Генпракуратура закрыла дзве крымінальныя справы ў дачыненні да старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі.

Пра гэта яму паведамілі сёння ў Генеральнай пракуратуры.

«Сёння я сустрэўся з кіраўніком першага аддзелу Генеральнай пракуратуры сп. Івановым. Ён уручыў мне пастанову аб спыненні крымінальнага пераследу па маёй крымінальнай справе, а таксама ўведамленне аб спыненні папярэдняга расследаваньня крымінальнага пераследу. З іх я даведаўся, што 3 лютага следчы па асабліва важных справах пракуратуры Мінску сп. Агафонаў разгледзеў дзве мае справы і спыніў іх».

Першая справа была заведзена 27 лістапада 2001 г. за артыкул, надрукаваны ў газеце «Народная воля», другая —1 сакавіка 2004 г. за інтэрв’ю праграме Мікалая Сванідзе «Зеркало» на канале РТР. Апазіцыйнага палітыка абвінавацілі ў распаўсюдзе наўмысна хлуслівых звестак пра прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Менавіта на падставе заведзеных крымінальных справаў Анатолю Лябедзьку быў спынены выезд за межы краіны.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0