Стары замак у Гродне будзе адрэстаўраваны ў выглядзе каралеўскай рэзідэнцыі, якой ён быў у XVI стагоддзі.
Аб гэтым паведаміў аўтар і навуковы кіраўнік праекта рэстаўрацыі, архітэктар УП «Гроднаграмадзянпраект» Уладзімір Бачкоў.

Праблема рэканструкцыі Старога замка ў Гродне стаіць востра ўжо шмат гадоў. Апошні раз замак, у якім размяшчаюцца сёння экспазіцыі Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея, рамантавалі ў 50-я гады XX стагоддзя. Аднак доўгі час адзінай канцэпцыі рэстаўрацыі комплексу выпрацаваць не ўдавалася.

Згодна з дэталёвым планам рэстаўрацыі, які Уладзімір Бачкоў распрацаваў яшчэ каля 20 гадоў таму, палова замка (галоўны будынак з вежамі) магла быць адноўлена ў выглядзе рэзідэнцыі караля Рэчы Паспалітай Сцяпана Батуры.

Спецыяльна для караля ў 1580 годзе па праекту італьянскага архітэктара Санці Гучы замак быў перабудаваны: увянчаны дэкаратыўным атыкам, упрыгожаны рэнесанснымі архітэктурнымі дэталямі, разным арнаментам.
Другую палову замка Бачкоў задумваў аднавіць у тым выглядзе, у якім ён існаваў у XII стагоддзі: аднавіць драўляныя галерэі сцен, аднавіць Ніжнюю царкву. Паміж часткамі замка планавалася размясціць шкляны павільён, які ўмясціў бы ў сябе археалагічную экспазіцыю.

Аднак

ад рашэння сумясціць у гродзенскім замку розныя стагоддзі ў выніку вырашана адмовіцца:
замак будзе цалкам адноўлены як рэзідэнцыя Сцяпана Батуры.

Каралеўскі палац будзе ўпрыгожаны атыкам з грэбенем. Па цэнтры палацавага фасада размесціцца аркадная лоджыя. Фасады набудуць багатыя рэльефныя формы дзякуючы часаным дэталям з пясчаніку з выкарыстаннем тэхнікі графіта. Замак увянчаюць дзве вежы, Сярэдняя і Вуглавая, над уязной брамай з'явіцца купал. Унутранае ўбранне будзе адпавядаць узроўню каралеўскай рэзідэнцыі. Італьянская столь будзе ўпрыгожана разьбой і поліхраміяй. З'явяцца габелены, печы, каміны.

Ніжняя царква XII стагоддзя падлягае кансервацыі і будзе экспанавацца ў тым выглядзе, у якім яна захавалася да нашага часу.

Паводле слоў Уладзіміра Бачкова, праект рэстаўрацыі разбіты на чэргі. На сёння выканана 10 працэнтаў праектных работ. Кожны этап будзе праходзіць экспертызу і зацвярджэнне ў Міністэрстве культуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?