Фота: Samuel Wong, shutterstock.com.

Фота: Samuel Wong, shutterstock.com.

Вось ужо амаль 5 месяцаў працягваюцца маштабныя пратэсты ў Ганконгу: жыхары мегаполіса збіралі мільённыя мітынгі, утваралі 45-кіламетровыя жывыя ланцугі, штурмавалі будынак Заканадаўчай Рады Ганконга, блакавалі аэрапорт, адстойвалі свае грамадзянскія правы пад гумавымі кулямі, слезацечным газам і вадамётамі. Разбіраемся, супраць чаго выступаюць жыхары Ганконга і ў чым прычына фенаменальнай трываласці пратэстаў у гэтай кітайскай аўтаноміі.

Чаму Ганконг пратэстуе?

Ганконгцы пачалі пратэставаць супраць закона аб экстрадыцыі, які дазволіць мясцовым уладам адпраўляць злачынцаў за межы Ганконга, у тым ліку ў Кітай. Улады сцвярджалі, што закон дапаможа змагацца з крыміналам, бо праз немагчымасць экстрадыцыі злачынцаў Ганконг стаў камфортным месцам для мафіі.

Закон вырашылі распрацаваць, зачапіўшыся за выпадак, калі 19-гадовы мужчына з Ганконга забіў сваю 20-гадовую цяжарную дзяўчыну падчас адпачынку ў Тайвані ў лютым 2018 года. Мужчына збег з Тайваня і вярнуўся ў Ганконг летась. Тайвань звярнуўся з просьбай выдаць гэтага чалавека, але чыноўнікі Ганконга заявілі, што не могуць выслаць яго з-за адсутнасці пагаднення аб экстрадыцыі з Тайванем.

У сваю чаргу, мясцовыя жыхары асцерагаюцца, што гэты закон можа падарваць судовую сістэму Ганконга, і з яго дапамогай Кітай зможа праводзіць рэпрэсіі супраць апазіцыянераў, праваабаронцаў, журналістаў і няўрадавых арганізацый. У выніку пратэстаў, якія пачаліся ў сакавіку, законапраект быў прыпынены ў чэрвені, але не адкліканы цалкам. Па гэтай прычыне грамадзяне Ганконга працягваюць выходзіць на вуліцы, патрабуючы поўнага яго адклікання, бо асцерагаюцца, што ўлады могуць схітрыць і прагаласаваць за законапраект, калі масавыя акцыі скончацца.

Па меры развіцця падзей у пратэстоўцаў пачалі з’яўляцца і іншыя патрабаванні, у тым ліку палітычныя. Пратэстоўцы хочуць расследавання дзеянняў паліцыі падчас разгону пратэстаў, хочуць, каб грамадзяне атрымалі ўсеагульнае выбарчае права, каб сышла ў адстаўку кіраўніца адміністрацыі Ганконга Кэры Лам, а Ганконг атрымаў больш самастойнасці ад Кітая.

Пратэставы рух Ганконга пачаўся з супрацьдзеяння законапраекту аб экстрадыцыі, але ператварыўся ў непасрэдны выклік кітайскаму праўленню ў горадзе і цяпер дабіваецца поўнай дэмакратызацыі жыцця.

Што такое ўвогуле Ганконг? Гэта кітайскі горад ці асобная дзяржава?

Калі адказваць на гэтае пытанне фармальна, то Ганконг — неад’емная частка Кітайскай Народнай Рэспублікі. Гэта адзначаецца ў самым першым артыкуле ганконгскай міні-канстытуцыі. На практыцы ўсё крыху складаней.

Хаця Ганконг і не з’яўляецца суверэннай дзяржавай, ён мае такую высокую ступень аўтаноміі, што ў некаторых пытаннях ён з’яўляецца больш самастойным, чым некаторыя фармальна незалежныя дзяржавы. Ганконг мае ўласныя грошы, урад, сцяг, пашпарт (з якім можна без візы ездзіць у Вялікабрытанію, Новую Зеландыю, Канаду ды іншыя краіны), мытню, інтэрнэт-дамен, міграцыйнае заканадаўства, прававую сістэму, паліцыю, спартыўныя зборныя. Паміж Кітаем і Ганконгам нават ёсць мяжа! Грамадзяне мацерыковага Кітая могуць трапіць у Ганконг толькі атрымаўшы спецыяльны дазвол. Кітайскія ўлады не маюць права арыштоўваць людзей у Ганконгу. Фактычна, Ганконг мае амаль усе атрыбуты суверэннай дзяржавы, акрамя замежнай палітыкі і абароны, — гэтымі пытаннямі займаецца цэнтральны ўрад у Пекіне.

Ганконгскі пашпарт. Фота: Edward Wong, scmp.com.

Ганконгскі пашпарт. Фота: Edward Wong, scmp.com.

Адрозніваюцца і палітычныя сістэмы. Калі Кітай мае аднапартыйную сістэму з дамінаваннем Камуністычнай партыі, то Ганконг мае шматпартыйную дэмакратычную сістэму заходняга ўзору. Жыхары Ганконга маюць такія грамадзянскія правы і свабоду слова, якія і не сніліся мацерыковым кітайцам.

Фота: Patrick Foto, shutterstock.com.

Фота: Patrick Foto, shutterstock.com.

Узровень жыцця ў Ганконгу і мацерыковым Кітаі таксама розны. Калі Ганконг з’яўляецца адной з найбагацейшых тэрыторый у свеце з ВУП на душу насельніцтва па парытэце купчай здольнасці 64,5 тысячы даляраў, то Кітай у некалькі разоў бяднейшы: там гэты паказчык складае ўсяго 18,2 тысячы даляраў.

Нават афіцыйная кітайская мова ў Кітаі і Ганконгу адрозніваецца. На мацерыковым Кітаі афіцыйным дыялектам з’яўляецца мандарынскі, а ў Ганконгу — кантонскі (часам гэты дыялект разглядаецца як асобная мова).

Чаму Кітай і Ганконг такія розныя?

Хаця насельніцтва Ганконга і складаецца пераважна з этнічных кітайцаў, Ганконг ад Кітая адрознівае не толькі іншы грамадска-палітычны лад, але і іншая ідэнтычнасць насельніцтва. Многія грамадзяне Ганконга адчуваюць сябе ў першую чаргу ганконгцамі, а толькі потым — кітайцамі.

Уся розніца ідзе ад ХІХ стагоддзя, часоў Опіумных войнаў. У 1842 годзе Ганконг быў захоплены Вялікабрытаніяй, якая ўвяла там уласную прававую, грашовую і адукацыйную сістэмы. Хаця жыхары гэтай брытанскай калоніі і былі этнічнымі кітайцамі, але брытанскія грамадзянскія свабоды і адносна высокі ўзровень жыцця дазволілі сфармавацца асобнай ганконгскай ідэнтычнасці.

Вялікая па плошчы (не па насельніцтве) частка Ганконга, так званыя Новыя Тэрыторыі, была арандаваная Брытаніяй у Кітая ў 1898 годзе на 99 гадоў і далучаная да Брытанскага Ганконга. У 1997 годзе тэрмін арэнды Новых Тэрыторый (без цэнтральнага Ганконга) завяршаўся, і Брытанія была абавязаная вярнуць гэтыя землі Кітаю. Тэарэтычна Вялікабрытанія магла аддаць Кітаю ў 1997 годзе толькі так званыя Новыя Тэрыторыі, пакінуўшы галоўную цэнтральную частку Ганконга сабе, але яна вырашыла гэтага не рабіць і аддаць увесь Ганконг Кітаю.

Кітай быў ужо не такой слабай дзяржавай, як у ХІХ стагоддзі. Ён значна павялічыў сваю эканамічную і вайсковую вагу, таму Брытанія не хацела псаваць свае адносіны з Кітаем і вырашыла за Ганконг не чапляцца. Да таго ж Ганконг моцна залежаў ад паставак тавараў і прадуктаў з мацерыковага Кітая, таму Ганконг проста не перажыў бы не толькі вайсковай, але нават гандлёвай блакады. Дый нельга сказаць, каб ганконгскае грамадства тады моцна чаплялася за Вялікабрытанію — ганконгскія дэмакраты моцна палюбілі Брытанію пазней, толькі пасля таго, як трохі пажылі пад кіраваннем Пекіна і пабачылі, што такое Кітай.

Перадача суверэнітэту адбылася 1 ліпеня 1997 года.

Пры чым тут 2047 год?

Ганконг стаў спецыяльным адміністрацыйным раёнам у складзе Кітая. Ён захаваў брытанскія законы і англійскую мову ў якасці афіцыйнай. Згодна з сумеснай кітайска-брытанскай дэкларацыяй і Асноўным законам Ганконга, тэрыторыі дадзена шырокая аўтаномія да 2047 года, гэта значыць на працягу 50 гадоў, у рамках курсу «Адна краіна, дзве сістэмы». Калі не будзе ніякай адтэрміноўкі, у 2047 годзе Ганконг можа страціць усю сваю самастойнасць і стаць звычайным кітайскім горадам.

Праблема ў тым, што Кітай не чакае завяршэння гэтага тэрміну, а імкнецца абмежаваць аўтаномію Ганконга ўжо зараз. Напрыклад, большая частка жыхароў Ганконга на парламенцкіх выбарах упарта галасуе за дэмакратычныя партыі і прыхільнікаў незалежнасці, але з-за таго, што палову месцаў абіраюць не грамадзяне, а залежны ад пекінскага ўрада буйны ганконгскі бізнэс, большасць у парламенце маюць пракітайскія партыі. І жыхары Ганконга супраціўляюцца гэтаму ціску. Таму сёлетнія пратэсты можна разглядаць як частку больш глабальнай праблемы 2047 года.

Многія ўдзельнікі акцый пратэсту, асабліва моладзь, баяцца за сваю будучыню, — яны з трывогай і асцярогай чакаюць 2047 года, калі вольны лад жыцця горада, са свабодай слова і сходаў, незалежнай судовай уладай, можа быць ліквідаваны.

Ва ўрадзе Ганконга аптымістычна мяркуюць, што Кітай не зменіць сваёй палітыкі «Адна краіна, дзве сістэмы» ў дачыненні да Ганконга і пасля 2047 года. Ды і ніхто не ведае, якім будзе сам Кітай праз 28 гадоў, — магчыма, ён сам дэмакратызуецца. Але пратэстоўцы ў Ганконгу настроены больш скептычна і баяцца, што Ганконг будзе цалкам інтэграваны ў камуністычны Кітай.

Ужо шмат гадоў жыхары Ганконга назіраюць, як Пекін спрабуе ўзмацніць сваю ўладу ў горадзе, таму для многіх пратэстоўцаў законапраект аб экстрадыцыі стаў проста апошняй кропляй.

Хрысціяне іграюць важную ролю ў акцыях пратэсту ў Ганконгу, накіраваных на захаванне свабод і аўтаноміі горада.

У той час як кітайскі ўрад пастаянна абвінавачваюць у рэпрэсіях супраць рэлігіі, рэлігійныя групы ў былой брытанскай калоніі квітнеюць.

Цэрквы сталі цэнтрамі апоры і падтрымкі для пратэстоўцаў. Гімн «Спявай Алілую Госпаду» стаў адным с сімвалаў гэтых пратэстаў.

Якая роля Брытаніі?

Для многіх пратэстоўцаў брытанскае кіраванне цяпер успрымаецца як залатыя часы. Былая метраполія захавала велізарны культурны, інфармацыйны і ментальны ўплыў на Ганконг. Гэта выклікае нервовую рэакцыю Пекіна, які абвінавачвае некаторых брытанскіх палітыкаў у імперыялізме і спробах умяшацца ў кітайскія справы.

Ніякіх доказаў удзелу Злучанага Каралеўства ў цяперашніх пратэстах няма, але настальгія па часах брытанскага каланіялізму сярод некаторых пратэстоўцаў відавочная — на мітынгах шмат сцягоў Брытанскага Ганконга і Вялікабрытаніі.

Фота: Dave Coulson Photography, shutterstock.com.

Фота: Dave Coulson Photography, shutterstock.com.

Падчас штурму Заканадаўчай Рады Ганконга ў пачатку ліпеня некаторыя пратэстоўцы проста зрывалі цяперашні ганконгскі сцяг і вешалі на яго месца брытанскую каланіяльную сімволіку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?