«Ахова птушак Бацькаўшчыны» звярнулася да прэзідэнта з просьбай садзейнічаць хутчэйшаму спыненню ў Беларусі вясновага палявання на водна‑балотных птушак

22 студзеня грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) перадала ў Адміністрацыю прэзідэнта зварот з просьбай садзейнічаць хутчэйшаму спыненню ў Беларусі вясновага палявання на водна‑балотных птушак.

Як паведаміў БелаПАН спецыяліст па экалагічнай адукацыі АПБ Руслан Шайкін, свае подпісы пад зваротам з просьбай закрыць вясновае паляванне на водна‑балотных птушак паставілі звыш за 20 тыс. грамадзян Беларусі.

Гэтую кампанію падтрымалі, у прыватнасці, супрацоўнікі навукова‑практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах, Беларуская праваслаўная і Рымска‑каталіцкая цэрквы, удзельнікі гуртоў N.R.M., «Крамбамбуля», «Крама», гродзенскі бард Віктар Шалкевіч.

Як зазначыў Р.Шайкін,

вясновае паляванне забаронена паўсюдна ў Еўропе. Вучоныя даказалі, што яно наносіць значна большы ўрон папуляцыі водна‑балотных птушак, чым восеньскае: вясной адстрэльваюцца птушкі, якія перазімавалі і павінны ўдзельнічаць у размнажэнні.
Птушкі, якія гняздуюцца, таксама адчуваюць пастаянны стрэс ад знаходжання ў іх угоддзях паляўнічых, сабак, ад стрэлаў. Гэта вядзе «да зніжэння поспеху іх размнажэння», гібелі кладак і вывадкаў. Вясновае паляванне негатыўна адбіваецца і на рэдкіх і знікаючых відах птушак, якіх забаронена здабываць. Рэдкія віды селяцца побач з масавымі, і наступствы палявання таксама згубныя для іх. Як вынік — колькасць шэрагу відаў водна‑балотных птушак у Беларусі ў апошнія дзесяцігоддзі пастаянна зніжаецца.

«Збядненне папуляцыі многіх відаў водна‑балотных птушак адзначаюць не толькі вучоныя, гэта ўсё часцей і часцей прызнаецца і самімі паляўнічымі», — падкрэсліў Р.Шайкін. Так, у ліку падпісантаў звароту — ганаровыя члены грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў».

«Мы спадзяемся, што зварот да прэзідэнта адыграе сваю ролю, і будзе прынята рашэнне аб адмене вясновага палявання на водна‑балотных птушак», — зазначыў спецыяліст.

Паводле яго слоў, цяпер у Беларусі налічваецца 34 віды водна‑балотных птушак, некаторыя з іх толькі пралятаюць цераз тэрыторыю краіны. У ліку водна‑балотных птушак — гусі, качкі, казаркі, лебедзі, савукі. Згодна з апошнімі звесткамі ўліку птушак у краіне, колькасць самага масавага віду качак — крыжанкі — ацэньвалася прыблізна ў 60—100 тыс. асобінаў, шэрых гусей — у 50—250 пар.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0