Віталь Сіліцкі палемізуе з Лявонам Баршчэўскім і Анатолем Сідарэвічам.

Пытанні, ці магчымыя эвалюцыйныя змены ў аўтарытарных сістэмах, ці прыносяць плён «жорсткія» меры сілавога ўздзеяння на іх, ці магчымыя варыянты іх «мяккай» эвалюцыйнай трансфармацыі праз механізмы эканамічнага і культурнага ўздзеяння, застаюцца актуальнымі не для аднаго пакалення палітолагаў і практыкаў. Калі гэтыя пытанні абмяркоўваюцца ў канкрэтнай сітуацыі, так, як гэта зараз адбываецца ў Беларусі, то гэтыя дэбаты не могуць абысціся без эмоцыяў. Аднак, хацелася б, што б хаця б нейкія прынцыпы прыстойнасці ў такіх дэбатах захоўваліся. Напрыклад, калі апаненты не пераходзяць лінію, калі крытыка робіцца наклёпам, калі ў якасці аргументаў выкарыстоўваюцца надуманыя, прыпісаныя высновы, калі сама спрэчка ператвараецца ў палітычны працэс. Такую лінію, на мой погляд, перайшлі два паважаных апанента з лагеру прыхільнікаў «жорсткай лініі» да рэжыму Лукашэнкі.

Спачатку Анатоль Сідарэвіч, раззлаваны маёй крытыкай бяздзейнасці апазіцыі падчас крызісу, абвінаваціў мяне ў тым, што я не заўважаю, што краіну і ўласна апазіцыю дадзяўбаў да ручкі злачынны рэжым.

Потым

Лявон Баршчэўскі абвінаваціў усіх, хто не падтрымлівае палітыку жорсткай ізаляцыі Лукашэнкі, ў тым, што яны спрабуюць «ратаваць» рэжым.
Цікава, што абодва крытыкі найперш пацвердзілі тое, у чым аўтар гэтых радкоў западозрыў апазіцыю — што яны жывуць выключна мінулым днём (і Сідарэвіч, і Баршчэўскі прысвяцілі дзве траціны сваіх артыкулаў успамінам пра тое, што адбывалася ў 90-я).

Давайце, аднак, паспрабуем разабрацца ў сутнасці абвінавачванняў.

Што азначае спрыянне «ратаванню рэжыму»?

Пад гэтым разумеецца апазіцыя да курсу на эканамічную і палітычную ізаляцыю ўлады і падтрымка замежнапалітычнага дыялогу паміж афіцыйным Менскам і Захадам.

Таксама ў гэтую катэгорыю трапляе ўстрыманне ад крытыкі тых дзеянняў улады, якія супадаюць з нацыянальнымі інтарэсамі. Магчымасці такога супадзення апаненты не дапускаюць.

Не ўсё ў гэтай логіцы памылкова. Цалкам зразумела, што Лукашэнка пайшоў на лібералізацыю выключна ў мэтах самазахавання. Яго збліжэнне з Захадам і паслабленні ў палітычных рэпрэсіях могуць быць вельмі хутка спыненыя. Рэпрэсіі супраць лідэраў моладзі пад выглядам прызыву ў войска гэта яшчэ раз пацвярджаюць. Дый сітуацыя, якую апісаў Васіль Быкаў у апавяданні «Інтэграцыя», можа ўзнікнуць у першы ж крытычны момант, калі ўладзе прыйдзецца выбіраць, што ратаваць — сябе ці дзяржаву. Аднак, ці азначае гэта, што сітуацыі, у якіх інтарэсы Лукашэнкі аб’ектыўна супадаюць з інтарэсамі Беларусі, немагчымыя? І што рабіць, калі такое супадзенне адбываецца?

Вось найбольш відавочны прыклад — перамовы пра выдзяленне стабілізацыйнага крэдыту МВФ ва ўмовах, калі адзінай альтэрнатыўнай крыніцай здабыцця фінансавых сродкаў такога памеру быў Крэмль. Размова ідзе пра тое, што, калі лукашэнкаўская ўлада дзейнічала ў нацыянальных інтарэсах, варта ўстрымацца ад атакавання такіх дзеянняў, нават калі ёсць спакуса зарабіць ачкі на папулізме, акурат была ўспрынята як заклік да калабарацыі і да ратавання рэжыму. Але ж той факт, што калі б не МВФ, Лукашэнка пацягнуўся б да Масквы і што сёння ўжо быў бы закладзены «Беларуськалій» ці яшчэ што, а заўтра пачаліся б прыгатаванні да ўвядзення расійскага рубля. Ці лепш ад гэтага было б Беларусі і апазіцыі толькі таму, што горш стала б Лукашэнку?

Дадамо, што сам пераказ аргументаў (заклік да «ратавання») даволі нацягнуты і, скажам так, некарэктны.

Уцягванне беларускіх ўладаў у дыялог — гэта найперш спроба паспрыяць не кансервацыі сістэмы, а акурат спрыяння палітычным і эканамічным пераменам у краіне.

Спробаў дамагчыся пераменаў эвалюцыйным шляхам, дарэчы, будзе тым больш, чым менш надзеяў на перамены будзе сыходзіць ад самой апазіцыі. Але яе курс на палітычнае самагубства, які абрала АДС з 2007 году, — гэта ўжо іншая справа.

Вядома ж, парадак дня такога дыялогу мусіць засноўвацца на каштоўнасных патрабаваннях. Крокі на збліжэнне з афіцыйным Мінскам, эканамічныя і палітычныя выгоды, мусяць быць абумоўленыя не задавальненнем меркантыльных ці геапалітычных патрэбаў пэўных дзяржаваў і блокаў (акурат такі сцэнар можна назваць азербайджанізацыяй), а прагрэсам у шанаванні дэмакратычных нормаў і правоў чалавека. Але

сам той факт, што Захад камунікуе з афіцыйнымі ўладамі і нават пускае іх у Шэнген, не ёсць ані трагедыяй, ані здрадай прынцыпам
. Замест таго, каб атакаваць дыялог ЕС з беларускімі ўладамі, можна наўпрост паўплываць на яго парадак дня і прынамсі паспрабаваць дамагчыся больш сур’ёзных зменаў і адкрыцця больш шырокай ступені свабоды для палітычнай, грамадскай супольнасці і для незалежнай прэсы ўжо ў бліжэйшы час. Напрыклад, вам не падабаецца, што Захад дае грошы рэжыму? Спрацуйце прэвентыўна і прапануйце палітыку, згодна з якой такая дапамога ці крэдыты абумоўліваліся такімі і такімі зменамі ў гэтай і гэтай галіне.

Істынктыўнае адпрэчванне любых дзеянняў улады, якая паўтара дзесяцігоддзі праводзіла аўтарытарную і антыбеларускую палітыку, па-чалавечаму зразумелая. Аднак, з пункту гледжання палітыка, такія інстынкты хутчэй сведчаць пра адсутнасць уласнай палітычнай стратэгіі. Калі вашыя паводзіны вызначаюць не уласныя прыярытэты і праграма, а імкненне «насаліць» апаненту ўсімі магчымымі метадамі, ваш апанент цалкам вас кантралюе, хіба толькі па прынцыпе ад адваротнага.

Акрамя ўласнай стратэгіі, нашым апазіцыйным палітыкам не пашкодзіла б абзавесціся і дарам палітычнага прадбачання.
Якія насамрэч наступствы дзеянняў, каторыя рэжым прымае ў мэтах самазахавання? Да чаго вядуць паслабленні ў галіне медыяў, зніжэнне ўзроўню палітычных рэпрэсіяў, эканамічная лібералізацыя? Менавіта такая кволая і аднабаковая эканамічная лібералізацыя, як паказвае досвед, хутчэй вядзе да разбалансавання сістэмы і выклікае новыя перамены. Ці ёсць гэта «ратаванне» сістэмы ці яе эрозія, якой глупа было б не спрыяць толькі таму, што яна адбываецца пад кіраўніцтвам Лукашэнкі?

Гэтак жа,

мэта «ўцягвання» ўладаў у дыялог — не ратаванне рэжыму, а максімальнае пашырэнне ступені свабоды для беларускага грамадства,
што дасць магчымасць для рэалізацыі іншых палітычных сцэнароў. Пытанне ў тым, ці ўзнікнуць гэтыя новыя сцэнары? Бо ўсё, што мы маем на гэты конт, гэта старыя спадзяванні, што рэжым сам скалапсуе пад цяжарам крызісу. Дарэчы, акурат гэтым могуць быць растлумачаны і абвінавачванні ў «ратаванні рэжыму» — што шляхам дыялогу выпускаецца пара з катла і мы пазбаўляемся самага вернага шанцу на перамены. На жаль, досвед паказвае, што пад цяжарам эканамічных праблемаў можа адбыцца такое «закручванне гаек», якое прымусіць казаць ужо нават не пра кубінізацыю краіны, а пра больш небяспечны сцэнар. Дый што адбывалася, калі Беларусь сутыкалася з эканамічнымі праблемамі раней? Правільна, рост папулярнасці прарасійскіх і антыдэмакратычных сілаў.

На жаль, пачатая ў Беларусі лібералізацыя «зверху», кволая і збольшага імітацыйная, успрымаецца акурат як пагроза, бо яна можа адцягнуць увагу міжнароднай супольнасці ад апазіцыі, а не як магчымасць, каб выкарыстаць усе «лазейкі», што адчыняюцца тут і там, для развіцця якой толькі можна альтэрнатыўнай палітычнай і грамадскай дзейнасці.

Пра палітычныя магчымасці, што ўзніклі за апошнія гады, экспертная супольнасць кажа ўжо трэці год —

перамены і крызісы ствараюць новую прастору для дыялогу з грамадствам.
Калі становіцца зразумелым, што па-старому жыць ужо нельга, калі перамены пачынаюць адбывацца насуперак волі ўлады, калі становіцца відавочным разрыў паміж «зместам» (новай палітыкай) і «формай» (старой ідэалогіяй, якая не здольная растлумачыць новую палітыку), у вас ёсць магчымасць прапанаваць грамадству лепшае, чым можа яму даць улада. Не глыбейшую чарку і любавейшую скварку, а лепшую палітыку, лепшую цывілізацыйную будучыню, лепшыя рашэнні ключавых жыццёвых пытанняў.

Атакі спадара Сідарэвіча на аўтара гэтых радкоў за тое, што ён крытыкуе апазіцыю за адсутнасць стратэгічнага бачання і пазітыўнай праграмы, і камічныя, і павучальныя ў той жа час. Мне інкрымінуецца тое, што я «не заўважаю», што гэта ўлада і апазіцыю згнабіла, і краіну давяла да таго стану, у якой яна апынулася.

Дарэчы, калісьці такой бязглуздзіцай вызначаўся вядомы спадар Оргіш, які абвінавачваў Манаева ў тым, што ён малюе нізкія рэйтынгі апазіцыі і не заўважае, што ў той няма доступу да медыяў.

Па-першае, тая показка, што кожны народ мае той урад, які заслугоўвае, распаўсюджваецца і на апазіцыю.

Па-другое, шаноўны апанент, калі апазіцыя хоча калісьці перамагчы, яна мусіць знайсці сілы выйсці з гэтага стану і ўрэшце штосьці прапанаваць грамадству. А калі толькі шукаць апраўданні для свайго бяздзеяння і спасылацца на аб’ектыўныя прычыны, то і адбываецца, што ў Беларусі ўжо адбылося — на апазіцыю перастае ўскладаць надзеі і грамадства, і міжнародная супольнасць.

Пра што можна казаць, калі рэакцыі АДС на такую падзею, як дэвальвацыя беларускага рубля, прыйшлося чакаць больш за два тыдні?
(Тут трэба ўдакладніць — гэта не агульнае абвінавачванне ўсіх апазіцыйных сілаў у бяздзейнасці і некампетэнтнасці. Але тыя, хто ўсё ж такі лічаць, што прапанаваць грамадству альтэрнатыву — іх абавязак — з дыялогу трагедыі не робяць. І гэтыя сілы ёсць як у АДС, так і па-за імі.)

Апазіцыя слушна заяўляе, што ў спробах уласнага ратавання ўлада пераймае яе ўласныя прапановы, праграмы і ідэі. Але такое перайманне можа несці пагрозу апазіцыі толькі тады, калі яна ўжо страціла здольнасць генераваць і прапаноўваць альтэрнатывы, прапанаваць іншую стратэгію пераменаў і прадэманстраваць гатоўнасць узяць на сябе адказнасць за краіну.

Увогуле выглядае, што лібералізацыя проста пачынае замінаць спосабу палітычнага выжывання пэўнай часткі апазіцыі, якая прывыкла спісваць усё — і аб’ектыўныя цяжкасці, і ўласную бяздзейнасць — на Лукашэнку.

Браць удзел у гэтым самаратаванні насамрэч не хочацца гэтак жа сама, як дапамагаць ратавацца рэжыму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0