Уладзіслаў Сікорскі, фота wikipedia.pl

Уладзіслаў Сікорскі, фота wikipedia.pl

Як зазначаюць польскія следчыя, звесткі пра тое, што лідэр Польшчы часоў Другой сусветнай вайны генерал Уладзіслаў Сікорскі быў забіты, не знайшлі пацверджання.

Генерал разам з дачкой Зоф’яй загінуў 4 ліпеня 1943 г. у авіякатастрофе ля берагоў Гібралтара, калі вяртаўся з інспектавання польскага корпуса на Сярэднім Усходзе (у якім ад 1941 г. знаходзіўся пэўны працэнт бларусаў, вывезеных на Поўнач і ў Сібір).

Самалёт разбіўся амаль адразу пасля вылету з аэрадрому ў Гібралтары.

Некаторыя абставіны смерці Сікорскага да гэтага часу няясныя. Гэта і нарадзіла мноства чутак, што ён, магчыма, быў забіты савецкімі ці брытанскімі агентамі.

Так, у авіякатастрофе выжыў толькі пілот самалёта, які у той дзень - шчаслівы збег абставінаў - надзеў ратаўнічую камізэльку.

Два месяцы таму польскія ўлады эксгумавалі цела генерала Сікорскага, каб праліць святло на абставіны гібелі.

Эксперты высветлілі, што смерць польскага лідэра часоў Другой сусветнай, які кіраваў урадам у выгнанні, наступіла ад імгненнага спынення большасці органаў, што характэрна для ахвяраў авіякатастрофаў. Адначасова не было знойдзена ніякіх сведчанняў таго, што Сікорскі быў атручаны, застрэлены ці задушаны.

Але ў інстытуце па расследаванні злачынстваў Другой сусветнай заявілі, што справа пра гібель генерала яшчэ не закрыта.

Цяпер давядзецца высветліць, ці не было падстроена крушэнне бамбардзіроўшчыка, на борце якога быў Сікорскі.
Расследаванне, праведзенае брытанцамі па гарачых слядах, паказала, што самалёт разбіўся з невядомых прычынаў — магчыма з‑за таго, што спрацавала сістэма кіравання.

Цягам дзесяцігоддзяў гісторыкі і драматургі высоўвалі гіпотэзы, што загад на забойства Сікорскага маглі даць Сталін ці Чэрчыль, каб пазбегнуць расколу ў стане саюзнікаў.

Пасля таго як у красавіку 1943 г. у Катынскім лесе былі знойдзеныя масавыя пахаванні афіцэраў польскага войска, Сікорскі абвінаваціў у расстрэлах НКВД і фактычна разарваў адносіны з СССР ды запатрабаваў зрабіць тое ж самае ад Чэрчыля.

Паводле Бі-Бі-Сі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0