Згодна з даследаваннямі, праведзенымі ведамствам радыяцыйнай бяспекі ў Германіі, захворванні лейкеміяй сярод дзяцей сустракаюцца тым часцей, чым бліжэй яны жывуць да адной з дзейных у краіне АЭС. Піша Бярнард Пакульніцкі.

Калі пачаліся размовы аб будаўніцтве ў Беларусі АЭС і з’явіліся прапановы будаўнічых пляцовак, з жахам убачыў сярод іх адну — Астравецкую. Сэрца адчувала, што выбар спыніцца менавіта на ёй, бо яна знаходзіцца блізка да Літвы. На мой погляд, у гэтым выбары ёсць затоены палітычны намер. І ён прыкры.

Аднак маё непрыманне такой ідэі звязана найперш з экалогіяй.

Астравеччына пры ўсёй яе някідкай, спакойнай прыгажосці сапраўды зачароўвае разнастайнасцю, зменлівасцю краявідаў і здзіўляе шмат якімі з’явамі прыроды.
На поўдні пралеглі адгор’і Ашмянскага ўзвышша. Далей на поўнач ідзе Нарачанска-Вілейская нізіна, прарэзаная катлавінамі азёр. Шматлікія азёры распасціраюць свае воды сярод лясістых узгоркаў, пасярод зялёных лугоў, над блакітнай Вяллёй. У далінах рэк багата тарфянікаў і ройстаў — балот, парослых багуном і журавіннікам. Далей на поўнач пачынаюцца сасновыя бары, ператканыя бярозаю, елкаю, асінаю і ляшчыннікам. Лясы, якія захаваліся, яшчэ цудоўныя, глыбокія, таямнічыя, поўныя вільготных водараў і ціхага шэпту. Найпрыгажэйшая Вялля гулліва віецца ў шырокіх і павольных паваротах, месцамі сярод лесу або падплываючы да лугу, а стромкія яе берагі ствараюць маляўнічую панараму для плынных водаў. Зноў немаведама адкуль бяруцца пасмы ўзгоркаў, а сярод іх раптам выблісне азёрнае вока Падкасцёлка ці Падліп’я.
На поўначы, дзе на Сарачанку нанізана Каймінская група азёраў, або ля Полацкага тракту, побач з Катлоўкай, ледавік у свой час так спрытна пахадзіў і наварочаў, што ўсе віды беларускага ландшафту можна ўбачыць, стоячы на адным месцы. Многія беларускія пісьменнікі параўноўваюць і называюць Астравеччыну «беларускай Швейцарыяй».
Вельмі трапна падыходзяць радкі з верша паэта Платона Галавача:

Не, не веру, брат, я, каб была прыгажэй

Па пякноце сваёй Швейцарыя!...

Паглядзі толькі ты, прыгледзься бліжэй

Вокам ясным на сіні-абшары...

Гэты рэгіён Беларусі спрыяльны для развіцця ўзнаўляльных крыніц энергіі. На кожнай малой рачулцы колісь былі запруды, дзе эфектыўна выкарыстоўвалася энергія вады. Яшчэ ў 1960-я гады, едучы па шашы з Астраўца ў Міхалішкі, можна было заўважыць ля вёскі Філіпаны, на ўзгорку, вятрак, які спраўна працаваў. У самым цэнтры Астраўца, на рацэ Лошы, дзейнічаў млын, які выкарыстоўваў энергію вады. За 5 км ад Астраўца, на рацэ Лошы, у 1955 годзе была пабудавана Янаўская ГЭС. Зусім недалёка ад яе, прыкладна на адлегласці 16 км, у ніжнім цячэнні ракі Ашмянкі, амаль на мяжы з Смаргонскім раёнам, была пабудавана Рачунская ГЭС. Гэтыя дзве электрастанцыі разам мелі магутнасць больш за 2000 Квт.

Два гады таму давялося пабываць на плацінах гэтых ГЭС. Адна плаціна ўтварае Янаўскае вадасховішча, а другая — Рачунскае. Вось дзе прыклады безгаспадарчага выкарыстання аб’ектаў, якія б давалі танную электраэнергію. Плаціны захаваліся, а будынкі, дзе месціліся генератары і абсталяванне — разрабаваныя, разбураюцца. Асаблівасцю энергіі ветру, вады, біямасы і сонца з’яўляецца тое, што «сыравіна» абыходзіцца амаль бясплатна і амаль заўсёды ў наяўнасці і ў бязмежнай колькасці, толькі што выдаткі на яе выкарыстоўванне сёння яшчэ даволі высокія.

Чаму замест адной гіганцкай АЭС не скіраваць сродкі на тысячы такіх мікрапраектаў, што дадуць жыццё тысячам мястэчак і вёсак?
Напрыклад, у Германіі прыняты закон аб узнаўляльных крыніцах энергіі, ёсць прадпісанне аб эканоміі энергіі.

З Чарнобылем яшчэ не разабраліся да канца. Напрыклад, пару месяцаў таму вярнулі з Літвы 20 тон замарожаных беларускіх чарніцаў, бо ўзровень радыяцыі ў ягадах перавышаў норму ў 5 разоў. Як так, што беларускім санслужбам пляваць, і толькі літоўцы выявілі такое? А калі б ягады трапілі ў нашы крамы?

Вырашаць пытанне будаўніцтва АЭС у Беларусі трэба не ў цішы кабінетаў, а ўзважваючы розныя меркаванні.

Дзяржаўныя СМІ падаюць максімум аргументаў «за».
Прадстаўнікі мясцовай улады на Астравеччыне праводзяць агітацыйна-тлумачальныя размовы, пераконваючы мясцовых жыхароў у экалагічнай бяспецы будучага праекту, абяцаючы ледзь не рай на зямлі ў выпадку будаўніцтва АЭС у раёне. Мясцовыя
ўлады не дазваляюць жыхарам Астравеччыны нават правесці пікет супраць АЭС.

Жыхары Астравеччыны, якія будуць жыць побач з АЭС, мала ведаюць пра небяспеку, звязаную з дзейнасцю гэтага аб’екту. Ніхто ім не кажа, што няма бяспечнага ўзроўню радыяцыі для чалавечага арганізму, які б нізкі ён ні быў. Згодна з даследаваннямі, праведзенымі ведамствам радыяцыйнай бяспекі ў Германіі, захворванні лейкеміяй сярод дзяцей да пяці гадоў сустракаюцца тым часцей, чым бліжэй яны жывуць да адной з 16 дзейных у краіне АЭС.

За год працы сярэдняя па магутнасці АЭС выпрацоўвае 1000-1400 кг радыеактыўнага смецця і 250-300 кг плутонію.

Хаця на АЭС радыеактыўны пыл ачышчаюць з дапамогай фільтраў, але ўсё ж часцінкі трапляюць у ваду, папаўняючы такім чынам найбліжэйшы вадаём (не дай бог — Вяллю)
. Любая, нават самая дасканалая АЭС стварае радыеактыўны фон. А праблема радыеактыўных адкідаў? Калі іх захоўваць пад зямлёй, то рана ці позна яны дадуць аб сабе знаць і ўжо напэўна атруцяць грунтовыя воды. Дзесяткі гадоў даследаванняў не зрабілі магчымым знайсці спосабу надзейнай ізаляцыі радыеактыўных адходаў ад навакольнага асяроддзя.

У выніку неабходнасці захоўваць усе гэтыя перасцярогі,

ядзерная энергія — самая дарагая. Яна выжывае толькі там, дзе ўкладваюцца вялікія датацыі.
Вядома, можна і будаваць танненька, і не ўсе нормы выконваць — што тады здараецца, мы пабачылі ўжо ў Чарнобылі.

Як можна размяшчаць ядзерны монстр у густанаселеным рэгіёне, паблізу возера Нарач з яго ўнікальным турыстычным рэсурсам?

Дзеля нашых дзяцей, унукаў трэба сказаць «не!» будаўніцтву АЭС на Астравеччыне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?