11 чэрвеня ў Глыбокім завершыўся ІІ Міжнародны каталіцкі фэстываль хрысьціянскіх фільмаў і телепраграм «Magnificat-2006».

Як і летась, Гран-пры было вырашана не прысуджаць. Карціна Галіны Адамовіч «Завядзёнка», якая выглядала на фаварыта, атрымала толькі ўхвальны дыплём за высокі прафэсійны ўзровень.

Найлепшым дакумэнтальным фільмам прызнаная стужка чэскіх аўтараў «Уганда, пакутная пэрліна Афрыкі». Фільм Леаша Рышкі распавядае пра краіну, якую разьдзірае грамадзянская вайна. Бунтаўнікі з «Гасподней арміі вызваленьня» крадуць дзяцей — і вучаць іх забіваць. А місіянэры апекуюцца ўцекачамі і дапамагаюць вярнуцца дзецям да нармальнага жыцьця.

Карціна была заслоненая ўрачыстасьцямі першага дня — і таму яе вылучэньне выглядае на дзіва.

Прыз каталіцкай асацыяцыі для камунікацый «Signis-Belarus» атрымала стужка Міхаіла Якжэна «Родная душа» інфармацыйнага агенцтва Беларускай Праваслаўнай Царквы. Карціна распавядае пра ігумена Нікана, «мучаніка за Хрыстовую веру».

Айцы францішкане ўпадабалі фільм Мікалая Князева «Серафімавы браты», якая паказвае жыцьцё прааваслаўных манахаў. Стужку Беларускага відэацэнтру адзначылі «за яскравае ўвасабленаьне вобразу Сьвятара — настаўніка, лекара чалавечых душ».

Братэрскага фэсті «Непакалянаў» зацікавіла карціна Ўладзімера Бокуна «Сям’я Скробат». Выпуск з тэлецыклю «Лёс чалавека» гаворыць пра цудоўныя падзеі ў сям’і, зьвязаныя з выратаванай статуяй Дзевы Марыі.

А Глыбоцкаму райвыканкаму спадабаўся просты беларускі фільм Вольгі Марокавай і Максіма Міхальцова «Палоньнікі схільнасьцяў» — на актуальную тэму барацьбы з наркаманіяй і алкагалізмам.

Расейская стужка на тую ж тэму «Я сустрэў Бога ў цемры» адзначаная гільдыяй кінакрытыкі Беларускага саюза кінэматаграфістаў «за цэласнасьць зьмястоўнага і вобразнага вырашэньня сацыяльнай тэматыкі».

А чорна-белы латыскі дыямэнт Інэсы Клявы «Пасьля слова «Амэн» пазначаны адмысловым прызам журы. Рэжысэрка сутыкае тэатральна-атэістычную індустрыю пахавальных кантораў — і ціхае слова пастара.

Сярод тэлепраграмаў стужка «Бог дзейнічае празь людзей» Дар’і Юркевіч была па-за канкурэнцыяй. Гэты выпуск тэлепраграмы «Існасьць» паказвае адзін дзень з жыцьця ксяндза Юзафа Булькі. Трапныя назіраньні, удалыя дэталі і дасьведчаны мантаж маладой рэжысэркі (яна шчэ вучыцца ў Акадэміі мастацтваў) вылучаюць стужку ня толькі на агульным тле беларускае тэлевізіі — але й робяць яе годнай на міжнародным фэсьце — побач зь іншымі перадачамі.

Фільм Дар’і Юркевіч быў адзначаны галоўным прызам за лепшую тэлепраграму — і, бадай, толькі з гэтым прызам не было інтрыгі.

Усяго ў фэсьце прынялі ўдзел 28 фільмаў з 8 краінаў.

Налета гледачы ўбачаць новыя нечаканкі.

Андрэй Расінскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0