11‑гадовы мексіканскі хлопчык стаў самым юным матадорам, што ўсталяваў сусветны рэкорд, забіўшы шэсць маладых быкоў у адным баі.

Відэаплёнка карыды адпраўлены ў кнігу рэкордаў Гінэса.

«Я цешуся, што дабіўся гэтай вялікай перамогі», — сказаў Мічэліта Лагравэрэ Пенічэ, пакідаючы рынг у Мерыдзе — горадзе ў штаце Юкатан на ўсходзе Мексікі.

Гэты бой яшчэ да яго пачатку выклікаў вострыя спрэчкі, і да апошняй хвіліны было няясна, ці адбудзецца ён.

Мэр Мерыды першапачаткова наклаў вета на ўдзел хлопчыка ў карыдзе праз моцны ціск і пратэсты з боку арганізацый, што абараняюць правы дзяцей, а таксама груп, што патрабуюць забараніць карыду.

Але гарадская пракуратура за некалькі хвілін да пачатку бою, адмяніла рашэнне мэра, пасля таго, як бацька хлопчыка, былы французскі тарэадор, падаў апеляцыю на забарону сыну ўдзельнічаць у карыдзе.

Бой, у якім удзельнічаў юны тарэадор, выклікаў вялікі ажыятаж. Паглядзець на Мічэліта сабраліся каля 3 500 чалавек, у тым ліку мноства дзяцей.

У свеце карыды Мічэліта і да гэтага бою быў зоркай міжнароднага маштабу. Ён упершыню выйшаў на рынг у 4 гады, а ў 6 забіў свайго першага быка і
з таго часу перамог дзесяткі быкоў у розных частках свету.

«Тыя, хто не любіць карыду, хай не сунуць свой нос у тое, што ім не падабаецца. Ніхто не прымушае іх глядзець баі быкоў ці чытаць пра гэта. Гэта як, напрыклад, я сказаў бы хлопчыку, што ўдзельнічае ў аўтагонках не рабіць гэтага — бо гэта сумна», — сказаў Мічэліта перад тым, як пайсці усталяваць сусветны рэкорд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0