А вось скарачэння тэрміновай службы пакуль не плануецца. Як і пераходу да прафесійнай арміі.
«Ніводная кантрактная армія яшчэ не справілася ні з адной вайной. Заўсёды ў бітвах перамагаў народ, які прыходзіў з запасу» — заявіў прадстаўнік Генштабу Мінабароны палкоўнік Андрэй Мурашоў у часе оnline-канферэнцыі на сайце БЕЛТА. Па яго словах, пераход цалкам на кантрактную службу немэтазгодны і эканамічна не выгадны.
Не плануецца і скарачэнне тэрміновай службы. Сёння ў беларускім войску служаць 18, 12 і 6 месяцаў.
Альтэрнатыўная служба будзе. Адпаведны праект распрацаваны Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, але пакуль не прыняты парламентам. Але закон гэты будзе па-за кампетэнцыяй Мінабароны, бо альтэрнатыўная служба па вызначэнні не з’яўляецца вайсковай.
Ад войска перасталі хавацца — некалькі гадоў таму кожны пяты прызыўнік ухіляўся ад ганаровага абавязку, у мінулы прызыў такіх было 2 са 100 чалавек. Мінабароны таксама нагадвае студэнтам замежным ВНУ пра неабходнасць паведаміць пра сваё навучанне ў ваенкамат, каб не патрапіць у спіс невыязных.
«Дзедаўшчыну» вынішчылі загадам міністра абароны. Некалькі гадоў таму Леанід Мальцаў падпісаў загад, які мусіў вырашыць пытанне дысцыпліны ў войску. Ён прадугледжваў скасаванне адказнасці камандзіраў за злачынствы падначаленых. Дзякуючы гэтаму камандзіры пачалі перасталі ўтойваць факты злачынстваў, здзейсненых падначаленымі, у тым ліку і выпадкі парушэння статутных узаемаадносін паміж вайскоўцамі. У выніку, падкрэсліў В. Раменчык, можна казаць пра выкараненне такой з’явы, як дзедаўшчына.
Статыстыка самагубстваў у войску адкрытая. Але ў войску кажуць не пра суіцыд, а пра «гібель вайскоўцаў у часе выканання сваіх абавязкаў», сказаў начальнік прэс-службы Мінабароны. У 2008 годзе загінулі два чалавекі, гэтулькі ж у 2007-м.
Сярод прызыўнікоў амаль няма асобаў з нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыяй, але ізноў такі, гэта не вызваляе іх ад праходжання мерапрыемстваў прызыву. Прызыўнік можа быць вызвалены ад праходжання вайсковай службы толькі ў выпадку, калі будзе прызнаны нягодным паводле стану здароўя. І не трэба прыкрывацца палітычнымі поглядамі, ці сексуальнай арыентацыяй, папярэдзіў палкоўнік Мурашоў.
Прадстаўнікі Мінабароны запэўніваюць, што беларускія салдаты харчуюцца не горш за натаўскіх — у іх рацыён уваходзяць мяса, садавіна, гародніна, багатыя неабходнымі вітамінамі. А ў гэтым годзе будзе зладжаны эксперымент, у часе якога нашых вайскоўцаў будуць карміць паводле сістэмы «шведскі стол».
З 15 па 31 студзеня ў войска накіруецца каля 10 тысяч маладых людзей. Усяго ў зімовай прызыўной кампаніі возьме ўдзел каля 86 тысяч прызыўнікоў. Урачыстая прысяга ва Ўзброеных сілах адбудзецца 7 лютага.