7 сакавіка. Першы намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Ўладзімер Сямашка падчас візыту ў Расею заявіў, што беларускі ўрад чакае ініцыятывы расейскага боку ў перамовах наконт утварэньня сумеснага прадпрыемства на базе «Белтрансгазу».

На паседжаньні савету міністраў «саюзнай дзяржавы» ў гэты дзень падпісанае міжурадавае пагадненьне па газе да 2020 г.

13 сакавіка. У газэце «Белорусы и рынок» за подпісам Тацяны Манёнак зьяўляецца інфармацыя, што ў 2007 г. газ для Беларусі можа ўзрасьці ў 2 разы.

30 сакавіка. На працоўнай сустрэчы зь міністрам энэргетыкі Беларусі Аляксандрам Агеевым і гендырэктарам «Белтрансгазу» Дзьмітрыем Казаковым старшыня праўленьня «Газпрому» Аляксей Мільлер заявіў, што ў 2007 г. пастаўкі расейскага газу будуць ажыцьцяўляцца па эўрапейскіх цэнах. Беларускаму боку далі час падумаць да 30 красавіка.

4 красавіка. На форуме «ТЭК Расеі ў ХХІ ст.» Аляксандар Разанаў, намесьнік старшыні праўленьня «Газпрому», заявіў, што газ для Беларусі падарожае як найменш у 3 разы. «Гэта не палітычнае рашэньне, а рэальная эканоміка», – сказаў ён. У якасьці кампэнсацыі новых цэнаў, зазначыў Разанаў, можа быць разгледжаны варыянт удзелу «Газпрому» ў газавых актывах Беларусі.

Прэс-сакратар «Газпрому» Сяргей Купрыянаў у этэры радыёстанцыі «Эхо Москвы» заявіў, што цэнавая палітыка кампаніі аднолькавая для ўсіх былых рэспублік СССР.

5 красавіка. Кіраўнік незалежнага аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка заявіў, што «нават 80 даляраў за 1000 кубамэтраў газу – ужо крытычная цана для беларускай эканомікі. У гэтым выпадку сур’ёзныя фінансавыя праблемы ўзьнікнуць як мінімум у траціны прадпрыемстваў – праблемы, звязаныя з прыбыльнасьцю, з забесьпячэньнем канкурэнтаздольнасьці прадукцыі. Хаця некаторыя эканамісты называюць крытычнай цану ў 135 даляраў».

12 красавіка. Міністар энэргетыкі А.Агееў зноў правёў перамовы з «Газпромам», аднак не прапанаваў стварыць сумеснае прадпрыемства на аснове «Белтрансгазу». Заміж гэтага расейцам прапанавалі пракладку другой ніткі газаправоуд Ямал–Эўропа, стварэньне падземнага сховішча газу, удзел у будаўніцтве Бярозаўскай ДРЭС (Берасьцейская вобласьць).

13 красавіка. Першы намесьнік Нацбанку Беларусі Юры Алымаў заявіў, што рэзкае павышэньне цаны на расейскі газ прывядзе да праблемаў з абменным курсам нацыянальнай валюты.

16 красавіка. Расейскі фонд «Грамадзкая думка» апублікаваў вынікі апытаньня: 56% грамадзянаў Расеі ўхваляюць намер «Газпрому» ўзьняць з 2007 г. цану на газ для Беларусі, 19% лічаць гэта няправільным, 25% было цяжка адказаць.

17 красавіка. БЕЛТА паведаміла, што для насельніцтва з 15 красавіка павышаецца плата за тэхабслугоўваньне кватэраў, з 1 траўня павысяцца тарыфы на электраэнэргію і газ (прыродны і звадкаваны), з 1 чэрвеня – на цеплавую энэргію для ацяпленьня і гарачай вады, з 1 ліпеня – на халодную ваду і каналізацыю, з 1 жніўня – на вываз побытавых адкідаў.

27 красавіка. Пасол Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў у інтэрвію выданьню «Время новостей», абміяркоўваючы газавыя пэртурбацыі, заявіў, што транзыт празь «Белтрансгаз» можа аказацца нулявым: «А труба бяз газу – гэта проста кавалак жалеза, закапаны ў зямлю. Толькі напаўненьне газам дае трубе жыцьцё».

28 красавіка. Прэс-сакратар «Газпрому» заявіў, што Беларусь дагэтуль не адказала на прапановы расейскай кампаніі наконт новай цаны на газ.

10 траўня. Гендырэктар «Белтрансгазу» Дз.Казакоў у інтэрвію «Інтэрфаксу» распавёў, што перамовы з «Газпромам» працягваюцца. Прэм’ер-міністар С.Сідорскі даручыў Міністэрству энэргетыкі распрацаваць і ўнесьці прапановы па ўдзеле Беларусі ў здабычы расейскага газу.

12 траўня. Расейская газэта «КоммерсантЪ» паведаміла, што напярэдадні беларускі бок падаў кіраўніцтву «Газпрому» свае прапановы. Газэта паведаміла, што ўсе яны, паводле яе інфармацыі, былі адхіленыя, бо не давалі расейскаму боку манапольнага кантролю над беларускімі газаправодамі. Газэта цьвердзіць, што вуснае распараджэньне па зьмене палітыкі ў дачыненьні да Беларусі 9 траўня даў прэзыдэнт Расеі Пуцін.

17 траўня. Першы віцэ-прэм’ер У.Сямашка заявіў журналістам, што Беларусь гатовая аддаць 50% акцыяў «Белтрансгазу» ў абмен на актывы газаздабывальных кампаніяў у структуры «Газпрому», каб Беларусь магла здабываць у Расеі штогод 10–12 млрд кубамэтраў газу.

19 траўня. Расейскі прэм’ер-міністар Міхаіл Фрадкоў на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску пасьля сустрэчы кіраўнікоў урадаў краінаў ЭўрАзЭС заявіў, што замаруджваньне ў вырашэньні пытаньня з цэнамі на газ і газатранспартнай сыстэмай не адпавядае інтарэсам Беларусі й інтэграцыйным працэсам паміж Беларусяй і Расеяй.

22 траўня. Мінэнэргетыкі Беларусі прапанавала «Газпрому» правесьці чарговы раўнд перамоваў.: Беларусь згодная павялічыць цану на газ на 11% – да 51,8 даляра за 1000 кубамэтраў, што адпавядае ўнутрарасейскім цэнам.

26 траўня. Пра пагрозу Беларусі выйсьці з складу «саюзнай дзяржавы» праведаміла выданьне «КоммерсантЪ». Пагроза, паводле зьвестак газэты, была ў канфідэнцыйным лісьце прэм’ера Сідорскага, які той накіраваў на адрас расейскага прэм’ера Фрадкова яшчэ 15 траўня.

Прэс-сакратар Сідорскага Аляксандар Цімашэнка ў той самы дзень абверг наяўнасьць такога ліста: «Вы каму болей верыце – газэце «КоммерсантЪ» ці нашаму прэзыдэнту?» У свой чарод, выданьне заявіла, што іхная крыніца інфармацыыі ў Крамлі – сам Пуцін.

30 траўня. Дзяржсакратар «саюзнай дзяржавы» Павал Барадзін, камэнтуючы новую прапанову «Газпрому» ў 200 даляраў за 1000 кубамэтраў, заявіў, што «газавае пытаньне» будзе вырашацца на ўзроўні прэзыдэнтаў.

5 чэрвеня. Газэта «КоммерсантЪ» паведаміла, што 2 чэрвеня беларускі прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі пагадзіўся на стварэньне беларуска-расейскага сумеснага прадпрыемства на базе «Белтрансгазу» ўжо ў 2006 г.: «Можна чакаць стварэньня СП ці якой-небудзь іншай структуры».

8 чэрвеня. Расейскі пасол у Беларусі Сурыкаў заявіў, што цана на газ для Беларусі канчаткова будзе сфармаваная да канца году: «Цана на газ залежыць ад цаны нафты і канчаткова дасьпее да лістапада».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0