Сярэдняя ўваходная цана на газ для Беларусі складзе 148 даляраў. Пра гэта заявіў намеснік прэм'ер-міністра Андрэй Кабякоў на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Напачатку быў адзначаны станоўчы рост эканомікі краіны за 2008 год. Рост ВУП склаў 10%. Адмоўныя паказчыкі былі толькі па двух пунктах — імпарт і сальда.

«Натуральна, што рост эканомікі будзе замаруджаны ў сувязі з сусветным крызісам. Цяпер мы ацэньваем глыбіню. Найперш пралічваем нават не ўласныя магчымасці, а магчымасці нашых партнёраў. Праблемы заключаюцца не толькі ў падзенні попыту на прадукцыю, але ў змяншэнні цэнаў. З бытавога гледжання гэта добра, але не для таваравытворцаў. Цяпер мы будзем вымушаныя прадаваць прадукцыю ніжэй сабекошту. Гэта цяжка хаця б з псіхалагічнага пункту гледжання», — сказаў віцэ‑прэм’ер.

У сувязі з дэвальвацыяй шмат хто з гандляроў павялічыў цэны на прадукцыю на 20% і больш.

Паводле Кабякова, прэзідыум ураду прыняў пастанову аб правядзенні праверак на цэнаўтварэнне, хаця ў краіне і быў абвешчаны паўгадавы мараторый на праверкі. Толькі ў Мінску было вынесена каля 50 падобных адміністрацыйных папярэджанняў. «Некаторым трэба ўправіць мазгі», — рэзка зазначыў чыноўнік.

Ацэначная сярэдняя цана на газ для прамспажыўцоў у Беларусі складзе ў 2009 г. 175 даляраў. Пры гэтым сярэдняя ўваходная цана на мяжы Беларусі будзе 148 даляраў за тысячу кубаметраў.

Гэта даволі высокая. хоць і прадказальная лічба: сярэднегадавая цана для Ўкраіны складзе 229 даляраў. Нагадаем, што летась Украіна плаціла 178, а Беларусь — 126 (119—128) даляраў.

Міністр эканомікі Мікалай Зайчанка зазначыў, што інфляцыя стала больш хуткай. Інфляцыя ў студзені складзе арыенціровачна 3,5%. Разам з тым, улады пакуль не пераглядаюць прагноз росту эканомікі на 11%, які быў запланаваны летась.

Андрэй Кабякоў заявіў, што масавых звальненняў на прадпрыемствах не будзе.
Хаця пацвердзіў, што на шэрагу прадпрыемстваў ёсць праблемы з «няпоўнай занятасцю». Прэм’ер‑міністр Сідорскі займае па гэтым пытанні жорсткую пазіцыю і кіраўнікі, якія злоўжываюць гэтай мерай, могуць быць звольненыя.

«Можа быць мы пойдзем на шкоду прыбытку, але трэба падтрымліваць людзей», — гаворыць А.Кабякоў.

Таксама віцэ‑прэм’ер паспрабаваў запэўніць, што атрымаецца захаваць сённяшні курс рубля.

Намеснік прэм'ер-міністра Андрэй Кабякоў. Фота Юлii Дарашкевiч

Намеснік прэм'ер-міністра Андрэй Кабякоў. Фота Юлii Дарашкевiч

Мiнiстр эканомiкi Мiкалай Зайчанка. Фота Юлii Дарашкевiч

Мiнiстр эканомiкi Мiкалай Зайчанка. Фота Юлii Дарашкевiч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?