20 студзеня споўнілася 117 гадоў ад нараджэння грамадска‑палітычнага дзеяча і асветніка Браніслава Тарашкевіча, аўтара «Беларускай граматыкі для школ».

Асобу беларускага палітыка і філолага даследаваў доктар філалагічных навук, аўтар кнігі «Браніслаў Тарашкевіч» Арсень Ліс.

У інтэрвію газеце «Свабода» ён закрануў і пытанне правапісу «тарашкевіцы»:

«У аснове афіцыйнай «наркамаўкі» ляжыць менавіта «Граматыка» Тарашкевіча, — лічыць доктар філалагічных навук, даследчык жыццяпісу Б.Тарашкевіча Арсень Ліс. — Усе асноўныя лініі развіцця беларускай мовы, усе прыдумкі (ад лінгва‑граматычных тэрмінаў да фармулёвак правілаў), належаць яму. Іншая рэч, што Тарашкевіч ніколі не лічыў свой варыянт правапісу дасканалым. У прадмове да 5‑га выдання ён гаварыў, што некаторыя прапановы павінны прайсці выпрабаванне грамадскасці. Гэтак, словы «кляса», «клюб» сёння, сапраўды, не гучаць. І я ўпэўнены, Тарашкевіч не трымаўся б за іх абедзвюма рукамі. Змены, прадыктаваныя самім жыццём, непазбежныя, бо мова не скамянелы помнік, а жывы арганізм».

«Наша грамадства абавязкова прыйдзе да адзінага правапісу, — упэўнены Арсень Ліс. — Праблема ў тым, што пытанне не ставіцца на шырокае абмеркаванне. Усё вырашаюць дэпутаты, якія беларускай мовай не карыстаюцца. Мяркую, што па меры ўмацавання дзяржаўнасці праблемы мовы і культуры будуць вырашацца больш узважана і аб’ектыўна. Спадзеву надае і надзвычай багатая дыялектыка нашай мовы, якая далёка не вычарпана. Асабліва на поўначы Беларусі, у рэгіёне старой крывіцкай цывілізацыі, дзе наш этнас найменш размыты».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0