На свой стогадовы юбілей Гедройц вярнуўся на радзіму.

Ежы Гедройц назаўжды зьехаў зь Менску ў 1919 годзе. На свой стогадовы юбілей сёлета ён вярнуўся на радзіму – крадком, патаемна, нібы непажаданы, хоць і не забаронены госьць. Навуковая канфэрэнцыя «Канцэпцыя УЛБ (Украіна, Літва, Беларусь): ад ідэі да рэалізацыі» сьпярша мелася адбыцца ў Менскім Міжнародным цэнтры ІВВ, але ў апошні момант была перанесеная ў муры польскага пасольства – не зь віны арганізатараў.

Адмова ў памяшканьні ІВВ выглядае тым больш дзіўна на фоне словаў публіцыста Леапольда Унгера, паплечніка Гедройца ў выданьні «Kultury»: «Беларусь ня мела большага абаронцы ў пляне сваіх культурных правоў, чым Гедройц». Л.Унгер прыехаў у Менск разам з іншымі супрацоўнікамі легендарнага парыскага часопісу – прафэсарам-украінцам Багданам Асадчуком і расейскай паэткай Натальляй Гарбанеўскай.

Менскія гады жыцьця Гедройца пакідаюць яшчэ шмат загадак для дасьледнікаў. Паводле словаў гісторыка Ўладзімера Дзянісава, імя бацькі Гедройца няма ні ў сьпісе землеўладальнікаў, ні ў сьпісе кватэрнага падатку. Вядома, што сям’я жыла незаможна і таму, відаць, здымала жытло ў кагось з сваякоў. Дзе і ў каго – пытаньні для далейшага дасьледаваньня.

Варшаўскі дасьледнік Марак Жаброўскі як біёграф рэдактара «Kultury» падзяліўся іншымі вынікамі сваіх дасьледаваньняў. Паводле ягоных словаў, у Менску Гедройц атрымліваў толькі хатнюю адукацыю, а навучацца ў гімназіі пачаў ц Маскве. Беларускія гісторыкі скептычна паставіліся да цьверджаньняў госьця. «Я думаю, усё ж, што навучацца Гедройц пачаў у Менску. Але мужчынская гімназія тады ў ваенных умовах займалася ў другую зьмену ў будынку жаночай гімназіі, і гэтага парадоксу Гедройц ня змог вынесьці», – напаўжартам запярэчыў прафэсар Захар Шыбека.

Культурная спадчына Гедройца, якую абмяркоўвалі на канфэрэнцыі, – гэта духоўная спадчына Вялікага Княства Літоўскага. Спадчына непадзельная і прыналежная адразу некалькім народам. Сяргей Кавалёў прапанаваў напісаць гісторыю літаратуры ВКЛ супольнымі намаганьнямі ўсіх спадкаемцаў Княства – беларусаў, літоўцаў, украінцаў і нават палякаў. Асабліва гэта датычыць лацінамоўнай літаратуры: «Ясна, што на творчую спадчыну Мажвідаса беларусы не прэтэндуюць, як і літоўцы – на творчую спадчыну Скарыны».

Сэнсацыйным быў выступ Міколы Хаўстовіча, які распавёў, што беларусы адзначалі сьвята 25 Сакавіка яшчэ ў 1830-х. Беларускія эмігранты, якія пасьля паразы паўстаньня 1830–1831 гг. згуртаваліся ў Парыжы ў «Таварыства Літоўскае і Зямель Рускіх», адзначалі гэтае сьвята як пачатак паўстаньня на тэрыторыі ВКЛ. Што праўда, сьвяткаваньне доўжылася толькі некалькі гадоў, бо неўзабаве таварыства распалася...

Найбольшыя спрэчкі выклікаў выступ доктара права Даруса Вілімаса з Інстытуту гісторыі Літоўскай акадэміі навук. Віленскі госьць зазначыў, што тэорыя пра беларускі характар ВКЛ зараджалася ў 1920-я пад патранажам тагачасных уладаў БССР. Доказам гэтага ён назваў мэмарандум, пададзены Вацлавам Ластоўскім у ковенскую амбасаду БССР. Крытыку віленскага госьця выклікала і канцэпцыі Міколы Ермаловіча і Алеся Краўцэвіча наконт утварэньня ВКЛ. Ажно Б.Асадчук жартам спытаўся ў свайго суседа, паказваючы на выступоўцу: «Ці мае ён з сабой літоўскіх ахоўнікаў?» Аднак па-за цывілізаваныя межы спрэчка ўсё ж ня выйшла...

Госьці разьехаліся, а Гедройц... Ёсьць верагоднасьць, што неўзабаве князь Ежы вернецца на сваю радзіму ўжо назаўжды – госьцем жаданым і чаканым: удзельнікі канфэрэнцыі пастанавілі хадайнічаць перад менскімі ўладамі, каб імя Гедройца надалі адной з сталічных вуліцаў і адной зь менскіх школаў. Дазвол вывесіць адмысловую шыльду вырашылі папрасіць ў каталіцкіх уладаў: падчас канфэрэнцыі стала вядома, што хрысьцілі Ежы Гедройца ў катэдральным саборы. Пра гэта распавёў М.Жаброўскі, які знайшоў адпаведны мэтрычны запіс. (Каб такая шыльда зьявілася на касьцёле сьвятога Роха, дзе, як лічылася раней, быў хрышчаны слынны мянчук, прымаў захады Адам Мальдзіс. Аднак атрымаў адмову ад каталіцкіх герархаў: маўляў, Гедройц быў асобай сьвецкай, таму ня варта вешаць шыльду яго памяці ў касьцёле. Аргумэнтуючы няслушнасьць гэтых довадаў, дасьледнік беларускае мінуўшчыны згадаў прыклад Уладзіслава Сыракомлі, чыя мэмарыяльная шыльда вісіць у нясьвіскім касьцёле. Пасьля сьмерці «Літоўскага Салаўя» ксёндз адмаўляўся адпяваць яго праз «амаральнасьць» нябожчыка: Сыракомля даў нагоду шматлікім перасудам, калі ня тоячыся паехаў за гастралюючай акторкай – жонкай свайго сябра Кіркора.)

Калі ж менскія ўлады ня знойдуць ахвоты ўвекавечніць імя славутага земляка, паэт і філёзаф Ігар Бабкоў прапанаваў зрабіць віртуальную шыльду: у Інтэрнэце яе можна прымацаваць на выяву любога менскага будынку. Рэальная ж шыльда можа зьявіцца на фасадзе ўкраінскага пасольства ў Менску, для чаго не спатрэбіцца дазволу беларускага боку: будынак ёсьць уласнасьцю Ўкраіны. (Польшча сваёй уласнасьці ў Менску ня мае.) «Гедройц шмат зрабіў для паразуменьня паміж украінцамі і палякамі. А ў параўнаньні з тым канфліктам, вашыя беларуска-літоўскія спрэчкі выглядаюць проста дзяцінымі», – абгрунтаваў сваю думку Б.Асадчук пры канцы канфэрэнцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0