Беларускія выдавецтвы за 2008 выпусьцілі столькі кніг, што калі скласьці іх наклады ды падзяліць на колькасьць беларусаў, на аднаго чалавека выйдзе амаль 6 кніг.

Але толькі кожная 15‑я кніга ў Беларусі выдаецца на беларускай мове. Гэта мімаходзь адзначыў учора на прэсавай канфэрэнцыі намесьнік міністра інфармацыі Ігар Лапцёнак. Спадар Лапцёнак паведаміў, што за 2008 год у краіне выйшла ў сьвет 13 290 найменьняў кніг, зь іх па‑беларуску — 879, а гэта — прыкладна толькі кожная 15‑я. Наклад беларускамоўных кніг у 2008 годзе склаў разам 3 мільёны 50 тысяч асобнікаў, ці 5,5% ад агульнага накладу выдадзеных кніг. Гэта значыцца, што калі раптам усе грамадзяне Беларусі захочуць разам набыць па беларускай кніжцы, хопіць толькі кожнаму трэцяму.

Намесьнік міністра адзначыў, што ў параўнаньні зь 2007 годам колькасьць беларускамоўнай літаратуры скарацілася на 7 адсоткаў. Лапцёнак лічыць, што прычына гэтага — попыт. Бо выдавецтвы друкуюць тое, што купляецца. А купляюцца, паводле чыноўніка, даведнікі, слоўнікі, дапаможнікі ды энцыкляпэдыі.

Апроч колькасьці найменьняў кніг, Ігар Лапцёнак агучыў лічбы й па накладах. У 90‑х гадах сярэдні наклад выдадзенай у Беларусі кнігі складаў 10‑15 тысяч асобнікаў, сёньня — крыху болей за 4 тысячы.

Польскае радыё для замежжа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0