Лявон Вольскі і Уладзімір Пугач запісалі і выклалі ў Інтэрнэт дуэт, прысвечаны рэкам і азёрам Беларусі.
Адбылося гэта ў межах супольнага музычнага рэтра‑праекта ў стылістыцы 50‑70‑х, рэліз якога на дысках адбудзецца ў лютым.

Песня завецца «Такога няма нідзе». Напісаў яе, як і астатнія кампазіцыі праекта, Лявон Вольскі. «Наогул дыск атрымаўся вельмі несур’ёзны, – тлумачыць аўтар. – Гэта альбом стылізацый. На ім ёсць Фрэнк Сінатра і Эдыт Піяф, кітайскія матывы і некалькі рок‑н‑ролаў. А песня з Валодзем Пугачам – гэта такі рамантычна‑патрыятычны беларускі варыянт Beatles».

Кампазіцыя прысвечана любві да беларускіх азёраў і рэк, прычым у тэксце згадана шмат назваў – ад Нёмана да Ясельды, ад Нарачы да Свіцязі. «Ідэя запісаць нешта з Пугачам была даволі даўно, але не было песні, – гаворыць Вольскі. – А тутака ўсё неяк адразу атрымалася на сто працэнтаў – і з музычнага боку, і нават, так мовіць, з ідэалагічнага. Валодзя нарадзіўся і вырас на Палессі ды яшчэ з’яўляецца вядомым аматарам адпачынку на Блакітных азёрах».

Уладзімір Пугач пагадзіўся на дуэт без ваганняў. «Перш за ўсё таму, што гэта прыгожая песня, – прызнаецца ён. – Яна складзена з простых слоў і простых эмоцый. Яе можна назваць патрыатычнай, але гэты патрыатызм не агрэсіўны і надуманы, як гэта часцяком бывае. Ён вельмі жыццёвы і чалавечны. Мне гэта вельмі спадабалася».

Песню можна спампаваць (на асабістым ЖЖ Лявона Вольскага) і афіцыйным сайце «J:морс» (www.jmors.by).
Сярод іншых удзельнікаў праекту — Павел Булатнікаў («Ляпис Трубецкой»), Віталік Артыст («Без билета»), Ганна Хітрык («ДетиДетей»), акцёры Алег Гарбуз, Святлана Зелянкоўская ды інш.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0