Лукашэнка спадзяецца, што фінансавы крызіс скончыцца праз-год паўтара. Так заявіў ён 23 студзеня на сустрэчы з навукоўцамі.

Сапраўды, гэта быў бы для яго ідэальны варыянт. Уявіце сабе: акурат пад новыя выбары пачынаецца эканамічны пад'ём. Шок ад аперацыі «Дэвальвацыя» ў масавай свядомасці датуль прытупіцца. А вось рост — нават сімвалічны — заробкаў ды пенсій перад чарговай «аддачай галасоў» можа зрабіць на электарат уражанне. Падумаюць: бач, выкараскаўся і з гэтай яміны!

Ва ўсякім разе, выносіць канчатковы прысуд тэфлонаваму рэйтынгу я б не спяшаўся. Тым болей што да тае пары, пакуль у краіне няма мінімальных умоў для канкурэнтнай палітыкі, усе рэйтынгі — вялікая абстракцыя.

Канечне, калі ўявіць, што саспелі гронкі гневу і 80% не прымаюць уладу, то тут і механізм «элегантных перамог» можа даць збой. Калі ж народ трывае і нават радуецца падачцы перад выбарамі, то астатняе — справа тэхнікі.

На сустрэчы з навукоўцамі Лукашэнка акурат і зазначыў:

«Крызіс пройдзе хутка — за год-паўтара. У гэтай сітуацыі не на барыкады трэба ісці, а ператрываць, перажыць, працуючы».

Мусіць, вытыркнуліся стоеныя трывогі. Натуральна ж, не сівыя акадэмікі бачацца на гіпатэтычных барыкадах. Падчас эскалацыі крызісу (а пакуль жа толькі кветачкі) важна ўратаваць збудаваную сістэму ўлады ад масавай незадаволенасці, стыхійных бунтаў.

Навукоўцы выслухалі папрокі за тое, што не прадбачылі крызіс і зараз не генеруюць моцных ідэй, як выкарасквацца. І — каштоўнае ўказанне, што «ў развіцці дзяржавы асноўны ўпор трэба рабіць не на энергетычныя, матэрыяльныя рэсурсы, а на вытворчасць ды інтэлект».

Згадалася, як акадэмік Вайтовіч распавядаў мне пра хаджэнні па пакутах падчас свайго прэзідэнцтва (тады гэты тытул яшчэ дазваляўся :) ў Акадэміі навук.

Яшчэ ў 90-х кіраўніцтва Акадэміі прабівала ў высокіх кабінетах ідэю інавацыйнага развіцця краіны, але гэта было біццё галавой аб сценку. На Вайтовіча глядзелі як на дзівака: нашто той тлум, калі і так казырная карта ідзе! Расійская дурніца здавалася вечнай.

Са слоў Вайтовіча, «у 1997-м мы прапанавалі стварыць зону высокіх тэхналогій. Тады прапаноўвалася назва “Акадэмтэхнаполіс”. Фактычна гэта была тая самая ідэя, што праз сем гадоў пачне прапагандавацца зверху ў выглядзе так званай беларускай Сіліконавай даліны».

Тады навукоўцы нават праект адпаведнага прэзідэнцкага ўказу падрыхтавалі. «Наіўна думалася, што за такую пэрспектыўную ідэю адразу ўхопяцца, — расказваў Вайтовіч. — Я сам ездзіў з тым праектам па розных інстанцыях, каб атрымаць візы высокіх чыноўнікаў. Але яны пераважна адбіваліся, як ад нейкай непатрэбшчыны».

А яшчэ Вайтовіч патрапіў пад раздачу, калі з трыбуны 2-га Усебеларускага народнага сходу заявіў пра неабходнасць актыўна прыцягваць замежныя інвестыцыі. Галоўны начальнік сказаў тады, што заходнія кампаніі ніколі не будуць «інвеставаць сумленна і прыстойна» і што інвестыцыі ў Беларусь могуць прыйсці хіба што з Расіі.

Яшчэ больш, нават у 2006 годзе, ужо на 3-м Усебеларускім сходзе, Лукашэнка заявіў, што прыцягненне замежных інвестыцый не вырашае эканамічных праблем, а наадварот, можа прывесці краіну да залежнасці:

«...Замежныя грошы проста так ніхто не дае. Хочаце сесці на іголку амерыканцаў, еўрапейцаў, яшчэ некага? Лёгка на яе ўскочыць, а вось, груба кажучы, саскочыць з яе потым будзе надта цяжка».

Пры канцы 2005-га на прэс-канферэнцыі для расійскіх журналістаў ён даволі грэбліва казаў, што замежныя інвестары «як прусакі лезуць ва ўсе дзіркі, ва ўсе шчыліны».

Зараз тэма «Не дамо распрадаць Радзіму!» рэзка згорнута, а тых «прусакоў» ловяць нават на туманным Альбіёне :), ладзячы дарагія (але, здаецца, практычна нулявыя) форумы.

Яшчэ трохі рэтра. Ужо зусім фантастыкай гучыць фраза з сакавіка 2006 года: «Нават у самыя цяжкія часы мы не карысталіся чужымі грашыма і практычна не маем дзяржаўнага доўгу. Калі ў нас паўтара мільярда долараў доўг, то мы за год можам аддаць гэтыя грошы».

Крызіс не пакінуў і каменя на камені ад самаўпэўненай рыторыкі. Галоўнае ж — поўнае фіяска самой прапахлай нафталінам эканамічнай мадэлі. Ну а крэдытаў (калі браць сукупную запазычанасць) дык ужо нахапаліся амаль што на 20 мільярдаў, і гэта не апошнія.

Пакутлівая эканамічная самаадукацыя кіроўнай вярхоўкі праз шматгадовыя эксперыменты над 10-мільённай краінай абыходзіцца нацыі дарагавата.

І хто ж ведаў, што дурніца не вечная? Ну што ж, сапраўды, тыя яйкагаловыя не папярэдзілі пра крызіс?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?