Беларусь усталявала часовыя пасты супрацоўнікаў мытні і Дэпартамэнту аховы МУС ва ўсіх грузавых пунктах пропуску на мяжы з Расеяй дзеля ўнікненьня непаразуменьняў з транзытам расейскіх падакцызных грузаў, паведамілі «РИА-Новости» ў аўторак у Дэпартамэнце аховы.

«Дзяржаўны мытны камітэт і Дэпартамэнт аховы МУС Беларусі прынялі рашэньне ўсталяваць часовыя пасты, каб пазьбегнуць парушэньняў беларускага заканадаўства ў галіне транзыту падакцызных грузаў цераз тэрыторыю Беларусі», - сказаў суразмоўца агенцтва.

Паводле ягоных словаў, згодна зь беларускім заканадаўствам, расейскія грузы, што ідуць цераз тэрыторыю Беларусі і ўваходзяць у пералік падакцызных тавараў, мусяць суправаджацца церазь беларускую тэрыторыю пад канвоем. Гаворка ідзе ў асноўным пра цыгарэты і сьпіртныя напоі.

Як сказаў прадстаўнік дэпартамэнту, пасты ўсталяваныя для таго, каб тлумачыць грузаперавозчыкам правілы транзыту церазь беларускую тэрыторыю падакцызных тавараў. Апроч таго, у пунктах пропуску можна будзе заключыць на месцы дамову, аплаціць канвой і рухацца па тэрыторыі Беларусі з канвоем.

У склад пастоў на ўсіх грузавых памежных пераходах на беларуска-расейскай мяжы будуць уваходзіць па адным супрацоўніку беларускай мытні і Дэпартамэнту аховы.

«Часовыя пасты будуць дзейнічаць да таго часу, пакуль урады Беларусі і Расеі ня прымуць рашэньне, якое якімсьці чынам урэгулюе пытаньні, зьвязаныя з транзытам грузаў з падакцызнымі таварамі,» – сказаў суразмоўца агенцтва. «Гэтыя часовыя пасты будуць дзейнічаць, пакуль ня будзе на заканадаўчым узроўні распрацаваны мэханізм інфармаваньня расейскіх грузаперавозчыкаў пра неабходнасьць замаўляць канвой для руху па тэрыторыі Беларусі, альбо якімсьці чынам бакі не дамовяцца пра вырашэньне гэтай праблемы,» – дадаў ён.

РИА-Новости

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0