Сёлета першынство краіны па шашках-64 сабрала досыць моцны склад, дарма што да Палацу шахмат і шашак «не даехалі» чэмпіёны Гарадзеншчыны і Менскай вобласьці. Плянавалася, што ўдзел у гульнях возьмуць дванаццаць чалавек, аднак 21–29 траўня за дошкі селі толькі дзясяцера. Зь іх – два гросмайстры, пяць майстроў рознага рангу, тры кандыдаты ў майстры.
Напачатку наперад вырваўся Ігар Міхальчанка – віцэ-чэмпіён плянэты сярод юніёраў. Але на сярэдзіне турніру маладога мэтра дагналі і перагналі больш дасьведчаныя, тэарэтычна падрыхтаваныя Яўген Кандрачэнка, Андрэй Валюк і Аркадзь Плакхін. «Міхальчанка – не баец, – ацаніў ягоны выступ галоўны судзьдзя Віталь Варушыла. – Ён рабіў зашмат кароткіх нічыіх».
У шашках, асабліва ў «рускай» вэрсіі, адносна лёгка захаваць адрыў на фінішы. Названая тройка апанавала п’едэстал. 27-гадовы нафтаздабытчык з Гомелю Яўген Кандрачэнка ня толькі захаваў чэмпіёнскі тытул, але і перавыканаў норму міжнароднага майстра.
З кандыдатаў найлепш выступіў жыхар Паставаў Іван Троцкі – 8-е месца. А на радзіме, у час папулярнага «швайцарскага» турніру «Пастаўская вясна–2006», сп.Іван на роўных канкураваў зь Я.Кандрачэнкам і А.Плакхіным…
«Чэмпіянат Беларусі лёгкім не назавеш. Шашысты – людзі са сваімі амбіцыямі, поглядамі на жыцьцё», – сказаў В.Варушыла карэспандэнту «НН». Ад падрабязнасьцяў арбітар устрымаўся.
ВР
Як бы вы згулялі
І.Гайдукевіч – Я.Кандрачэнка. Паставы, 2006. Ход чорных.
Адказ: 1…сd6! 2. ac7 hg3 3. fh2 db4 4. cd8 ef6 5. dg5 bc3. У чорных перавага, дастатковая для перамогі.