Падзеі сакавіцкай выбарчай кампаніі далі штуршок для новых сатырычных твораў пра існую ўладу. Асьвятленьне падзеяў у дзяржаўных СМІ і зьнікненьне прэзыдэнта з тэлеэкранаў сталіся асноўнымі аб’ектамі для жартаў публікі. За справу з новым імпэтам узяліся як прафэсіяналы, гэтак паспаліты люд. Найперш зьвернемся да твораў, зробленых з дапамогай найноўшых тэхналёгіяў.

Пачнем зь інтэрнэту, які на сёньня застаецца галоўнай інфармацыйнай прасторай без цэнзуры.

Сайт belzhaba.com прапануе некалькі дзясяткаў каляжаў, прысьвечаных тэме прэзыдэнта, дзяржаўных СМІ і сілавых структур. Своеасаблівая карцінная галерэя – дайджэст з усёй інтэрнэт-прасторы, з самых розных рэсурсаў, прафэсійных і саматужных.

Стваральнік папулярнага інтэрнэт парталу Akavita.by Фёдар Караленка:

(Караленка: ) «Я бачу, што актыўнасьць вельмі ўзрасла. Стала нашмат болей людзей у Інтэрнэце. Раней было на парадак меней. Адсюль, канечне, і вынік: чым больш людзей, тым больш нешта робіцца. Гэта лягічна. Ёсьць статыстыка – ня менш за 2 мільёны беларусаў карыстаюцца цяпер Інтэрнэтам. Калі браць працаздольны век – кожны трэці без сумневу».

Фёдар Караленка цьвердзіць, што кожны можа стацца аўтарам інтэрнэт-твораў, калі мае талент да творчасьці:

(Караленка: ) «Ёсьць даволі багатыя па магчымасьцях праграмы. Але трэба бачыць, як гэта бачаць мастакі-дызайнэры. Як і ў музыцы, і ў іншым відзе мастацтва. Што тычыцца палітычнага сьцёбу, тое, што я бачыў, робіцца на аматарскім узроўні, энтузіястамі. Зараз стала дастаткова шмат сайтаў, і блогаў асабліва».

Актыўны інтэрнэт-карыстальнік Віталь мяркуе, што сатыра мусіць несьці пазытыўны зарад, а не распальваць нянавісьць:

(Віталь: ) «Сьмех – гэта крута, гэта новае мысьленьне. Проста супэр. Так і трэба рабіць далей. Каб яны былі сьмешныя. Сатыра мусіць быць вясёлай, бо кампрамат можна знайсьці на кожнага з нас».

Вельмі распаўсюджаны прыём – узяць які-небудзь савецкі ці нацысцкі плякат ды памяняць у ім твары герояў і надпісы. Большасьць такіх сюжэтаў нельга агучваць у мэдыях, бо рызыкуеш быць прыцягнутым па артыкуле за абразу гонару і годнасьці прэзыдэнта. Гэтак, як шмат хто засьцерагаецца агучваць публічна жарты, анэкдоты пра прэзыдэнта:

(Спадар: ) «Я паасьцерагуся казаць такое на працы. У нас усе за Лукашэнку».

(Спадарыня: ) «Супраць мяне нічога ня зробяць, але распавядаць паасьцерагуся, бо ў нас усе баяцца, і будзе непрыемная атмасфэра».

Калі вяртацца з рэалу ў віртуал, зьвернемся да ініцыятывы «Маладога фронту», які зрабіў праект пад назвай «ідэалягічны прывет». За аснову ўзятыя плякаты «За Беларусь», выкарыстаныя дзяржаўнымі ідэолягамі перад выбарамі. Іх можна пабачыць і цяпер: інжынэры побач з агрэгатам – «За інтэлектуальную Беларусь», альбо бохан хлеба ў спрацаваных руках «Беларусь – за дастатак» і г.д.

Маладафронтаўцы па-свойму скарысталі слоган «За Беларусь». Калі на афіцыйных плякатах толькі пазытыўныя моманты жыцьця краіны, дык на альтэрнатыўных адваротны бок жыцьця: старыя корпаюцца ў сьметніках, алькаголікі сьпяць на прыпынках транспарту. І адпаведны подпісы: «За сьветлую будучыню», «За гасьцінную Беларусь». Альбо больш вясёлы варыянт: вядомая савецкая карціна, дзе твар Юрыя Гагарына заменены тварам мужчыны, які нагадвае першага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. І подпіс – «За касьмічную Беларусь».

Часьцяком выкарыстоўваюцца прыёмы афіцыйнай прапаганды. Так, у некаторых дакумэнтальных фільмах БТ можна пабачыць кадар з сучасным апазыцыйным лідэрам, а наступны – з гітлераўскім акупантам. Нібыта наўпроставай сувязі між кадрамі няма, але ў гледача вобразы зьліваюцца ў адзін. Саматужныя аматары перагортваюць афіцыйны сэнсавы шэраг наадварот.

Яшчэ адна крыніца натхненьня – цытаты з прамоваў Аляксандра Лукашэнкі Напрыклад, пра вучобу Францыска Скарыны ў Піцеры. У адным з каляжаў зь вядомай коннай скульптуры прыбралі расейскага цара Пятра I, а на каня пасадзілі помнік Францішку Скарыну.

А яшчэ ў інтэрнэце ўсё часьцей вывешваюць цытаты ў гукавым варыянце. Некаторыя мікшуюць, каб было сьмяшней, а некаторыя даюць як ёсьць. Пра таго ж Скарыну. Зрэшты, ад 1995 году энтузіясты робяць цэлыя ды-жэй міксы з прамоваў Аляксандра Лукашэнкі.

Таксама адзін з прыёмаў – ілюстраваць якую-небудзь вядомую песеньку. Напрыклад, на дзіцячую пра «настаяшчага ката гаварашчага», дзе ў відэашэрагу ідуць кадры з афіцыйнай прапаганды з удзелам прэзыдэнта.

У Інтэрнэце асабліва папулярныя кампутарныя мульцікі у фармаце Flash, а прасьцей кажучы – флэшкі. Тэарэтычна, іх можа рабіць кожны, хто авалодае адмысловай кампутарнай праграмай.

Таксама сёлета зьявілася першая відэа-карціна. 20-хвілінная палітычная сатыра пад назвай «Гуд бай, бацька!»

Галоўны рэдактар зачыненай газэты «Навінкі», адзін з кіраўнікоў праекту Паўлюк Канавальчык гаворыць, што калі вольную прэсу цкуюць, прасьцей, і нават больш эфэктыўна, займацца творчасьцю з выкарыстаньнем сучасных кампутарных тэхналёгіяў.

(Канавальчык: ) «Мы зьбіраемся радаваць нашых гледачоў як мага часьцей нашымі творамі. Творы кшталту «Гуд бай, Бацька!» мы зьбіраемся рабіць некалькі на год. Гэты жанр можна акрэсьліць як відэакомікс. Калі раней мы стасаваліся з адкрытым грамадзтвам як рэдакцыя, альбо рэдакцыйны калектыў газэты «Навінкі», то зараз гэта творчы калектыў студыі «Навінкі» home vіdeo».

Магчыма, камусьці творчасьць маладых людзей з творчага асяродку «Навінак» падасца ўтапічнай, а магчыма прарочай. У кожным выпадку, пакуль ня будзем цалкам распавядаць пра сюжэт фільму «Гуд бай, Бацька!», які неўзабаве мусіць зьявіцца ў незалежным распаўсюдзе.

На думку гісторыка культуры Вацлава Арэшкі, сатыра набыла масавы характар адразу пасьля выбараў-2006:

(Арэшка: ) «Тыя падзеі, якія адбыліся, ня толькі я, гэта шмат хто адзначае, яны прабілі мур страху. І страх, і змрочнасьць сыходзяць з нашага жыцьця. Пэўны пэрыяд – зь 2001 па 2006 ня шмат было такіх вось зьяваў. Бо гэта было ня сьмешна. Здавалася, што гэта на ўсё жыцьцё, а над уласнай сьмерцю ня кожны сьмяецца».

Вацлаў Арэшка аналізаваў друкаваны зборнік жартаў і сатыры «Ідыёт самы настаяшчы», прысьвечаны першай асобе краіны. Зборнік ахопліваў пэрыяд 1994 – 2001 гадоў, і падаваўся Вацлаву Арэшку значным як гістарычны дакумэнт:

(Арэшка: ) «Пэрыяд 1994 – 2001 характарызуецца тым, што там працавалі найперш прафэсіяналы. Цяпер творы збольшага аматарскія, якія нарадзіліся па ходу падзеяў. І вось сярод гэтай кучы зьяўляюцца цікавыя пэрлы, цікавыя думкі. Мне здаецца, што гэта апошні пэрыяд творчасьці. Гэты пэрыяд нашай гісторыі заканчваецца. Калі ён закончыцца, усё гэта хутка адамрэ, і перастане быць цікавым».

Вацлаў Арэшка прыводзіць, напрыклад, анэкдоты пра Леніна і Брэжнева, якія незразумелыя сучаснай моладзі.

Але пакуль масы ствараюць новыя шэдэўры. Нягледзячы на разьвіцьцё сучасных тэхналёгіяў, нязьменнай застаецца вусная народная творчасьць, а таксама вершаваны гумар.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0