Як здарылася, што чарапы і косьці ў чорных цыратовых мяхох знайшлі на Лепельшчыне выпадковыя людзі, цяпер высьвятляе Віцебская вайсковая пракуратура.

Пачалося ўсё з таго, што ў вайсковай частцы, якая месьціцца ў пасёлку Заслонава Лепельскага раёну, вырашылі паставіць новы плот. Ставілі новы плот уздоўж старога, які потым зьнесьлі, вызваліўшы такім чынам некалькі квадратных мэтраў «нічыйнай» тэрыторыі. Мясцовыя жыхары вырашылі выкарыстаць іх на свае патрэбы - зрабіць грады. Перакопваючы зямлю, нехта зь вяскоўцаў і натрапіў на два вялікія мяхі з чорнай цыраты. На бірцы, прымацаванай да аднаго зь мяхоў, было напісана, што ў іх - парэшткі салдатаў савецкага войска, знойдзеныя ў часе раскопак на вуліцы Шасэйнай у Берасьці.

Выкліканыя міліцыянты апісалі тое, што было ў мяхох - тры чалавечыя чарапы і фрагмэнты касьцей. Пасьля гэтага парэшткі часова вырашылі захоўваць у Лепельскай раённай пракуратуры, якая распачала сьледзтва. Цяпер, як расказаў намесьнік пракурора Ігар Белавусаў, усе матэрыялы гэтае справы перададзеныя ў Віцебскую вайсковую пракуратуру.

(Белавусаў: ) «Праводзілася праверка. Было ўстаноўлена, што тэрыторыя, дзе былі знойдзеныя гэтыя парэшткі, належыць вайсковай частцы. Таму мы накіравалі матэрыялы для праверкі ў Віцебскую міжгарнізонную вайсковую пракуратуру. Яны канчатковае рашэньне будуць прымаць».

Праверка Лепельскай пракуратуры, паводле намесьніка пракурора Ігара Белавусава, устанавіла хіба толькі тое, што зь ліпеня па кастрычнік 2003-га году салдаты 52-га пошукавага батальёну, што месьціцца ў вайсковай частцы ў Заслонаве, сапраўды бралі ўдзел у раскопках у Берасьці. Гэта адмысловы батальён, які спэцыялізуецца на эксгумацыі пахаваньняў, і амаль тры гады таму зь яго дапамогай адбылося перапахаваньне парэшткаў каля 500 удзельнікаў мінулае вайны - абаронцаў Берасьця.

Усе знойдзеныя парэшткі былі спакаваныя спачатку ў чорныя цыратовыя мяхі, якія потым клалі ў драўляныя труны. Перапахаваньне было ўрачыстым - з музыкай і ганаровым салютам. Чаму на два мяхі забыліся і чаму яны трапілі разам з вайскоўцамі на месца дысьлякацыі іхнай часткі, у Лепельскі раён, пакуль што невядома.

І толькі калі гэта высьветліцца, невядомыя абаронцы Берасьця ўрэшце знойдуць вечны спачын: пракуратура пастанавіла па завяршэньні сьледзтва пахаваць парэшткі савецкіх салдатаў у брацкай магіле дзе-небудзь на тэрыторыі Лепельшчыны.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0