Факты неэфектыўнага выкарыстання бюджэтных сродкаў выяўлены на Навагрудскім масларобным камбінаце. Шэраг службовых асоб будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у аналітычным цэнтры Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці.

Паводле інфармацыі КДК, некалькі гадоў запар навагрудскае прадпрыемства атрымлівала фінансавую дапамогу для стабілізацыі эканамічнага становішча і развіцця вытворчасці ў выглядзе бюджэтных пазык і льготных крэдытаў, аднак у поўнай меры іх у бюджэт не вяртала. Запазычанасць па сямі бюджэтных пазыках па стану на канец 2008 года складала больш як $400 тыс., каля 580 тыс. еўра і звыш Br5,5 млрд. Па трох пазыках, выдадзеных камбінату ў 2003 і 2006 гадах, зваротныя плацяжы ў бюджэт наогул не праводзіліся. Пры гэтым у 2005 і 2006 гадах фінансавае ўпраўленне аблвыканкама выдзеліла прадпрыемству новыя пазыкі.

Агульная сума запазычанасці па крэдытах, атрыманых пад гарантыі ўрада, Гродзенскага аблвыканкама і Навагрудскага райвыканкама, складае цяпер каля Br40 млрд. 59 млн. расійскіх рублёў, амаль 540 тыс. еўра і $3,5 млн., запазычанасць па лізінгавых плацяжах за абсталяванне - звыш Br2 млрд.

У ходзе праверкі высветлілася, што ва ўмовах вострага недахопу ўласных абаротных сродкаў атрыманыя бюджэтныя грошы кіраўніцтвам камбіната расходаваліся не па прызначэнню. Больш як Br1,2 млрд. было затрачана на капітальны і бягучы рамонты адміністрацыйнага будынка з выкарыстаннем дарагіх будматэрыялаў, больш як Br650 млн. - на набыццё легкавых аўтамабіляў, кандыцыянераў, бытавых халадзільнікаў, офіснай мэблі, аргтэхнікі, дарагіх мабільных тэлефонаў, прадметаў інтэр'ера. Неплацежаздольны камбінат сам аказваў спонсарскую дапамогу, выдаваў работнікам пазыкі, рэгулярна выплачваў прэміі і ўзнагароджанні.

Інфармацыя па выніках праверкі перададзена ў Гродзенскі аблвыканкам для прыняцця мер і прыцягнення службовых асоб да дысцыплінарнай і матэрыяльнай адказнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?