Газавая вайна прымусіла еўрапейцаў ад словаў пра неабходнасць пошуку альтэрнатыўных крыніцаў энергіі перайсці да канкрэтных дзеянняў.

Спыненне паставак расійскага газу ў Еўропу, якім Масква збіралася пакараць незгаворлівы Кіеў, можа бумерангам ударыць па інтарэсах «Газпрому», піша КоммерсантЪ . Еўропа, якая больш за іншых пацярпела ад газавага, прадэманстравала здольнасць знаходзіць выйсце з крызісу за кошт альтэрнатыўных крыніцаў і пастаўшчыкоў энергіі. Ужо цяпер можна казаць, падсумоўвае выданне, што расійска-ўкраінскі канфлікт дапамог Еўрасаюзу мабілізавацца на пошук шляхоў выбаўлення ад расійскай газавай апекі.

Пакуль у Брусэлі міністры энергетыкі разважаюць пра доўгатэрміновыя перспектывы і задачы, у шэрагу еўрапейскіх краінаў, у першую чаргу тых, што залежалі ад расійскага газу амаль на 100%, знайшлі выйсце з сітуацыі.

Напрыклад Грэцыя кампенсавала недахоп «газпромаўскіх» паставак газам з Алжыру і Азербайджану. Адгэтуль Афіны і надалей плануюць набываць газ у Азербайджане. Папярэдняя дамоўленасць ужо дасягнутая. З Баку дамовіліся таксама Турцыя і Італія.

Аўстрыя, якая на 70% залежыць ад паставак з Расіі, на дадзены момант разлічвае на ўласныя сілы. Як і Румынія.

У складанай сітуацыі апынуліся Сербія, дзе газавы крызіс ледзь не перарос у палітычны. Нагадаем, што пры канцы мінулага году насуперак супраціўленню апазіцыі афіцыйная Сербія падпісала з Расіяй шэраг дамоваў у сферы энергетыкі. Сярод якіх і пра пабудову газаправоду «Паўднёвая плынь». Шэраг краінаў, якія найбольш пацярпелі ад спынення паставак газу, прынялі рашэнне пра аднаўленне працы сваіх АЭС. Гэта датычыць Славеніі і Балгарыі.

У складаны час еўрапейскія краіны прадэманстравалі салідарнасць са сваімі суседзямі: Германія і Венгрыя дапамаглі газам Сербіі і Харватыі, Украіна прапанавала падтрымку Малдове і Балгарыі.

Эксперты лічаць, што Еўропа здольная вынесці з апошняга канфлікту ўрок.

«Газавая вайна аб’яднае Еўропу і забяспечыць падтрымку новай энергетычнай палітыцы Еўракамісіі, а менавіта скарачэнню імпарту газу ў параўнанні з папярэднімі планамі»,
— выказаў упэўненасць старшыня East European Gas Analysis Міхаіл Карчомкін. На яго думку, гэта можа абярнуцца катастрофай для «Газпрому».

Паводле КоммерсантЪ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0