мэры, Эдгар По надрукаваў у адным літаратурным часопісе апавяданне «Забойства на вуліцы Морг». У цэнтры апавядання стаяла забойства маладой жанчыны і яе маці, якія былі знойдзеныя ў сваёй парыжскай кватэры. Іх целы былі збрыджаныя дашчэнту. Парыжская паліцыя, можа, і арыштавала работніка банка Адольфа Лебона, але ў жандараў не было супраць яго важкіх доказаў, ды той арышт быў хутчэй праявай іхняй збянтэжанасці і поўнай нямогласці. Але на шчасце паліцыі і арыштаванага Лебона, за справу падахвоціўся ўзяцца дзівакаваты Агюст Дзюпэн. Пры дапамозе сваіх «надзвычайных аналітычных здольнасцяў» і дзякуючы рупліваму аналізу сведчанняў, што былі апублікаваныя ў мясцовых газетах, Дзюпэн да здзіўлення ягонага сябра-апавядальніка, здолеў такі выкрыць забойцу і выратаваць невінаватага службоўцу ад незаслужанага пакарання. Не будзем падаваць тут інтрыгоўную развязку, тым больш шмат хто цудоўна памятае яе, нагадаем хіба, што тут не абышлося без марака, які вярнуўся ў Парыж з Індыі.

Гадоў пра дваццаць «Забойства на вуліцы Морг» было прызнанае першым дэтэктыўным апавяданнем, а Агюст Дзюпэн зрабіўся першым літаратурным героем-сышчыкам, хіба што стуль не змяншаецца колькасць даследчыкаў, якія знаходзяць элементы дэтэктыўнага жанру ў даўнейшых творах іншых аўтараў. Але ў той час, адразу пасля публікацыі «Забойства» По зусім не меў намераў запачаткаваць новы жанр. Знакаміты аўтар «Падзення дому Ашэраў» нават не думаў зноў прыцягваць на старонкі сваіх новых кніг сімпатычнага дзівака Дзюпэна. Аднак, прачытаўшы пра забойства прадавачкі Мэры Роджэр і заўважыўшы магутную цікавасць да забойства жыхароў Нью-Ёрка, пэўна, вырашыў умяшацца. Для пісьменніка, які ці не першы ў амерыканскай літаратуры спрабаваў жыць адно з «літаратурнага мазаля», гэта была цудоўная нагода спажыць плён у выглядзе літартурнай славы і неблагога літаратурнага ганарару. Эдгар По пачаў пісаць працяг, зрабіўшыся ў дадатак вынаходнікам першага дэтэктыўнага серыялу. Але гэтым разам аўтар паставіў плод свайго выяўлення, праніклівага Дзюпэна, перад сапраўдным забойствам.

У сваім новым творы По перанёс крымінальную справу ў Парыж, родны горад Дзюпэна. Імя Мэры Роджэрс афранцузіў да Мары Ражэ, Гудзон зрабіў Сенай. Разам з тым, ён пільнаваўся, каб акалічнасці літаратурнага забойства засталіся ідэнтычнымі сапраўднаму і пазначыў на пачатку апавядання, што «аўтар, нібыта апісваючы лёс французскай прадавачкі, насамрэч дакладна і з усімі падрабязнасцямі аднавіў асноўныя акты забойства амерыканкі Мэры Роджэрс».

«Таямніца Мары Рожэ» была надрукаваная ў трох частках у часопісе Ladies Companion з лістапада 1842 году да лютага 1843. У процівагу «Забойству на вуліцы Морг», гэтым разам сышчык Дзюпэн не шукаў забойцы з уласнай ініцыятывы: у выніку розгаласу яго папярэдняга ўдалага расследвання, да сышчыка па дапамогу звярнуўся прэфект парыжскай паліцыі.

У дзвюх першых частках апавядання Дзюпэн заняты збольшага аналізаваннем акалічнасцяў забойства са звестак, пачэрпнутых ім наўпрост з газет (абставіны забойства, сляды на целе забітай). Ён аргументавана абвяргае адну за адной чуткі, які пануюць у грамадстве: адкідае цверджанне, што Мэры-Мары была забітая хеўрай хуліганаў і здымае падазрэнне з арыштаваных (у апавяданні і ў рэчаіснасці) людзей, да прыкладу, з Мэрынага жаніха і яе сваячкі. Ён прамалёўвае рашэнне пры дапамозе сродкаў, заснаваных на аналогіі, і, насуперак меркаванню нью-ёркскай (то бок, парыжскай) паліцыі, мяркуе, што да злачынства мае дачыненне «смуглявы марак», якога Мары ведала і з якім у яе быў раман. Ды той марак менавіта той, хто забіў яе.

Але тут, у лістападзе 1842, пасля таго, як дзве часткі сенсацыйнага апавядання ўжо пайшлі ў друк і калі Дзюпэн (то бок, По) мусіў указаць на сапраўднага забойцу, здарылася неспадзяванка. Фрэдэрыка Лос (мадам Дзюлюк у апавяданні), уладальніца карчмы ў прадмесцях Нью-Джэрсі, дзе і быў знойдзены труп, якая ў свой час паведаміла, што Мэры наведвала карчму некалькі гадзінаў перад знікненнем, цяпер прызналася, што ў ейнай установе шмат гадоў рабіліся незаконныя аборты і што Мэры Роджэрс у дзень сваёй смерці прыйшла, каб зрабіць такую аперацыю. Аперацыя прывяла да ўскладнення і Мэры памерла. Паводле мадам Дзюлюк, цела Мэры было кінутае адным з яе сыноў у раку.

Чуткі пра новае сведчанне прыйшлі да По з пэўным спазненнем, бо ён ужо пакінуў Нью-Ёрк. Паводле даследчыка Уолша, аўтара кнігі «По-дэтэктыў», пісьменнік цішком паспяшаўся ў Нью-Ёрк, каб выправіць ужо звярстаную трэцюю частку. Ён унёс змяненні, якія дазвалялі яму сцвярджаць, што менавіта Дзюпэн выкрыў таямніцу смерці Мэры. У канцы апавядання По піша, што «з прычынаў, якія мы не будзем тут падаваць, але якія многія нашыя чытачы зразумеюць без тлумачэнняў ... мы лічым належным адно паведаміць коратка, што мэта была дасягнутая...». Так, даволі няўцямна, завяршаецца другое ў гісторыі дэтэктыўнае апавяданне, якое якраз не выкрывае, а хавае («з прычынаў, якія зразумеюць без тлумачэнняў») ад вачэй чытачоў развязку загадкі, і як бы патрабуе ад іх паверыць, што правільнае рашэнне было знойдзена не паліцыяй, а менавіта Агюстам Дзюпэнам, на падставе шэрагу слушных высноваў аб невінаватасці папярэдніх падазраваных і дзякуючы хваласпевам, якія выдаткуе талентам Дзюпэна аўтар. Гэтак элегантным хітрыкам Эдгар По прыхоўвае сваю частковую паразу.

Можа падацца, што, нягледзячы на гэты літаратурны трук, По сапраўды намагаўся расшыфраваць забойства і нават паважаў, што даў рады гэтай місіі. У лісце да выдаўца 1842 годзе ён пісаў: «Я перакананы, што я не толькі даказаў памылковасць пашыранай думкі, паводле якой маладзіцу забіла хеўра хуліганаў, але і ўказаў на забойцу, так, што гэта надасць следству новы паварот. Мая найгалоўная мэта — зрабіць слушны аналіз, структура якога дапаможа і надалей разгадваць падобным чынам іншыя злачынствы».

Але ж атрыманне прыстойнага ганарару, прыдбанне літаратурнай славы і ўзвядзення ў ранг літаратурнага героя чалавека па-еўрапейску асвечанага, што верыць у вяршэнства навукова-аналітычнага падходу — ці былі ўсе гэтыя памкненні адзінымі матывамі для напісання апавядання? У чым зарука, што чалавек, які быў заспеты нашчадкамі на круцяльстве з перапісваннем твору, не рабіў якіх іншых хітрыкаў і раней? Ці не сведчаць некаторыя факты з жыцця Эдгара По і іх адлюстраванне ў целе апавядання, што хваласпеў навуковаму падыходу і зухаваты сюжэт — не больш чым маніпуляцыя? Ці не вядзе руплівае чытанне «Таямніца Мары Ражэ» да следства вакол асобы самога Агюста Дзюпэна і пагатоў яго стваральніка, Алана Эдгара По?

Першы факт, які прымушае задумацца: няма прамых доказаў, але цалкам-цалкам верагодна, што пісьменнік быў знаёмы з забітай, Мэры Сесіліяй Роджэрс, паколькі ён— а пра гэта сведчаць шмат якія даследчыкі жыцця і творчасці По — выдатна ведаў яе гаспадара, Джона Андэрсана. По, як сцвярджаюць яго знаёмыя, падчас свайго знаходжання ў Нью-Ёрку, быў сталым кліентам у тытунёвай краме, дзе працавала Мэры (да слова кажучы, іншымі кліентамі ў краме былі Вашынгтон Ірвінг і Джэймс Фенімор Купер). Больш за тое, По і Андэрсан нават сябравалі, і табачнік купляў рэкламныя плошчы ў часопісе Этгара По The Broadway Journal. Пра факт свайго знаёмства з гаспадаром забітай, пісьменнік, зрабіўшы нагэтулькі дакладную паралель паміж рэчаіснасцю і яе літаратурным адлюстраваннем, чамусьці не паведаміў сваім чытачам.

Зноў жа, няма наўпроставых доказаў, але цалкам верагодна, што адным з матываў напісання дэтэктыўнага апавядання «Таямніца Мэры Ражэ» было жаданне По адвесці падазрэнні ад Андэрсана. Вось довады. Джона Андэрсана дапытвалі ў пастарунку, а паводле сведчанняў адной са сваячак Мэры (хіба зноў жа неправераных), Мэры Роджэрс нават тройчы панесла дзіця ад свайго гаспадара — усе выпадкі скончыліся спаронамі. І, можа, По ўзводзіць дарэмшчыну на міфічнага «смуглявага марака», якога нават адшукаць няма як? Бо праўдападобней жа, што Андэрсан, палюбоўнік Мэры, і быў тым, хто які суправаджаў Мэры да карчмы, дзе і адбылася няўдалая аперацыя. У дадатак, як і ў «Забойстве на вуліцы Морг», што папярэднічала «Таямніцы Мары Ражэ», усю адказнасць за смерці пісьменнік ускладае на марака, які прыбыў здаля. То бок ці не ўказвае гэтае супадзенне на паспешную прыдумку літаратара, які нехлямяжа, пад ціскам абставінаў і эксплуатуючы поспех першага апавядання, намагаўся замесці сляды сапраўднага забойцы?

На першы погляд, такое дапушчэнне гучыць дзіка і недарэчна. Але ўважлівае чытанне апавядання, калі зноў і зноў вяртаешся да літаратурнага ўвасаблення Андэрсана, дае яшчэ некалькі цікавых высноваў. У забойстве на вуліцы морг Дзюпэн бярэцца за справу, каб апраўдаць свайго сябра, чыя невінаватасць зразумелая чытачу ўжо з імені, Лебон (ле бон — «добры» па-французску). І як жа завуць Андэрсана ў «Таямніцы Мары Ражэ»? Леблан (Leblanc), то бок «белы», «незаплямлены». Аўтар як бы хоча паўтарыць поспех «Забойства на вуліцы Морг», злоўжываючы даверам чытача і дзеля гэтага прыбягае да праверанага спосабу — дае чытачу фальшывую падказку. І яшчэ. У апавяданні на старонках парыжскай прэсы (у адрозненне ад рэальнай, нью-ёркскай) прыбраныя любыя згадкі пра раман паміж Лебланам і Мары. Ці ж можна бачыць у гэтых фактах намёк на ўгоду, якая спрычынілася да напісання апавядання? Цяжка сказаць акрэслена. Але калі ласка яшчэ адзін довад. Сцэна з апавядання: прэфект, які прыходзіць да Дзюпэна, каб прапанаваць яму расследаваць забойства гожай прадавачкі, угаворвае разгадаць таямніцу і прапануе яму «шчырую і надзвычай шчодрую прапанову», дэталі якой аўтар «не ў стане раскрыць, але ў якой няма ўплыву на тэму апавядання». То бок, апавядальнік, хавае ад чытачоў дэталі прапановы, якую прымае Дзюпэн, каб пачаць свае следства, завуаляваўшы іх традыцыйным літаратурным прыёмам.

Ці не наводзіць гэтая ўгода паміж прэфектам і Дзюпэнам, дэталі якой чытач не мае права ведаць, да сапраўднай здзелкі паміж По і Андэрсанам, у выніку якой пісьменнік зрабіў расследаванне, то бок апавяданне? Ці ж згадка пра яе — не адзін са слядоў, які вядзе ў рэальнае жыццё? Да гэтага толькі можна дадаць, што ўсе героі ў «Таямніцы Мары Ражэ» названыя хай сабе вымысленымі, але пэўнымі імёнамі... за выняткам прэфекта. Яго По назваў «прэфектам Г.» (у ангельскім арыгінале J.) Ці ж гэтая літара не намёк на Джона Андэрсана/John Anderson?

Так ці інакш, робіцца зразумела, што вымыслены Дзюпэн неахвотна, але выдае некалькі трывожных фактаў пра самога сябе, а, можа, і пра свайго стваральніка. Чытаем класіку — следства працягваецца.

Дрор Міш’ані,

з іўрыту, скарачаючы, паводле haaretz.co.il пераклаў Павал Касцюкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0