З 1 лютага 2009 г. на Беларускай валютна‑фондавай біржы ўводзіцца дэ‑факта забарона на набыццё замежнай валюты пад імпартныя кантракты.

Нацыянальны банк ужо давёў да банкаў вусную абавязковую да выканання рэкамендацыю.

Як паведаміў АФН прадстаўнік аднаго з банкаў, беларускім банкам прапанавана задавальняць заяўкі кліентаў цераз пакупку валюты на міжбанкаўскім рынку.

«З 1 лютага БВФБ ператворыцца ў пляцоўку, на якой будзе ажыццяўляцца толькі абавязковы 30% продаж валюты», — сказаў ён.

Забаронная рэкамендацыя Нацбанка істотна адаб’ецца на працы імпарцёраў, калі і наогул не пакладзе на абедзве лапаткі многія прадпрыемствы, што сутыкнуцца са значнымі цяжкасцямі пры набыцці валюты пад імпартныя кантракты — сёння на ўнутраным міжбанкаўскім рынку валюту знайсці не так ужо і проста.

Але гаворка ідзе не толькі пра магчымае скарачэнне патоку імпартных тавараў у краіну. Адной забаронай на набыццё валюты на біржы імпарт не спыніш. Імпарцёры разам з банкамі будуць шукаць магчымасць набыцця валюты на міжбанку.

Але, відавочна, што Нацбанк сутыкнецца з самай цяжкой для яго праблемай — множнасцю курсаў.

Гэта паставіць беларускія ўлады ў вельмі няёмкае становішча перад МВФ, які негатыўна ставіцца да існавання на рынку асобнай узятай краіны «чорных», інвестыцыйных, спецыяльных курсаў.

Невядома, колькі будуць доўжыцца гэтыя часовыя захады Нацбанка. Але, улічваючы, што ў найбліжэйшай перспектыве якіх‑небудзь значных інвестыцый у краіну не прадбачыцца (другі транш расійскага крэдыту і плацёж за акцыі Белтрансгазу не лічыцца — гэтыя будучыя паступленні ўжо праядаюцца ў студзені),

нічога добрага народу і бізнесу не свеціць.

Ёсць і яшчэ адзін аспект. Такія, хай і ў пэўнай ступені вымушаныя крокі з боку Нацбанка ставяць пад вялікі сумнеў усю адэкватнасць палітыкі на ўтрыманне курсу беларускага рубля. Бо бачнасць стабільнасці каштавала краіне неймавернай сумы.

Апроч таго, рэкамендаваная забарона на набыццё валюты выдатна пацвярджае той факт,

што 20%-вая дэвальвацыя пры адсутнасці кардынальных і жорсткіх рэформаў у эканоміцы не прынесла бачных вынікаў, стаўшыся дарэмным стрэлам.

У гэтай сувязі можна прагназаваць, што «лютаўская» забарона стане не апошняй абмежавальнай мерай у найбліжэйшай будучыні. Можна маляваць розныя змрочныя сцэнары, сярод якіх чарговая аднамомантная дэвальвацыя падасца дзіцячай забаўкай. У арсенале Нацбанка ёсць сродкі і /ці спецметады куды больш магутныя.

Паводле afn.by (скарочана)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0