Сёння да лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі могуць прыйсці судовыя выканаўцы, каб апісаць хатнюю маёмасць палітыка.

Анатоль Лябедзька жыве на вуліцы Лесі Ўкраінкі — гэта ў менскім мікрараёне «Вяснянка». Звычайная трохпакаёўка ў панельным доме, звычайная карпусная мэбля, тэлевізар, лядоўня.

Сёння у кватэру Лябедзькаў могуць пазваніць старэйшы судовы выканаўца Яўфіменка і з ёй міліцыянты, якіх накіруе начальнік міліцыі Цэнтральнага раёну. Што такі візыт заплянаваны, вынікае зь ліста з пазнакай «тэрмінова», які палітык атрымаў напярэдадні. «Суд Цэнтральнага раёну Менску паведамляе вам, што 02.02.2009 году адбудзецца вопіс і адабраньне маёмасьці, якая належыць Лябедзьку А.В».

Паводле закону маёмасьць могуць апісаць, а потым і забраць для пакрыцьця запазычанасьці. За што і колькі вінны апазыцыянэр Анатоль Лябедзька беларускай дзяржаве?

Сам ён кажа: апошнім часам кожны дзень атрымлівае пра свае нібыта даўгі новыя зьвесткі.

«Спачатку ў мяне было адчуваньне, што гэта зьвязана з Эўрапейскім маршам, бо гэта не першая падобная позва і ўсе яны былі зьвязаныя з маршам. Але зараз мне сказалі, што гэта зьвязана з аплатай майго харчаваньня ў ізалятары на вуліцы Акрэсьціна летась у верасьні. Але гэта не адпавядае рэчаіснасьці, бо ў верасьні я быў на волі, чым вельмі цешуся».

Паводле Анатоля Лябедзькі, штраф у 2 мільёны рублёў, які накладзены на яго, а таксама на іншых палітыкаў разам за Эўрапейскі шлях кастрычніка 2007‑га году даўно аплачаны. Што да турмы на Акрэсьціна, то спадар Лябедзька згадаў: ён адбыў 15 дзён ў ізалятары яшчэ ў студзені мінулага году. Паводле зьвестак, за харчаваньне яму выставілі рахунак у 60 тысяч рублёў. Гэта — менавіта тыя грошы, з‑за якіх у яго зьбіраюцца апісаць маёмасьць, ці нейкія іншыя, палітык дагэтуль ня ведае.

«Зьбіраюся зьвярнуцца да Генэральнага пракурора Пятра Міклашэвіча, каб ён навёў парадак з гэтымі справамі аб спагнаньні.
Бо мала таго, што я лічу рашэньні незаконнымі. Але нават у такім выпадку: у паперы мусілі пазначыць, якое рашэньне суду, колькі я вінны, каму. А то ж нічога няма — забярэм маёмасьць і ўсё».

Старэйшая судовая выканаўца Цэнтральнага суду Менску Сьвятлана Яўфіменка на маю просьбу паведаміць, колькі грошай і за што вінны Анатоль Лябедзька, адказала наступнае.

«Ведаеце, гэтую інфармацыю мы даем толькі бакам. Калі вы зьяўляецеся ягоным прадстаўніком, пакажыце даверанасьць і тады можаце азнаёміцца са справай».

Што ў хаце Анатоля Лябедзькі ёсьць такога, чаго ён сапраўды баіцца згубіць?

Мэбля, тэлевізар, кампутар? Палітык сказаў, што найбольш даражыць катом Цішкам і вельмі спадзяецца — мурлыку ўсё ж не апішуць судовыя выканаўцы.

Алег Грудзіловіч, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0