Наста Палажанка, Кася Галіцкая і Тацяна Шапуцька 14 студзеня падалі заяўку ў Мінгарвыканкам на правядзенне традыцыйнай штогадовай вулічнай акцыі, прымеркаванай да Дня святога Валянціна 14 лютага.
Сёлета мерапрыемства запланаванае крыху па іншым маршруце: збор а 18:00 на плошчы Якуба Коласа, потым шэсце праспектам да Кастрычніцкай плошчы і канчатковым пунктам праграмы мусіць стаць пляц Волі. Па словах лідэра «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча, на плошчы Якуба Коласа мусіць адбыцца невялікі перформенс, а каля ратушы канцэрт з удзелам рок‑музыкаў і выканаўцаў архаічных спеваў.
Дашкевіч кажа, што ў арганізатараў няма ілюзій наконт таго, ці дасць улада дазвол на правядзенне акцыі. У любым выпадку мерапрыемства пройдзе па запланаваным маршруце.
Тым часам у інтэрнэце пачаў працу сайт, прысвечаны гэтай акцыі. «Малады фронт» таксама напярэдадні плануе правесці канферэнцыю з удзелам палітыкаў, літаратараў, святароў.
У аргкамітэт па правядзенні шэсця на Дзень святога Валянціна ўвайшлі такія вядомыя асобы, як Аляксандр Мілінкевіч, Павел Севярынец, Уладзімір Арлоў.
Фота Юліі Дарашкевіч