Інтэрвію кіраўніка Паўднёвай Асэтыі Эдуарда Какойты «Комсомольской правде», у якім ён распавёў пра абяцаньне Аляксандра Лукашэнкі прызнаць незалежнасьць самаабвешчаных грузінскіх тэрыторый, нагадала пра праблему, якая цягнецца ўжо некалькі месяцаў.

У жніўні мінулага году пасьля Каўкаскай вайны кіраўнік Беларусі, раскрытыкаваны расейскімі мэдыямі за нэўтральную пазыцыю, паехаў у Сочы на перамовы зь Мядзьведзевым, каб апраўдацца. І там быў вымушаны сустрэцца з прэзыдэнтамі Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, якіх шчыра запэўніў у сваёй падтрымцы.

Але калі паўстала пытаньне пра прызнаньне ўсьлед за Расеяй незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, то Лукашэнка пачаў хітраваць.
У пасланьні Мядзьведзеву ён паабяцаў прызнаць гэтыя рэспублікі, але толькі разам з чальцамі арганізацыі АДКБ. Аднак саміт АДКБ скончыўся для Расеі правалам. 8 верасьня на прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў Лукашэнка заявіў, што гэтае пытаньне будзе разгледжана новым беларускім парлямэнтам, які на той час яшчэ ня быў абраны. І вось чарговае абяцаньне кіраўніку Паўднёвай Асэтыі, якое беларускі лідэр даў падчас траўрных цырымоній, калі хавалі патрыярха Аляксія ІІ.
Даваць абяцаньні і іх не выконваць — гэта звыклая праява палітычнага стылю Лукашэнкі. Чаму ў дадзеным выпадку кіраўнік Беларусі не сьпяшаецца прызнаваць гэтыя новаўтварэньні?

Па‑першае, каб не сапсаваць дыялёг з Захадам, які актыўна працягваецца і ўжо даў практычны плён (прыпыненьне візавых санкцый, крэдыт МВФ).

Па‑другое, Лукашэнка рацыянальна разважыў, што калі для Расеі гэтае пытаньне важнае, то няхай яна за гэта заплаціць. Прызнаньне незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі стала прадметам палітычнага торгу. Мусіць, кіраўнік Беларусі палічыў, што Масква прапануе за гэты тавар нізкую цану, таму прызнаньне пакуль і не адбылося.

Па‑трэцяе, прызнаньне незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі зьявілася б пэўным маральным і палітычным прыніжэньнем Лукашэнкі. Бо ў гэтым пытаньні Расея апынулася ў міжнароднай ізаляцыі. Самаабвешчаныя дзяржавы прызнала толькі Нікарагуа, гэта адмовіліся зрабіць нават найбліжэйшыя саюзьнікі Расеі па АДКБ. У такой сытуацыі прызнаньне Менскам незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі будзе выглядаць у вачах міжнароднай супольнасьці як паказьнік несамастойнасьці Беларусі, нібыта замацаваньне статусу расейскага сатэліта.

А Лукашэнка ж прэтэндуе на ролю палітыка міжнароднага маштабу.
Гэта пацьвярджаецца шматлікімі фактамі. Так, апошнім часам ён шмат разоў паўтараў, што ў час крызісу беларуская эканамічная мадэль прызнаная ва ўсім сьвеце. Не выпадкова беларускія дзяржаўныя мэдыі не паведамілі пра сустрэчу Лукашэнкі зь лідэрамі Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі на пахаваньні патрыярха.

Па‑чацьвертае, Лукашэнка разумее, што прызнаньнем справа не абмяжуецца. Паўднёвая Асэтыя і Абхазія будуць плішчыцца з падачы Масквы ў саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі. А гэта ператварае вялікую ідэю аб’яднаньня славянскіх народаў у нейкі фарс, пародыю. Адна справа — ствараць саюзную дзяржаву з Расеяй, прэтэндаваць на роўны статус зь ёй, засядаць разам з Пуціным і Мядзьведзевым, ганарова быць старшынём вышэйшага дзяржсавета саюзнай дзяржавы. І вось у гэтай кампаніі зьяўляюцца дзьве відавочныя маскоўскія марыянэткі, кіраўнікі драбнюткіх утварэньняў.

Насельніцтва Паўднёвай Асэтыі па колькасьці роўнае ліку жыхароў Шклоўскага раёну. Для Лукашэнкі гэта прыніжэньне ў квадраце.
Акрамя таго, у любым пытаньні гэтыя марыянэтачныя рэспублікі будуць адназначна падтрымліваць Расею, Беларусь будзе заўсёды ў меншасьці.

Навошта ўсё гэта трэба Лукашэнку? Але ж так ён сказаць ня можа, бо моцна залежыць ад падтрымкі Расеі.

Таму Лукашэнка гуляе. Ён гулец па сваёй палітычнай прыродзе, прычым азартны. Таму ўсім абяцае.
Захаду абяцае дэмакратызацыю, МВФ — рынкавыя рэформы, Украіне — падтрымку праекту Эўраазіяцкага нафтатранспартнага калідору. Расеі Лукашэнка абяцае, што танкі на Маскву празь Беларусь ня пройдуць, Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі — хуткае прызнаньне іх незалежнасьці. І кожным разам разьлічвае, што ад выкананьня гэтых абяцаньняў удасца неяк адкруціцца.

Яшчэ адна звыклая манера Лукашэнкі — прадаваць адзін тавар аднаму і таму ж пакупніку шмат разоў. Вось Расеі ён ужо амаль паўтара дзясяткі гадоў прадае інтэграцыю і атрымлівае за гэта неблагія дывідэнды. Апошнім часам пачаў прадаваць Захаду дэмакратычныя і рынкавыя рэформы ў Беларусі, і, здаецца, гэтага тавару хопіць на шмат гадоў. А каштоўнасьць такога тавару, як прызнаньне (альбо непрызнаньне) незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, палягае ў тым, што яго можна прадаваць адначасова і Расеі, і Захаду.

Дык усё ж такі — ці прызнае Беларусь незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, ці не?

Думаю, адказу на гэтае пытаньне цяпер ня ведае і сам Лукашэнка. Усё будзе залежаць ад палітычнай каньюнктуры.
Спачатку трэба дачакацца ад ЭЗ поўнай адмены візавых санкцый, потым зьезьдзіць у Прагу на саміт дзяржаў‑удзельніц праграмы «Ўсходняе партнэрства». І вось пасьля гэтага, калі Расея зьнізіць цэны на газ у другім паўгодзьдзі, усё ж выдзеліць крэдыт у 100 млрд. расейскіх рублёў, які ў яе прасілі, то можна будзе і прызнаць.

13 студзеня, наведваючы УП «Белкамунмаш», Лукашэнка на пытаньне пра нечаканую дэвальвацыю адказаў, што ён намякаў пра яе ў сваім пераднавагоднім інтэрвію, «калі хтосьці ўмее мяне слухаць». Апошнія словы вельмі прынцыповыя. Лукашэнку трэба ўмець слухаць — і не разумець літаральна.

Валер Карбалевіч, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0