Уладзімір Саўчанка.
«Мы павінны эканоміць на ўсім: ад асадак і паперы да газу і энергіі, якія з кожным годам усё даражэюць»— заявіў старшыня Гродзенскага аблвыканкаму Уладзімір Саўчанка, адказваючы на пытанні газеты «Вечерний Гродно». Па яго словах, магчыма скароціцца фінансаванне тэхнічнага пераўзбраення, не будуць будавацца новыя заводы, а высілкі будуць скіраваныя на завяршэнне пачатага будаўніцтва.
Кіраўнік Гродзеншчыны адзначыў, што
ў студзені назіралася скарачэнне тэмпаў росту вытворчасці на «Азоце» 105% супраць леташніх 115%,а таксама прызнаў факт назапашвання гатовай прадукцыі на складах да 60%. Апошняе ён патлумачыў працяглымі выходнымі ў Расіі, куды завозіцца да 40% тавараў.
Прапанова польская кампаніі «Кульчык Холдынг» сумеснай пабудовы вугальнай электрастанцыі ў Беларусі разглядаецца, заявіў Саўчанка, аднак канкрэтнага рашэння ў адносінах да гэтай прапановы пакуль няма. Праект ацэньваецца на суму каля 1 мільярдаў даляраў.
Чыноўнік таксама паведаміў пра праект расійскай кампаніі па стварэнні пад Лідай прадпрыемства па перапрацоўцы насення рапсу і соі. Памер інвестыцый сягае пад $150 млн.
«Ці праўда, што беларусы ўжо не «бульбашы», бо перад традыцыйнай культурай — бульбай у сельскай гаспадарцы ўсё часцей аддаюць перавагу кукурузе і рапсу?» — задала пытанне «ВГ».
«Мы «бульбашамі» былі і застаёмся імі. Бульбы сталі вырошчваць меней, але дастаткова.Сёння нашая задача — развіваць нетрадыцыйныя культуры» — быў адказ Саўчанкі.
«Ужо вырашана, што Свяцк забярэ Нацбанк. Як дзяржаўная структура, згодна дзеючаму заканадаўству, бясплатна. Пасля рэканструкцыі тут плануюць адчыніць гатэль, кавярню і зрабіць месца даступным для наведванняў»— расказаў кіраўнік вобласці пра лёс помніка XVIII ст., які ніхто так і не наважыўся набыць на аўкцыёнах.