Глыбоцкі райвыканкам не дазволіў праводзіць пікеты ў абарону недзяржаўнай газэты «Вольнае Глыбокае» на гарадзкім кірмашы — там, дзе распаўсюджваецца адзінае на Віцебшчыне незалежнае выданьне.

Актывіст Руху за Свабоду Яраслаў Берніковіч атрымаў ад глыбоцкіх уладаў пісьмовую адмову наконт пікетаў, якія меркаваў праводзіць з 11 лютага да 26 сакавіка. Глыбоцкі райвыканкам спаслаўся на ўласную пастанову, згодна зь якой праводзіць грамадзкія акцыі на кірмашах нельга — яны дазволеныя толькі на ўскрайку райцэнтру, каля будынка раённага Дома культуры, дзе звычайна бывае зусім мала мінакоў.

Праводзіць пікеты ў гэтым месцы глыбоцкія актывісты лічаць немэтазгодным.

Бараніць інтарэсы газэты «Вольнае Глыбокае», якая ў 2006 годзе была выключана з падпіснога каталёга й распаўсюджваецца выключна намаганьнямі галоўнага рэдактара і заснавальніка Ўладзімера Скрабатуна, яны мяркуюць іншымі шляхамі.
Так, у студзені гэтага году актывісты сабралі подпісы пад калектыўным лістом да кіраўніка раённага вузла сувязі Алега Пачкоўскага з патрабаваньнем патлумачыць, чаму на «Вольнае Глыбокае» скасаваная і дагэтуль не адноўленая падпіска, як, да прыкладу, на газэты «Народная воля» і «Наша Ніва». Але адказу на гэты ліст так і не атрымалі.

Да акцыяў, каб падтрымаць газэту «Вольнае Глыбокае», далучыліся віцебскія сябры БАЖ. Яны накіравалі заявы старшыні Глыбоцкага райвыканкаму і кіраўніку ідэалягічнага аддзелу з патрабаваньнем патлумачыць, чаму дзьве рэгіянальныя газэты — дзяржаўная раёнка «Весьнік Глыбоччыны» і незалежнае выданьне «Вольнае Глыбокае» — маюць няроўныя правы і чаму праз гэта абмяжоўваецца канстытуцыйнае права чытачоў на атрыманьне праўдзівай і рознабаковай інфармацыі.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0