Уладзімір Макей, photo.bymedia.net

Уладзімір Макей, photo.bymedia.net

Пры Адміністрацыі прэзідэнта ствараецца Грамадска‑кансультацыйная рада. У яе маюць увайсці таксама Трусаў, Багданкевіч, Нісцюк, Заіка.
Узначальвае Раду кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей. Асноўныя мэты — абмеркаванне актуальных пытанняў развіцця дзяржавы і грамадства, выпрацоўка прапановаў па больш актыўным далучэнні да агульнасусветных працэсаў, удасканаленне напрамкаў сацыяльна‑эканамічнага і палітычнага развіцця краіны, паведаміла 28 студзеня прэс‑служба Лукашэнкі.

Ужо вядома, што ў склад Рады пагадзіліся ўвайсці многія прадстаўнікі незалежнага грамадства. Першымі да супрацы запрасілі Беларускі Хельсінскі камітэт, таму і пайшла інфармацыя, што рада найперш будзе займацца пытаннем правоў чалавека.

Потым стала зразумела, што аналагічныя прапановы атрымалі і прадстаўнікі палітычных сілаў. У прыватнасці, тэлефонны званок з Адміністрацыі паступіў у офіс Руху за Свабоду.

«Была вусная прапанова ўвайсці ў склад Рады.

Мы расцэньваем яе не як персанальную прапанову Аляксандру Мілінкевічу, а ўсяму Руху.
Хто менавіта будзе прадстаўляць нас у Радзе, пакуль не вырашылі. Але што пагодзімся на ўдзел, то без сумневаў. Спадзяёмся, што па меры магчымасці будзем уплываць на прыняцце рашэнняў», — кажа намеснік Мілінкевіча па Руху за Свабоду Віктар Карняенка.

Тэлефанавалі з Адміністрацыі і старшыні Таварыства беларускай мовы Алегу Трусаву.

«Так, я пагадзіўся. Адзінай умовай паставіў, што справаводства ў Радзе павінна весціся і на беларускай мове. Яны адразу пагадзіліся. Ад удзелу ў падобных групах мы нічога не прайграём,
а выйграць можна вельмі многае. ТБМ ніколі не баялася супрацоўніцтва з уладамі. Вось і літаральна пару дзён таму меў сустрэчу з Аляксандрам Зімоўскім», — кажа А.Трусаў.

Вядома, што персанальнае запрашэнне прыйшло былому кіраўніку Нацбанку, ганароваму старшыню АГП Станіславу Багданкевічу. Ён, у прынцыпе, таксама не супраць.

Даў сваю папярэднюю згоду і былы сацыял‑дэмакрат Уладзімір Нісцюк, які ўжо неаднаразова заклікаў апазіцыю да супрацоўніцтва з уладамі, а таксама добра адгукаўся пра Аляксандру Лукашэнку. Нісцюк таксама перакананы, што трэба ўваходзіць.

Старшыня БСДП, якую не запрасілі ў раду, Анатоль Ляўковіч пацікавіўся, а каго будзе там прадстаўляць Нісцюк, бо зараз ён беспартыйны.

Сп.Уладзімір сказаў,

што — «выпускнікоў Сувораўскіх і Нахімаўскіх вучэльняў».

Будзе ў радзе і эканаміст Леанід Заіка. Віктар Івашкевіч і Сяргей Калякін пацвердзілі, што ад партый БНФ і ПКБ адпаведна нікога з Адміністрацыі не запрашалі.

Ад новага году розных радаў і камісій з удзелам прадстаўнікоў незалежнага грамадства нарабілі нямала. Тут табе і Раманчук ва ўрадавай камісіі па маркетынгу, і Сярэдзіч у радзе пры СМІ, і Мілінкевіч, якога запрашае да супрацы Адміністрацыя прэзідэнту. Але пакуль што вакол гэтых камісій адны размовы, ніякіх рэальных паўнамоцтваў яны не маюць.

Зміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0