Google паведаміў, што зачыняе ці абмяжоўвае працу некаторых сваіх сервісаў, у тым ліку такіх папулярных як Google Notebook, Google Catalogs, Dodgeball, Jaiku.
Гэтак, сервісам для запісаў, закладак і спасылак Google Notebook надалей змогуць карыстацца толькі ўжо зарэгістраваныя карыстальнікі. Навічкоў — не пусцяць, а распрацоўку гуглаўскага нататніка спыняць.
Пад скарачэнне трапіў і сервіс мікраблогаў Jaiku, які называлі ўзорам будучых сацыяльных сетак і «забойцам» Twitter’a. Кіраўніцтва Google’а пастанавіла выкласці зыходны код сервісу ў агульны доступ і перадаць падтрымку сервісу «групе добраахвотнікаў».
Замарожваецца праца відэасервісу Google’a — новыя ролікі будуць прымацца толькі на YouTube.
Паведамляецца, што ў чаканьні бясслаўнага канца знаходзіцца яшчэ адзін «забойца» ад Google’а — онлайнавая энцыклапедыя Knol, што мелася скласці канкурэнцыю «Вікіпедыі».
Таксама Google звальняе каля 100 супрацоўнікаў й зачыняе па офісе ў ЗША, Нарвегіі й Швэцыі. Гэта ў дадатак да ўжо звольненых пазаштатных супрацоўнікаў.