Такая з’ява, як дзедаўшчына, у звычайным яе разуменні, у беларускай арміі адсутнічае.
Аб гэтым сёння ў час оnline канферэнцыі на сайце БЕЛТА заявіў начальнік прэс‑службы Міністэрства абароны Беларусі Вячаслаў Раменчык.

«Выдадзены некалькі гадоў таму загад міністра абароны нумар 1, які датычыцца дысцыпліны ў войсках і прадугледжвае адмену пакарання камандзіраў за парушэнні, учыненыя іх падначаленымі, мы называем рэвалюцыяй у сістэме падтрымання правапарадку, таму што гэты прынцып марылі рэалізаваць яшчэ афіцэры царскай арміі, якіх каралі за правіннасць падначаленых. Цяпер гэты прынцып у нас дзейнічае, — адзначыў Вячаслаў Раменчык. — Дзякуючы гэтаму мы дабіліся кардынальнага зніжэння злачыннасці ў войсках. Камандзіры перасталі баяцца дакладваць аб злачынствах і сталі больш актыўна прымаць законныя меры да правапарушальнікаў. У тым ліку гэта датычыцца і такога віду злачынстваў, як парушэнне статутных узаемаадносін паміж ваеннаслужачымі (так званая дзедаўшчына). Так што мы маем права сцвярджаць, што такая з’ява, як дзедаўшчына, у прывычным яе разуменні, у беларускай арміі адсутнічае».

Паводле слоў начальніка прэс‑службы Мінабароны, гэты факт пацвярджаюць заходнія эксперты, якія ацэньвалі ўзровень дысцыпліны ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. «Вядома ж, ёсць выпадкі ўнутрыкалектыўных канфліктаў. Але такое бывае ў любых калектывах, тым больш закрытага тыпу, да якіх належаць армейскія падраздзяленні», — сказаў ён.

«Аб тым, што мы перамаглі гэту з’яву, сведчаць лічбы. Калі ў 1994 годзе каэфіцыент злачыннасці ў арміі (колькасць парушэнняў на 1 тыс. чалавек) складаў 10,9 працэнта, то ў мінулым годзе ён быў толькі крыху большы за 3 працэнты. Гэта добры паказчык эфектыўнай рэалізацыі загаду нумар 1 Міністэрства абароны. Таму аб заахвочванні камандзірамі дзедаўшчыны не можа быць і размовы», — дадаў Вячаслаў Раменчык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?